29 красавiка 2024, панядзелак, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка стаў на бок падазраваных у забойствах у Літве

29
Лукашэнка стаў на бок падазраваных у забойствах у Літве

Пад такім загалоўкам сёння выйшла літоўская прэса. Беларусь адмаўляецца выдаць Літве людзей, падазраваных у арганізацыі і ўдзеле ў падзеях 13 студзеня 1991 года, піша газета «Lietuvos zinios».

Падчас візіту ў Літву Аляксандр Лукашэнка сказаў журналістам, што не атрымаў ніякіх доказаў віны падазраваных. Аднак у справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года ёсць дакументы, якія пацвярджаюць той факт, што Генпракуратура Літвы падала Беларусі ўсе неабходныя матэрыялы і просьбу аб выдачы падазраваных яшчэ ў 1992 годзе. Тады была дасягнутая дамоўленасць аб супрацоўніцтве. Літва атрымала Міколаса Буракявічуса і Юозаса Ярмалавічуса, але на гэтым, здаецца, супрацоўніцтва і скончылася, цытуе ru.DELFI.lt артыкул з «Lietuvos zinios».

З таго часу, піша выданне, у Беларусь была высланая безліч дакументаў – і просьбы аб выдачы падазраваных, і просьбы аб апытанні сведак, і просьбы ўручыць позвы. На іх давалі адмоўны адказ ці наогул не адказвалі.

Падчас візіту ў Літву Лукашэнка заявіў, што літоўскі бок павінен падаць матэрыялы, тады ў Беларусі будзе абмеркаванае гэтае пытанне. «Пасля візіту мы выслалі яшчэ адно прашэнне, але адказу не атрымалі. Напэўна, прыйдзецца нагадаць», – пракаментаваў у інтэрв'ю «Lietuvos zinios» пракурор Генеральнай пракуратуры Раландас Ціліндзіс.

Пракурор Альгімантас Клюнка сказаў журналістам, што расследаванне справы 13 студзеня скончанае, аднак ён не хаваў, што Літве, хутчэй за ўсё, не ўдасца атрымаць падазраваных.

Беларускія чыноўнікі даслалі апавяшчэнне пра тое, што не могуць выдаць людзей, якіх пераследуюць па палітычных матывах, адмаўляюцца і апытаць сведак, каб яны не сталіся падазраванымі.

Інтэрпол таксама адмовіўся працягнуць пошук падазраваных, матываваўшы гэта тым, што гэта палітычная справа. Сапраўды шматлікіх удзельнікаў тых падзеяў абвінавачваюць у тым, што яны спрабавалі захапіць уладу. Беларусь на гэта адказвае, што тады дзейнічалі законы СССР, таму гэтыя людзі выконвалі закон, а зараз іх пераследуюць. Аднак, піша «Lietuvos zinios», вялікую частку падазраваных абвінавачваюць і ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў – у забойствах.

«Іх падазраюць у забойствах і нанясенні калецтваў людзям. Якая тут палітыка. Бо стралялі ў мірных, бяззбройных жыхароў, душылі іх танкамі», – абураўся пракурор Кястуціс Бецінгіс.

Пракуроры адзначаюць, што падазраваных не выпускаюць у краіны Еўрапейскага Звяза.

«Аднак нам было б толькі лепш, калі б яны маглі выехаць з Беларусі і Расеі ў якую-небудзь краіну ЕЗ. З'явілася б надзея на тое, што іх выдадуць Літве», – адзначыў пракурор Клюнка.

Літоўскія СМІ паведамляюць пра 10 падазраваных у здзяйсненні злачынстваў падчас падзеяў у студзені 1991 года ў Вільні, якія ў розны час хаваліся ці хаваюцца зараз на тэрыторыі Беларусі. Адным з такіх падазраваных з'яўляецца былы намеснік міністра абароны Беларусі генерал Уладзімір Усхопчык. Яго ўжо шмат гадоў адшуквае літоўская пракуратура па абвінавачванні ў датычнасці да забойства людзей. У студзені 1991 года генерал камандаваў Віленскім гарнізонам, менавіта яго падначаленыя стралялі ў барацьбітоў за незалежнасць Літвы.

Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ў беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага ўладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 года ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта Уладзіміра Усхопчыка ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

Шматтысячны мітынг каля сценаў парламента пасля захопу савецкімі войскамі Віленскага тэлецэнтра 14 студзеня 1991 года. Падчас аперацыі ў ноч з 13 на 14 студзеня 1991 года загінулі трынаццаць мірных жыхароў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках