12 траўня 2024, Нядзеля, 22:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кандыдаты-дэмакраты абскардзілі вынікі «выбараў»

3

Былыя кандыдаты ў дэпутаты ад АГП, ПКБ, БНФ абскардзілі абвешчаныя вынікі галасаваньня па сваіх акругах. Яны дамагаюцца паўторнага падліку галасоў ці паўторных выбараў. Усяго ў Цэнтрвыбаркам паступіла 35 скаргаў па выніках "выбараў".

Былы кандыдат у дэпутаты па менскай Старавіленскай акрузе Анатоль Лябедзька ў сваёй заяве піша пра фальсыфікацыю выніковых лічбаў прынамсі на шэрагу ўчасткаў. Апрача выбаркамаў, ён падае заяву і ў пракуратуру:

“Калі ўзяць, напрыклад, участак 453, там 1920 выбарцаў. Там назіраньне было ўвесь час. 140 чалавек зафіксавалі на датэрміновым, а 28-га прыйшоў 671 чалавек. У суме 811 чалавек прыйшло і кінула ў скрынку бюлетэнь. Увесь час там знаходзіліся назіральнікі, кожнага лічылі. А камісія выдае 1216. Розьніца — 405 галасоў. Яны проста з паветра ўзяліся і запісаныя на паперы”, -- паведаміў Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

А. Лябедзька патрабуе пракурорскай праверкі і пераліку галасоў. Іншы апазыцыйны кандыдат, лідэр ПКБ Сяргей Калякін падаў аналягічныя скаргі на парушэньні і фальшаваньне вынікаў выбараў. Да скаргаў кандыдаты прыклалі акты парушэньняў, падпісаныя назіральнікамі:

“Я і большасьць маіх партыйцаў, якія балятаваліся, таксама абскардзілі вынікі выбараў на адрас акруговай камісіі, ЦВК і Менгарвыканкаму, бо яны ўсе — тыя, хто арганізоўваў выбары. Так Выбарчы кодэкс трактуе”.

Кандыдат па Бярозаўскай выбарчай акрузе сябра БНФ Юрась Губарэвіч таксама абскардзіў выніковы пратакол парлямэнцкіх выбараў.

У скарзе, якую ён накіраваў у адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам цягам сутак, спадар Губарэвіч патрабуе прызнаць вынікі галасаваньня несапраўднымі і прызначыць новыя выбары. У скарзе пералічаныя факты ўціску сябраў ягонай ініцыятыўнай групы, адмову мясцовых уладаў уключыць прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі, парушэньні пад час датэрміновага галасаваньня і ў асноўны дзень “выбараў”. Апрача таго ён зьбіраецца інфармаваць насельніцтва пра парушэньні ў часе кампаніі.

“Лічу, што за час гэтай кампаніі я здолеў заваяваць прыхільнасьць значнай колькасьці людзей. Чакаць, калі сытуацыя зьменіцца сама па сабе – не самы лепшы выбар для палітыкаў, мы павінны працаваць з насельніцтвам, і ўдзел у выбарах – гэта адна з формаў такой працы. Трэба памятаць, што калі сытуацыя рана ці позна зьменіцца, і мы мусім дабівацца прыхільнасьці людзей”, - заявіў “Радыё Свабода” Губарэвіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках