2 чэрвеня 2024, Нядзеля, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэгіёнах у прадпрымальнікаў канфіскуюць імпартныя тавары

28

У беларускіх гарадах на гандлёвых рынках пачаліся масавыя праверкі імпартных тавараў.

Прадпрымальнікі скардзяцца, што кантралёры часта кафіскуюць тавар — кандытарскія вырабы, каву, спецыі, а таксама складаную бытавую тэхніку. У Дзяржкантролі пацвярджаюць, што толькі ў верасні продаж такіх тавараў быў забаронены на суму 102 мільёны рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

Напрыклад, прадпрымальніцу Жану Бохан з Воршы аштрафавалі на 160 мільёнаў рублёў. Такі буйны штраф на гэтым рынку ўпершыню. Жанчыну не толькі аштрафавалі, а яшчэ і канфіскавалі тавар амаль на мільён рублёў — каву ды гарбату. Гэтыя тавары транспартуюцца з Расеі — або прыватным чынам, або праз беларускіх пастаўшчыкоў. Прадпрымальніцу аштрафавалі за тое, што ў яе не было пасведчання аб гігіенічнай рэгістрацыі, аформленага на яе імя.

«У нас ёсць гігіенічнае пасведчанне на тавар, але там заяўнік — завод-вытворца. – распавядае Жана Бохан. -- Колькі было праверак за апошні час — ніхто на гэтым не акцэнтаваў ўвагі. Атрымалася, што на кожную партыю тавара я сама мусіла рабіць асобнае пасведчанне. У Віцебскай абласной санстанцыі, куды мы звярнуліся, здзівіліся: гэта вельмі нявыгадна. Мала таго, што адпаведны аналіз каштуе дорага, дык яшчэ трэба 2 кілаграмы сыравіны. А калі я вязу 10 пачакаў кавы, то гэта ўсяго адзін кілаграм. Я ж так і вязу: 10 пачакаў аднаго, 10 — іншага».

Жанна Бохан даведалася, што санстанцыі трэба заплаціць больш за 200 тысяч за кожны аналіз. Такім чынам, кажа яна, гэта можа дазволіць сабе толькі той, хто возіць тавары фурамі. Да прыкладу, пастаўшчык гіпермаркету, якія цяпер будуюцца ў вялікіх гарадах. У Воршы такой крамы няма. Па каву ды гарбату аршанцы ідуць на кірмаш.

У жыхаркі Віцебска спадарыні Алы, якая гандлюе на Смаленскім рынку тымі самымі кавай ды гарбатай, падобныя праблемы.

«Я адна гадую дзіця, і таму не ад добрага жыцця пайшла гандляваць на кірмаш.—кажа жанчына. -- Прывязеш-прадасі, на гэтыя грошы зноў купіш… І вось праз адну маленькую паперку, пасведчанне якое не на маё імя было аформлена, у мяне канфіскавалі тавар на 4 мільёны рублёў. І яшчэ палічылі з моманту ўказу, з 2008 года, усю выручку як мой прыбытак, ды далі штраф — 274 мільёны рублёў».

Далі яго, лічыць жыхарка Віцебска, дзеля справаздачы перад уладамі. Бо больш нікога на Смаленскім рынку так не правяралі. На Полацкім кірмашы гэтаксама паказальна аштрафавалі пенсіянэра Аляксандра Смаляка: яго штраф самы вялікі ў Віцебску — 397 мільёнаў рублёў, амаль 100 тысяч даляраў.

Начальнік упраўлення Дзяржкантролю Уладзімір Каленнік прагаварыўся журналістам, што парушэнні, за якія штрафуюць цяпер у Віцебску, справакавалі самі чыноўнікі.

«Галоўная праблема ў тым, што раней практычна на ўсе імпартаваныя з Расеі тавары наглядныя органы Дзяржстандарту і Міністэрства аховы здароўя выдавалі сертыфікаты адпаведнасці і пасведчанні аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі», -- заявіў Уладзімір Каленнік.

Старшыня Дзяржстандарту Валер Карашкоў абвесціў пра надзвычайныя меры: «Мы зараз прынялі рашэнне, што нават у выпадку парушэння маркіроўкі, прымаецца рашэнне аб пазбаўленні сертыфіката на ўсю прадукцыю і пераходу на кантроль кожнай партыі».

Зараз кантрольныя органы патрабуюць зноў адрыўных талонаў, касавых тэрміналаў і сертыфікатаў, на якія пазабыліся.

Сертыфікацыю ўлады тлумачаць абаронай інтарэсаў айчыннага спажыўца. Старшыня магілёўскага абласнога аб’яднання прадпрымальнікаў Таццяна Казлоўская лічыць, што сам спажывец у стане абараніць свае інтарэсы набыццём патрэбнага для яго тавару.

«Інтарэсы дзяржавы у тым, каб тавар прадаваўся наш, беларускі, -- заяўляе Казлоўская. -- Аднак, калі тавар беларускі не зусім адпавядае якасці, то выцясняць імпартны тавар з абароту — гэта ў адносінах да нашых грамадзян будзе негуманна».

Гомельскія ўлады прапанавалі мясцовым прадпрымальнікам заняцца рэалізацыяй касцюмаў фабрыкі «Камінтэрн», цукерак і печыва фабрыкі «Спартак», шэрагу іншых тавараў. На рынках з гэтай нагоды праведзены нават сходы. Лейтматывам іх стаў заклік: «Прадавайце беларускае!»

«Ні ў якім разе не буду браць беларускі тавар, -- кажа адзін з прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку Гомеля. -- У свой час, калі мы хацелі яго браць, нас каралі за гэта. Па сутнасці, адбіраючы тавар, і усё такое. Калі прадпрымальнікі возьмуць беларускі тавар, заўтра ж увядуць нейкія новыя падаткі, пазбавяць ільготаў. Усё гэта балбатня. Калі ўжо возьмуць за горла, то, хутчэй за ўсё, буду спыняць прадпрымальніцкую дзейнасць, каб захаваць грошы. Няхай Лукашэнка бярэ гэты тавар сабе і свайму Колю».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках