18 траўня 2024, Субота, 22:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белпошта» адмаўляе ў распаўсюдзе незалежнаму выданьню «Барысаўскія навіны»

2

Дырэктарка дзяржаўнага манапаліста ў сфэры падпіскі на друкаваныя пэрыядычныя выданьні Аляксандра Чарняк лічыць, што ейнае права выбіраць, з кім супрацоўнічаць, абаронена Канстытуцыяй.

Барысаўскія сябры руху «За Свабоду» Алег Мацкевіч і Сяргей Салаш атрымалі адмову дырэктара РУП «Белпошта» супрацоўнічаць з незалежнай газэтай «Барысаўскія навіны». Цалкам аналягічная адмова, слова ў слова, была атрыманая некалькі дзён таму і іншым актывістам руху «За Свабоду» Алесем Зарамбюком з Мастоў, аднак яна датычыла іншых пэрыядычных выданьняў – газэты «Новы час» і «Газэты Слонімскай», нагадвае старонка barysau.belarda.org.

«Уключэньне «Народнай волі» і «Нашай Нівы» ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюду – гэта толькі дзясятая частка кроку ў накірунку разьняволеньня дзеянасьці СМІ ў Беларусі. Аднак без аднаўленьня правоў іншых выданьняў, у тым ліку ўсіх рэгіянальных, а таксама прадастаўленьня магчымасьці вярнуцца да жыцьця выданьням раней забароненым, такім як, напрыклад, «Кур'ер з Барысава», казаць пра лібэралізацыю грамадзка-палітычнага жыцьця абсалютна заўчасна», – лічыць Сяргей Салаш.

Паколькі ў адказе дырэктаркі «Белпошты» таксама паведамляецца, што арганізацыя мае права ў сваёй камэрцыйнай дзейнасьці кіравацца эканамічнай мэтазгоднасьцю, то ў сваім наступным лісьце на імя Аляксандры Чарняк дэмакратычныя актывісты паспрабуюць, між іншым, дамагчыся пералічэньня «пераканаўчых доказаў таго, што дзелавое супрацоўніцтва РУП «Белпошта» з газэтай «Барысаўскія навіны» было стратным і эканамічна немэтазгодным».

У сувязі з гэтым заяўнікі запатрабавалі прадаставіць дакладную інфармацыю, якая б недвухсэнсоўна сьведчыла аб тым, што супрацоўніцтва з газэтай «Барысаўскія навіны» для РУП «Белпошта» эканамічна стратнае».

«РУП «Белпошта» зьяўляецца дзяржаўным манапалістам у сферы падпіскі і распаўсюду па падпісцы друкаваных пэрыядычных выданьняў. Таму спасылкі Аляксандры Чарняк на арт. 58 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і п. 1 арт. 391 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца неабгрунтаванымі», - падкрэсьліваецца ў заяве.

«Як дзяржаўная ўстанова РУП «Белпошта» нявольная ў выбары выконваць альбо не выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі. Бо дзяржаўнае прадпрыемства перадусім павінна дзейнічаць такім чынам, каб забясьпечыць выкананьне права грамадзянаў на свабоднае і бесперашкоднае атрыманьне інфармацыі», - пішуць заяўнікі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках