18 траўня 2024, Субота, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: Супрацоўніцтва Лукашэнкі з цывілізаваным светам немагчымае

26

Былы палітвязень і экс-кандыдат прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін пракаментаваў апошнія падзеі, звязаныя з перспектывамі ўзаемаадносінаў афіцыйнага Менска і Еўразвяза.

- Аляксандр Уладзіслававіч, Чэхія, якая цяпер старшынюе ў ЕЗ, заўсёды займала цвёрдую пазіцыю ў пытанні захавання правоў чалавека ў нашай краіне. Якая пазіцыя чэшскага ўрада зараз? Ці сапраўды ён разглядае магчымасць запрашэння беларускага кіраўніка на саміт ЕЗ у Празе?

- Падчас маёй сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Чэхіі Аляксандрам Вондрай не было поўнай упэўненасці ў прадастаўленні шанцу Лукашэнку паўдзельнічаць у падобнай сустрэчы на вышэйшым узроўні. Гэтыя сумневы тлумачацца некалькімі прычынамі.

Па-першае, у чэхаў няма поўнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў Беларусі.

Па-другое, яны атрымліваюць сігналы не толькі ад афіцыйнага Менска, але і ад некаторых паважаных у Еўропе беларускіх апазіцыянераў. Ёсць пэўная пазіцыя Мілінкевіча. Пры ўсёй маёй павазе да яго, узнікае пытанне, ці можа ён, карыстаючыся крэдытам даверу, аказаным яму дэмакратычнымі сіламі на прэзідэнцкіх выбарах, падтрымліваць сумнеўную ідэю легітымізацыі дыктатарскага рэжыму. Пацешна, што менавіта дэмакрат Мілінкевіч, а не лорд Бэл і не міністр Мартынаў, з'яўляецца самым паспяховым лабістам беларускага дыктатара ў еўраструктурах.

Напрошваецца пытанне, а як жа «за свабоду?» Можа быць, мы хочам даць вялікую свабоду рэжыму для ўзмацнення жорсткасці рэпрэсій? Бо ў нас ужо з'явіліся новыя палітвязні, даведзеныя да самагубства праваабаронцы. Ці нам абыякавыя іхнія лёсы? У межах «дыялогу» з Еўропай ізноў з'явілася жорсткая рыторыка ў адносінах апазіцыі як ворагаў народа.

Па-трэцяе, сусветны фінансавы крызіс паўплываў на новых сябраў ЕЗ больш жорстка, чым на лакаматыў Еўропы - Германію. Таму воляй-няволяй знешняя палітыка Польшчы, Чэхіі, краін Балтыі вымушаная прыслухоўвацца да Берліна. Адбіваецца эканамічная залежнасць і чаканне фінансавай дапамогі з боку «старой Еўропы» А нямецкая дыпламатыя досыць паслядоўна пракладае шлях беларускім чыноўнікам у еўрапейскія салоны.

Тым не менш, не ўсё так адназначна. Маральная пазіцыя мае падтрымку ў Еўропе, і, вядома жа, у самой Чэхіі.

- Вы згадалі Польшчу. Польскі ўрад, здавалася бы, лепш за іншых павінен разумець беларускую сітуацыю. Чаму менавіта дыпламатыя нашага заходняга суседа пайшла на сепаратны «дыялог» з рэжымам?

- Пытанне шматпланавае. Варта, мусіць, узгадаць інтэрасы польскіх справавых колаў у Беларусі. У якасці прыкладу - блізкага да цяперашняй кіруючай кааліцыі мільярдэра Кульчыка, які рэалізуе праект будаўніцтва на Брэстчыне цеплавых электрастанцый на нізкаякасным польскім вугле. Праект экалагічна, мякка кажучы, сумнеўны. Затое гарантуе збыт для польскай сыравіны і, адпаведна, занятасць для шахцёраў. Гэта - рэалпалітык па Бісмарку чыстай вады.

Чарговы аргумент палякаў - праблема польскай меншасці ў нашай краіне. Шматлікія палітыкі па той бок Буга ўпэўненыя, што прахалодныя міждзяржаўныя адносіны адбіваюцца на маштабе рэпрэсій супраць польскай дыяспары. Ніхто, аднак, не прымае ў разлік, што ў цяперашняга беларускага кіраўніка глыбокая непрыязнасць да любых сегментаў грамадзянскай супольнасці, якія ён не кантралюе. А палітыка бясконцых саступак з боку Варшавы ўспрымаецца ім як элементарная слабасць.

Мне здаецца, што сёння з боку ЕЗ рэалізуецца палітыка «выгоды для сябе», а не жаданне вырашаць сур'ёзныя праблемы беларускага грамадства.

- Падчас паездкі па Віцебскай вобласці 17 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў недапушчальна грубай форме ацаніў вынікі Вашага візіту ў Страсбург. Страціўшы кантроль, беларускі кіраўнік прыстрашыў зноў засадзіць Вас «у каталажку». Інтэрв'ю цалкам паказаў дзяржаўны тэлеканал СТВ, але пасля гэтая рэпліка была выразаная з усіх афіцыйных стэнаграм. Як Вы лічыце, што стала прычынай нервовага зрыву кіраўніка дзяржавы, якіа дпачыў на курорце?

- Аляксандр Рыгоравіч быў недапушчальна шчыры як палітык і дазволіў сабе пабыць самім сабой як чалавек. Менавіта гэтай бескантрольнай шчырасці спалохаўся ягоны абслуговы персанал і адрэдагаваў стэнаграму.

Што датычыцца прычын - гэта была добрая паказальная лекцыя для еўрадыпламатыі. Ён выразна прадэманстраваў няўменне валодаць сабой і сітуацыяй, якая выходзіць з-пад ягонага кантролю. Адныя эмоцыі - і ніякіх аргументаў.

Лукашэнка выразна паказаў на сваіх новых ворагаў у асобе Вялікабрытаніі і Нідэрландаў, прадэманстраваў «праўдзівую волю» да дыялогу з апанентамі. Гэты чалавек быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што еўрапейскія палітыкі цалкам перайшлі на «прагматычныя рэйкі» і развязалі яму рукі. Сітуацыя, тым не менш, далёка не так адназначная. Гэта і выклікала ў яго эмацыйную істэрыку.

Вяртаючыся да пагроз у мой адрас - у мяне яны выклікалі ўсмешку і шкадаванне. За 15 год мы так і не дачакаліся ад прэзідэнта паліткарэктнасці, высокай культуры і элементарнай павагі да чалавека, да чужога меркавання. Аб якім супрацоўніцтве з цывілізаваным светам тады можа ісці гаворка? Хацелася б бачыць больш годнасці і адказнасці. Трэба памятаць, што мы - беларускі народ - адна вялікая сям'я. Прэзідэнты сыходзяць і прыходзяць, а Радзіма застаецца. Я жадаю маім дарагім суайчыннікам у краіне і за мяжой сілы духу, большага аптымізму і ўпэўненасці ў лепшай будучыні.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках