15 траўня 2024, Серада, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грошы Захада пойдуць на адзіную з Расеяй сістэму СПА (Відэа)

29
Грошы Захада пойдуць на адзіную з Расеяй сістэму СПА (Відэа)

Дамова аб сумеснай ахове знешніх меж «саюзнай дзяржавы» і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі падпісаная ў Маскве.

Аляксандрам Лукашэнкай і Дзмітрыем Мядведзевым таксама дадзена даручэнне ў межах Вышэйшага Дзяржсавета распрацаваць і прадставіць на іхны разгляд пратакол дамовы аб сумеснай ахове знешніх меж «саюзнай дзяржавы» і Адзінай сістэмы СПА Беларусі і Расеі.

Расея і Беларусь таксама падпісалі пастанову «Аб мерах па пераадоленні ўплыву сусветнага фінансавага эканамічнага крызісу на эканомікі дзвюх краін». Акрамя таго, падчас паседжання Вышэйшага Дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» падпісаная пастанова аб Праграме ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2009 год.

Акрамя таго, бакі па выніках паседжання ВДС падпісалі пратакол аб абмене ратыфікацыйнымі граматамі аб завяршэнні ўнутрыдзяржаўных працэдур у адносінах дамовы паміж Беларуссю і Расеяй аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян дзвюх дзяржаў на свабоду руху, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў-удзельнікаў «саюзнай дзяржавы».

Таксама стала вядома, што Расея гатовая разгледзець пытанне аб прадастаўленні дадатковага крэдыту Беларусі ў некалькі дзясяткаў мільярдаў рублёў, паведаміў памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька. Ён адзначыў, што «сума крэдыту ў рублях не вызначаная, але гаворка ідзе аб некалькіх дзясятках мільярдаў рублёў».

Паведамлялася таксама, што падчас паседжанняў ВДС абмяркоўвалася магчымасць надання расейскаму рублю функцыі рэзервнай рэгіянальнай валюты.

Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў таксама падтрымаў намер Беларусі будаваць атамную электрастанцыю і магчымы ўдзел Расеі ў гэтым праекце.

Пракаментаваць падпісанне Лукашэнкай і Мядведзевым дамовы аб адзінай сістэме СПА прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў былога намесніка міністра замежных спраў Беларусі, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава.

«Можна казаць аб тым, што Лукашэнка працягвае дэманстраваць антыеўрапейскую пазіцыю, бо ў канчатковым выніку сумесная з Расеяй сістэма СПА яшчэ больш аддаляе Беларусь ад Еўропы, дазваляе Расеі выкарыстоўваць узброеныя сілы Беларусі ў сваіх вайсковых планах, якія маюць на ўвазе супрацьстаянне Захаду. Лукашэнка ў чарговы раз пацвердзіў, што ўсё ягоныя словы аб паляпшэнні адносінаў з Еўропай не маюць пад сабой рэальнай глебы, што ён зацікаўлены ў захаванні свайго рэжыму і гатовы для гэтага ўцягваць краіну ў небяспечныя сцэнары. Ізноў беларускі народ стаўся закладнікам недальнабачных рашэнняў невялікай групы людзей, якая знаходзіцца сёння ля ўлады ў Беларусі. Зразумела, што адзінай сістэмай СПА будуць кіраваць не з Менска, а з Крамля, што наносіць чарговы ўдар па незалежнасці Беларусі», -- лічыць Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках