19 траўня 2024, Нядзеля, 8:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памяць герояў Слуцкага збройнага чыну ўшанавалі беларусы ЗША (Фота)

7

На беларускіх могілках ў Іст-Брансвіке, штат Нью-Джэрсі, ля помніка загінулым змагарам за вольную Беларусь прайшла паніхіда.

Паніхіда ў памяць змагароў за незалежнасць Беларусі прайшла 28 лістапада. Пасля яе ў беларускай царкве ў Гайленд Парку адбыліся мерапрыемствы ў гонар Слуцкага збройнага чыну.

Да помніка героям Слуцкага збройнага чыну быў ускладзены вянок і жывыя кветкі. Тыя, хто прыйшлі ўзгадаць беларускіх патрыётаў і ўшанаваць іх памяць, прынеслі бел-чырвона-белыя сцягі, з якімі за стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1920-м годзе змагаліся супраць чырвонай арміі беларускія патрыёты.

Паніхіду правялі біскуп Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Уладыка Святаслаў і протаярэй а. Зінові.

У гэты ж дзень крыху пазней у грамадскай зале царквы Святой Іконы Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд Парку працягнуліся мерапрыемствы ў гонар Слуцкага збройнага чыну.

Беларускі Музей у Нью-Ёрку адкрыў выставу «Мастацтва супраць дыктатуры». Быў зачытаны зварот ад старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы. Пра беларускіх змагароў розных часоў распавялі кіраўнік Нью-Джерсійскага аддзяленні Беларускага Амерыканскага Задзіночання Юры Азарка і беларускі мастак Алесь Шатэрнік.

Фільм «Слуцкі збройны чын» з цыклу «Невядомая Беларусь», створаны тэлекампаніяй «Белсат», працягнуў акрываць невядомыя да гэтага старонкі беларускай гісторыі часоў змагання з саветамі. У савецкія часы падзеі Слуцкага збройнага чыну не вывучаліся ў школе, пра іх не распавядалі падручнікі гісторыі, не пісалі газеты. Абыходзяць бокам тыя падзеі ў беларускіх школах і сёння, не абмяркоўваюць гэтую тэму дзяржаўныя СМІ.

Шматлікія героі тых падзеяў былі асуджаныя савецкай уладай, высланыя ў Сібір і ўжо ніколі не вярнуліся на Радзіму. Цяперашнія ўлады і суды Беларусі адмаўляюцца рэабілітаваць людзей, якія былі прызнаныя ў тыя часы ворагамі народа за тое, што абаранялі сваю краіну.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Слуцкаму збройнаму чыну, былі арганізаваныя Нью-Джерсійскім аддзяленнем Беларускага Амерыканскага Задзіночання.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках