Прэм'ер Латвіі таемна сустрэўся з Сідорскім
13- 6.08.2008, 8:42
Прэм'ер-міністр Латвіі Іварc Годманіс сустракаўся з Сяргеем Сідорскім 11 ліпеня ў будынку латвійскай памежаховы на КПП "Урбаны — Сілене".
Аб сустрэчы стала вядома 4 жніўня, калі І.Годманіс паведаміў аб ёй латвійскім журналістам.
Па ягоных словах, перамовы з беларускім прэм'ерам былі "у дзяржаўных інтэрасах Латвіі". Пры гэтым у межах агульнаеўрапейскай палітыкі службоўцы краін Еўразвяза не могуць сустракацца з беларускімі калегамі рангам вышэй намесніка міністра.
Разам з прэм'ер-міністрамі ў сустрэчы прыняў удзел латвійскі кансультант па эканамічных пытаннях Васіль Мельнік і дарадчык па пытаннях ЕЗ Ілзэ Петэрсоне, з беларускага боку прысутнічаў амбасадар Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка і генконсул Генадзь Ахрамовіч, піша БелаПАН.
Папярэдняя сустрэча прэм'ераў Латвіі і Беларусі адбылася 10 гадоў таму, указваюць латвійскія СМІ.
Прэс-служба МЗС Латвіі назвала сустрэчу прэм'ераў адмысловым выпадкам, аб якім Латвія — у пазбяганне непрыемнасцяў — паставіла ў вядомасць Брусэль. "Трэба было, не губляючы часу, як мага хутчэй сустрэцца з беларускімі калегамі", — указаў, не ўдаючыся ў падрабязнасці, дзяржсакратар латвійскага МЗС Норман Пенке.
Як паведамляе расейская "Газета", сустрэча была тайнай толькі з латвійскага боку, на ёй абмяркоўваліся эканамічныя пытанні. Выданне паказвае, што Латвію на гэтых перамовах маглі цікавіць пытанні, звязаныя з транзітам беларускіх грузаў па латвійскай чыгунцы і праз Вентспілскі порт, а таксама праекты, звязаныя з энергетыкай.
Так, Беларусь збіраецца будаваць АЭС і прадаваць частку энергіі Літве. Паміж двума краінамі ўжо складзеная дамова аб пракладцы электракабеля. Улічваючы планы трох прыбалтыйскіх рэспублік і Польшчы ўзвесці ўласную атамную электрастанцыю коштам больш за 1 млрд. даляраў замест Ігналінскай АЭС, якая зачыняецца ў Літве, гаворка магла ісці аб пошуку Літвой і Латвіяй спосабаў здабычы таннейшай энергіі ў абыход партнёраў.