28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стогадовы юбілей службы на Беларусі

100-годдзе службы ў Беларусі адзначаць у верасні манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту.

Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміў натарыўс курыі Гарадзенскай дыяцэзыі Рымска-каталіцкай царквы айцец Антоній Грэмза.

У звязі з юбілеем у Гарадзенскай Пабрыгіцкай каталіцкай царкве апоўдні 13 верасня адбудзецца ўрачыстае набажэнства. У ім прымуць удзел біскуп Гарадзенскай дыяцэзыі Аляксандар Кашкевіч, святары і манахіні з Беларусі, Польшчы, іншых краінаў, біскупы беларускіх дыяцэзыяў. З святочнай казанню да вернікаў звернецца Мітрапаліт Менска-Магілёўскай дыяцэзыі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Чакаецца, што ўдзел у юбілейных мерапрыемствах прыме і Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч.

Перад святочнай Імшой сёстры прадставяць вернікам кароткі нарыс гарадзенскай гісторыі ордэну, а пасля набажэнства ў Пабрыгіцкай царкве адбудзецца ўрачыстае адкрыццё памятнай юбілейнай дошкі. У той сама час у іншым гарадзенскім храме (у Пабернардынскай царкве) разгарнецца тэматычная выстава "Назарэт - учора і сёння".

У дадзены момант у Гародні жывуць і працуюць 27 сясцёр-назарацянак. У Беларусі манахіні гэтага ордэну нясуць службу таксама ў Менску, Лідзе, Наваградку, Івянцы, Будславе. У 2000 годзе Рымскі Папа Ян Павал II прылічыў да ліку дабраславёных Каталіцкай Царквы 11 сясцёр-назарацянак з Наваградку, якія былі расстралянымі немцамі 1 жніўня 1943 году. Культ сясцёр-пакутніц замацаваўся ў каталіцкай традыцыі, і сёння аб іхнім заступніцтве перад Богам моляцца вернікі ва ўсім свеце.

У 1908 годзе назарацянкі замянілі ў Гародні сясцёр іншага манаскага ордэну - ордэну святой Брыгіты. Жаночы брыгіцкі кляштар быў заснаваным ў Гародні ў 1634 годзе на сродкі маршалка ВКЛ Кшыштафа Весялоўскага і ягонай жонкі Аляксандры, сваячкі караля Яна III. Царква пры кляштары была пабудаванай ў 1642 годзе і асвечанай ў 1651 годзе (цяпер Пабрыгіцкая рэктаральная царква). Абодва будынка захаваліся да цяперашняга часу. На тэрыторыі кляштару знаходзіцца ўнікальны драўляны будынак – лямус, збудаваны без адзінага цвіка. Увесь комплекс з'яўляецца помнікам архітэктуры. У 1842 годзе гарадзенскі брыгіцкі кляштар у ліку іншых патрапіў пад касацыйны ўказ царскіх уладаў. Таму да 1907 году ў ім дажывалі свой век ўсяго 2 манахіні гэтага ордэну. Каб пазбегнуць зачынення кляштару і царквы, віленскі архібіскуп Эдвард Ропп запрасіў з Рыму ў Гародню сясцёр-назарацянак, і тыя прыехалі ў 1908 годзе. З гэтага часу і пачалася беларуская гісторыя Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту.

Дарэчы, за 370-гадовую гісторыю царква і кляштар не аднойчы цудам пазбягалі разбурэння. Самі сястры перажылі ў Гародні рэвалюцыю, войны, рэлігійныя пераследы, вымушанае падполле.

У 1950 годзе царква і кляштар былі зачыненымі. Памяшканне храму выкарыстоўвалася ў савецкія часы як склад, яго вярнулі вернікам толькі ў канцы 1980-х гадоў. У кляштары да нядаўняга часу размяшчалася лякарня для псіхічна хворых.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках