18 траўня 2024, Субота, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ўжо фактычна прызнаў незалежнасць Абхазіі (Відэа)

29
Лукашэнка ўжо фактычна прызнаў незалежнасць Абхазіі (Відэа)

Заявы Лукашэнкі падчас сустрэчы ў Сочы з Багапшам сведчаць аб тым, што ўлады Беларусі дэ-факта ўжо прызналі незалежнасць Абхазіі.

Аб прызнанні беларускім дыктатарам незалежнасці Абхазіі кажуць ягоныя першыя ж словы падчас сустрэчы з Багапшам. «Пасля здабыцця незалежнасці заўсёды справаў дадаецца. Мы будзем радыя, што з удзелам Беларусі атрымаецца вырашыць больш праблем, якія існуюць у гэтым рэгіёне», - сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу, Сяргей Багапш заявіў аб гатовасці «шчыльна працаваць з Беларуссю ў эканамічным плане» і нават выказаў намер выдаткаваць мільярд расейскіх рублёў на куплю аўтамабіляў МАЗ. Таксама бакі абмяняліся меркаваннямі па пытаннях развіцця турызму, дзіцячага адпачынку, а таксама аб наладжванні супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі.

У цытаце Аляксандра Лукашэнкі, прыведзенай ягонай ўласнай прэс-службай, незалежнасць Абхазіі прызнаецца дэ-факта. Ды і сам факт сустрэчы плюс заявы аб супрацоўніцтве па цэлым шэрагу накірункаў сведчаць, што афіцыйны Менск гатовы весці справы з Сухумі.

Больш за тое, у паведамленні тэлеканала ОНТ аб сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з лідэрам непрызнанай рэспубліцкі вялося, што гэта «пятая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі на вышэйшым узроўні за апошні час». Да гэтага беларускі кіраўнік сустракаўся з прэзідэнтамі Сербіі, Арменіі, Расеі, Вярхоўным прадстаўніком Еўразвяза па пытаннях агульнай палітыкі і палітыкі бяспекі. Такім чынам, афіцыйнае тэлебачанне Беларусі паставіла Сяргея Багапша ў адзін шэраг з Хаўерам Саланай, Дзмітрыем Мядведзевым, Сержам Саргсянам і Борысам Тадзічам.

Акрамя таго, вядучы ОНТ, каментуючы сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Абхазіі, заявіў, што яна «паслужыць развіццю адносінаў паміж дзвюма краінамі».

Нават лаяльны да беларускіх уладаў нямецкі палітолаг Аляксандр Рар з нагоды ўчорашняй сустрэчы Лукашэнкі з Багапшем заявіў:

«Я думаю, гэты пачатак асцярожнага і павольнага прызнання з боку Беларусі незалежнасці Абхазіі. Расеі неабходнае, не тэрмінова, але на працягу наступных некалькіх гадоў, прызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі хоць бы з боку краін СНД. Я думаю, што Мядведзеў даволі цвёрда паразмаўляў з Лукашэнкай ў Сочы, папрасіў яго ўжо рухацца ў гэтым напрамку. Таму ў Лукашэнкі цяпер і ўзнікаюць сур'ёзныя праблемы з Еўразвязам, таму што ЕЗ пачынае яго таксама прыціскаць да сценкі. І калі гэтае прызнанне адбудзецца, то Беларусь можа забыцца аб любым працэсе збліжэння з ЕЗ», -- упэўнены палітолаг.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках