2 траўня 2024, Чацвер, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура: міліцыя не мае правы браць адбіткі ва ўсіх запар

4

У Беларусі працягваецца расследаванне выбуху, які прагрымеў у цэнтры Менска ў ноч з 3 на 4 ліпеня. Наваполацкія журналісты атрымалі каментар прадстаўніка пракуратуры Наваполацка адносна дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, якія праводзяць павальныя праверкі грамадзян на прадмет іх магчымага дачынення да інцыдэнту.

Як нагадвае газета “Хімік”, у Наваполацкі ГАУС выклікалі выпускнікоў хімічных спецыяльнасцяў. Падчас апытання афіцэры міліцыі цікавіліся ў выкліканых людзей, дзе яны былі 3 і 4 ліпеня. Акрамя таго, у іх здымалі адбіткі ўсіх пальцаў і далоняў, бралі аналіз сліны. Прычым супрацоўнікі міліцыі называлі праверку «звычайнай руціннай працай».

Па просьбе «Хіміка» законнасць дзеянняў міліцыі пракаментаваў намеснік пракурора Наваполацка Валер Жамойта:

«У красавіку 2004 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2003 года№ 236-З «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі». У адпаведнасці з арт. 7 Закона абавязковай дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі падлягаюць: …прызнаныя недзеяздольнымі або абмежаваныя ў дзеяздольнасці па рашэнні суду; падазраваныя (абвінавачваныя) у здзяйсненні злачынства альбо асуджаныя за здзяйсненне злачынства; асобы, якія састаяць на прафілактычных уліках у органах унутраных спраў; асобы, у адносінах якіх ужытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь; а таксама асобы, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, за якія прадугледжаная адказнасць у выглядзе адміністрацыйнага арышту.

У адпаведнасці з ч.2 арт.234 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, следчы, дазнаўца мае права атрымаць узоры як адбіткаў пальцаў, почырку, сліны, крыві, так і іншыя для параўнальнага даследавання ў пацярпелага, а таксама ў сведкі З ЯГО ЗГОДЫ у выпадках, калі паўстала неабходнасць праверыць, не ці пакінутыя імі сляды на месцы здарэння або рэчыўных доказах.

Такім чынам, праваахоўныя органы НЕ МАЮЦЬ ПРАВА «пагалоўна» здымаць ва ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь адбіткі пальцаў і іншыя ўзоры, а абавязаныя дзейнічаць у адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам».

Па інфармацыі «Хіміка», беларускія праваахоўныя органы працягваюць праверкі ў сувязі з выбухам у Менску. Цяпер на «гутаркі» выклікаюцца людзі, якія прысутнічалі на свяце ў сталіцы, падчас якога прагрымеў выбух.

Затрыманні апазіцыянераў і ператрусы ў іх кватэрах адбываюцца таксама ў Менску. Ва ўсіх затрыманых здымаюць адбіткі пальцаў і бяруць аналіз сліны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках