19 траўня 2024, Нядзеля, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Баршчэўскі: «Нельга ўсьляпую ўхваляць сумнеўныя гешэфты дыктатара»

16
Лявон Баршчэўскі: «Нельга ўсьляпую ўхваляць сумнеўныя гешэфты дыктатара»

Лідэр Партыі БНФ зьвярнуўся да беларусаў з нагоды святкаваньня 25 сакавіка Дня Волі.

Калі ў 1991 годзе Беларускаму Народнаму Фронту ўдалося, пры дапамозе тысячаў людзей на Плошчы і дэпутатаў апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, дамагчыся абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі, рэальнай свабоды слова, саюзаў і сходаў, адноснай свабоды для бізнэсу, дзяржаўнасьці беларускай мовы, бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня”, здавалася, што надалей беларускае грамадзтва будзе паступова разьвівацца ў кірунку збліжэньня з Эўропай і недзе праз 10 год Беларусь, разам з Польшчай, Літвой і Латвіяй, далучыцца да эўрапейскай супольнасьці народаў.

Але пасьля напраўду рэвалюцыйных зьменаў, што адбыліся ў канцы 1991 года, большасьць беларусаў разгубілася перад новымі праблемамі свабоднага жыцьця і захацела вярнуцца ў быццам бы “стабільнае” мінулае: сяму-таму захацелася “рэстаўрацыі” савецкіх парадкаў, а Народны Фронт не пасьпеў дамагчыся правядзеньня глыбінных эканамічных рэформаў і таму ня здолеў супрацьстаяць агрэсіўнаму папулізму “маладых ваўкоў”, згрупаваных вакол асобы будучага першага прэзыдэнта.

Для мяне асабіста, як і шмат для каго з маіх сяброў, вынікі “рэфэрэндуму” супраць беларускай мовы ў 1995 годзе, зрываньне бел-чырвона-белага сьцяга з будынка Вярхоўнага Савета хоць і не былі нечаканымі, але й прымушалі сур’ёзна задумацца. Шмат каму тады здавалася, што ставіцца крыж на ўсім, за што змагаліся доўгія дзесяцігодзьдзі, што было так блізка – пабудова незалежнай эўрапейскай Беларусі. Але ўжо ўвесну 1996 года БНФ, разам з паплечнікамі, вывеў на вуліцы дзясяткі тысячаў людзей і заявіў, што мы не скарыліся. Усе гэтыя 14 гадоў Народны Фронт, усё дэмакратычна грамадзтва, рабілі цяжкую працу па пашырэньні беларускай нацыянальнай сьвядомасьці і эўраатлянтычных каштоўнасьцяў.

Да апошняга часу бальшынёй грамадзтва ў цэлым станоўча ўспрымаліся гульні рэжыму ў т.зв. “саюзную дзяржаву”, існаваньне якой не патрабавала ніякіх асаблівых ахвяраў ад звычайнага грамадзяніна. Падпісаныя А.Лукашэнкам колькі тыдняў таму ў Маскве пагадненьні аб супольных з Расіяй сілах супрацьпаветранай абароны і стварэньні з удзельнікамі Пагадненьня аб т.зв. “калектыўнай бясьпецы” супольных сузброеных фармаваньняў, на думку незалежных спецыялістаў, могуць прывесьці толькі да аднаго – уцягваньня беларусаў у не патрэбныя нам канфлікты як непасрэдна ў Беларусі, так і далёка ад яе межаў. Трэба мець на ўвазе, што Расійская Фэдэрацыя ў яе цяперашнім стане ніяк ня можа быць узорам дэмакратыі нават на нашай постсавецкай прасторы. Узгадайма хоць бы нядаўнюю гісторыю, калі расійскія памежнікі абстралялі ў Японскім моры замежнае гандлёвае судна (у выніку чаго як мінімум восем сем’яў страціла сваіх карміцеляў) – і хлусьліва апраўдвалі свае антычалавечыя дзеяньні неабходнасьцю змаганьня “з парушальнікамі межаў”, хоць падбіты сухагруз абсалютна легальна знаходзіўся ў расійскіх тэрытарыяльных водах.

Усё гэта, між іншым, значыць, што, у выпадку ўзьнікненьня ваеннага канфлікту Расіі з кім-небудзь, напрыклад, з Грузіяй – як яно ўжо было ў жніўні мінулага году – Беларусь павінна будзе ўдзельнічаць у гэтых канфліктах, прычым абавязкова на баку Расійскай Фэдэрацыі. Я не кажу ўжо, што падпісаныя ў Маскве вайсковыя пагадненьні нават паводле свайго духу аніяк не стасуюцца з артыкулам дзейнай беларускай канстытуцыі, згодна зь якой Беларусь – “бязьядзерная краіна, якая імкнецца да нэўтралітэту”... Самае ж галоўнае, што ўсе гэтыя дамовы фактычна маюць сакрэтны характар, іх сутнасьць старанна хаваецца ад беларусаў. Мы, беларускае грамадзтва, павінны патрабаваць ад уладаў яснай і недвухсэнсоўнай інфармацыі ў гэтым пытаньні, як і ў пытаньнях будучыні нашай нацыянальнай валюты ці парадку выкарыстаньня атрыманых уладамі замежных крэдытаў. Сёньняшні кіроўны рэжым даўно ператварыў звычайных беларусаў у статыстаў, якія павінны адно ўсьляпую ўхваляць розныя сумнеўныя гешэфты ўладатрымальнікаў.

Дзень 25 Сакавіка, 91-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, – гэта той дзень, калі мы можам і павінны сказаць уладзе сваё важкае слова ў абарону нашай чалавечай і нацыянальнай годнасьці, у абарону палітычных і эканамічных правоў, дадзеных нам Божымі й зямнымі законамі. У зьвязку з гэтым, мною і маімі калегамі яшчэ ў пачатку лютага была пададзеная ў Менскі гарвыканкам заяўка на правядзеньне 25 сакавіка 2009 г. шэсьця ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы (меркаваны пачатак – а 18.00.) , падчас якіх наш і ваш голас павінен быць пачуты! Відавочна, улада не сьпяшаецца даць адказ на заяўку, але яна павінна ведаць: тое, як яна павядзе сябе 25 сакавіка, і напярэдадні гэтай даты, не застанецца па-за ўвагай беларускага грамадзтва й сусьветнай дэмакратычнай супольнасьці.

Мірнае шэсьце 25 сакавіка, падрыхтоўка да яго ня мусяць быць акцыяй якой бы ні было адной палітычнай сілы. Кожная адказная палітычная партыя, кожны чалавек, каму дарагія ідэалы Незалежнасьці, Свабоды, Справядлівасьці, эўраатлянтычнага выбару Беларусі, маюць усе магчымасьці ўзяць чынны ўдзел у яе падрыхтоўцы й правядзеньні! І няхай нам усім у гэтым дапамогуць сьветлыя ідэалы 25 Сакавіка. Жыве Беларусь!

Лявон Баршчэўскі, старшыня Партыі БНФ

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках