10 чэрвеня 2026, Серада, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Тарас: «Праз год-два нечакана пачнуцца змены»

26

Вядомы гісторык лічыць, што хуткім часам у жыцці беларусаў усё рэзка зменіцца - «будзе цяжка, але – цікава».

Пра сваю выдавецкую дзейнасць і погляды на грамадзянскую супольнасць Анатоль Тарас распавёў у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

- Вы ў маладосці былі майстрам рукапашнага бою…

- Ніколі не называў сябе майстрам – тое да занадта многага абавязвае. Проста – інструктар. Што да чорнага пояса, то ён – усяго толькі сведчанне кваліфікацыі.

- Каго ці чаго баіцеся цяпер?

- І тады, і зараз толькі аднаго – зброі. Бо ад кулі не схаваешся… А што да чалавека, калі нехта захоча нешта зрабіць са мной, то яму дрэнна будзе…

- Якія ўрокі дала вам служба ў славутым ГРУ?

- Калі я там некалькі гадоў выконваў абавязкі аналітыка, то навучыўся працаваць з інфармацыяй. Дзякуючы тым метадам цяпер і выдаю адну кнігу за другой.

- Ці праўда, што няма былых чэкістаў?

- Галоўная вайсковая выведка – гэта не Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Яны – чэкісты – заўжды былі нашымі ворагамі і канкурэнтамі. Не, чэкістам сябе ніколі не лічыў. Наадварот: за час службы з чалавека, які ставіўся да ўлады станоўча, зрабіўся перакананым антысаветчыкам і антыкамуністам.

- Сённяшняя беларуская выведка выглядае дастойна?

- Па праўдзе, дрэнна ведаю, чым яны займаюцца. Але з фрагментарных назіранняў маю падставу лічыць, што ў некаторых пытаннях – напрыклад, барацьбе з наркатрафікам, добра працуюць. А вось кантроль за палітычнай дзейнасцю, намаганні змагацца з апазіцыяй – тое ўжо робіцца вельмі непрафесійна. Занадта шмат глупства.

- Неяк вы сказалі, што «надвор’е ў краіне» можа стварыць пасіянарная частка насельніцтва, калі яна складзе да 6 адсоткаў насельніцтва – груба кажучы, паўмільёна актыўных беларусаў. Можаце прадоўжыць гэтую тэму? Маю на ўвазе, колькі цяпер грамадзянаў у краіне, якая наогул беларуская грамадзянская дынаміка…

- Пакуль мы працягваем жыць у дрыгве. Але ж праз два-тры гады пачнуцца змены. Прычым раптоўна, як для ўлады, так і для грамадства – для ўсіх. Бо гэтыя працэсы больш моцныя за жаданні, думкі, памкненні кожнага з нас паасобку. Яны вышэй за асобу. Я мяркую, яшчэ гады два – і ўсё пачнецца. Будзе цяжка, але – цікава.

- Якім сваім выдавецкім праектам ганарыцеся найбольш?

- Апошнім – «Невядомая гісторыя». У ім ужо выдадзена сем кніг, і ўсе мне падабаюцца. Дзве напісаў сам, яшчэ адну склаў, астатнія рабілі іншыя асобы. Зараз рыхтую да друку яшчэ тры кнігі.

- Назіраючы з боку, яны надзвычай папулярныя. Ну а вам, выдаўцу, што з гэтай папулярнасці?

- Нічога. Хоць некаторыя крычаць, нібыта мне за тыя выданні плацяць заходнія спецслужбы, насамрэч атрымліваю вельмі сціплыя рэдактарскія ганарары. Але чытачы ў асноўным добра адгукаюцца, часта запрашаюць на сустрэчы, вось і ўчора добра пагаварылі са студэнтамі… І не толькі пра гісторыю – пра будучыню таксама.

- А ці адчуваеце вы да сябе ўвагу з боку прафесійных гісторыкаў?

- Не.

- Чаму?

- Ну чаму-чаму… Таму што гісторыкі – людзі вельмі асцярожныя…

- Скажыце шчыра: зайздросцяць вам?

- Некаторыя – так. Бо: з’явіўся нейкі Тарас, штогод выдае па некалькі кніжак, і ўсе на слыху. Такое не даруюць!

- У вашых кнігах шмат крытыкі як на адрас Расеі, так і Польшчы. Рэакцыю адтуль адчуваеце на сваю «антырасейскасць» і «антыпольскасць»?

- Ну, антыпольскасці ў мяне аніякай… Я да палякаў стаўлюся станоўча, толькі крытычна. Напрыклад, калі браць 1920-1930-я, то іх нацыянальная палітыка была зусім дрэннай. Зразумела, такія ацэнкі ў Польшчы не падабаюцца. Іншая рэч – расейцы. Ад іх начытаўся, наслухаўся і абраз, і пагроз. Хлусні шмат…

- Хоць вы абапіраецеся на даследаванні акурат вядомых расейскіх гісторыкаў?

- А што з таго? У іх браў толькі факты, а высновы, інтэрпрэтацыя – мая!

- Што вы адказваеце тым, хто лічыць вас выдаўцом «шавіністычнай літаратуры»?

- Ёсць і такія? Гм… Маюць права… Толькі мне ад іх ацэнак ні холадна, ні горача: шмат на свеце глупства!

Анатолю Тарасу 65 гадоў. Ён нарадзіўся на Гомельшчыне, у сям’і кадравага афіцэра савецкай вайсковай выведкі. Служыў у ГРУ. У 1972-м скончыў філасофскае аддзяленне БДУ. У 1979 — Акадэмію пэдагагічных навук у Маскве. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную злачыннасці падлеткаў і моладзі. Апошнія 18 гадоў займаецца выдавецкай дзейнасцю. Заснавальнік серыі «Невядомая гісторыя».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках