Гомельскія ўлады забаранілі апазіцыянерам адзначаць «Дзяды»
3- 3.11.2009, 10:48
Актывісты гомельскага аддзялення «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» упэўненыя, што да зрыву канцэрту, прысвечанага «Дзядам», датычныя мясцовыя ўлады.
Запланаваны на 2 лістапада канцэрт з нагоды Дня памяці продкаў «Дзяды», які планавала правесці гомельскае аддзяленне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», не адбыўся. Як паведаміў БелаПАН сябра рады аддзялення ТБМ Яўген Якавенка, у апошні момант было адмоўлена ў даванні памяшкання для правядзення мерапрыемства.
Першапачаткова канцэрт павінен быў адбыцца ў Гомельскім абласным доме творчасці, але 27 кастрычніка яго адміністрацыя паведаміла, што не можа даць залу з-за паломкі абсталявання.
«Мы прапанавалі правесці мерапрыемства ў акустычным варыянце ці выкарыстаць нашую апаратуру, але нам адказалі адмовай. Тады мы знайшлі іншае памяшканне — у гарадской бібліятэцы імя Герцэна. Спачатку кіраўніцтва без праблемаў пагадзілася нас прытуліць. Але за дзве з паловай гадзіны да пачатку канцэрту з бібліятэкі патэлефанавалі і сказалі, што падобныя мерапрыемствы тут праводзіць забаронена, паколькі ў новы будынак бібліятэка зусім нядаўна пераехала і ён яшчэ да канца не здадзены ў эксплуатацыю», — адзначыў Якавенка.
Паводле яго словаў, канцэрт рыхтаваўся вельмі доўга, удзельнічаць у ім павінны былі аўтары-выканаўцы, рыцарскія клубы. На мерапрыемства былі запрошаныя студэнты і выкладчыкі вну.
«Я упэўнены, што нам адмовілі не проста так, гэта рабілася пад ціскам уладаў. Можа быць, іх спалохала слова «Дзяды». Мерапрыемства планавалася як выключна культурніцкае, інакш і быць не можа, таму што ТБМ непалітычная арганізацыя. Хацелася ўсё зрабіць цывілізавана, але ўлады прымушаюць сыходзіць у падполле», — сказаў Якавенка.