17 траўня 2024, Пятніца, 9:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як сёння жыве Канаплёў? (Фота)

27

Карэспандэнт «Народнай Волі» пабываў дома ў былога старшыні «палаты прадстаўнікоў» Уладзіміра Канаплёва.

У рэдакцыю «Народнай Волі» даволі часта тэлефануюць чытачы, якіх цікавіць лёс Уладзіміра Мікалаевіча. «Чым ён зараз займаецца, дзе працуе? Чаму яго не бачна побач з кіраўніком дзяржавы, яны ж разам амаль з дзяцінства?» — непакояцца людзі. Пасля аднаго з такіх тэлефанаванняў карэспандэнт «Народнай Волі» адправіўся на пошукі Канаплёва.

Спачатку журналіст звярнуўся ў федэрацыю гандбола Беларусі, якую на грамадскіх пачатках ўзначальвае былы «дэпутат». Дарэчы, гандбольныя спецыялісты ў адзін голас сцвярджаюць, што з прыходам Канаплёва беларускі гандбол атрымаў «другое дыханне». Аднак у офісе федэрацыі гандбола адказалі, што Канаплёў з'яўляецца там вельмі рэдка. У асноўным каштоўныя ўказанні і парады супрацоўнікам федэрацыі паступаюць праз памочніка Уладзіміра Мікалаевіча. У сваю чаргу і «выхад» на Канаплёва з боку гандбольных функцыянераў адбываецца праз таго ж самага памочніка. «Народная Воля» вырашыла абысціся без пасярэднікаў і адразу адправілася ў госці да экс-старшыні «палаты прадстаўнікоў»...

Дом Уладзіміра Канаплёва, роўна як і «сціплыя» маёнткі некаторых іншых набліжаных да кіраўніка дзяржавы чыноўнікаў, знаходзіцца зусім недалёка ад хатняй рэзідэнцыі А.Лукашэнкі ў Драздах — у так званым Царскім сяле. Двухпавярховы дом экс-старшыні ППНС стаіць у самым канцы завулка з паэтычнай назвай Азёрны. На фасадзе — спадарожнікавая талерка. Злева ад жалезных дзвярэй — паштовая скрыня, справа — званок.

Далей журналіст пра свае ўражаньні піша ад першай асобы:

«Націскаю. Хоць і не адразу, але дзверы аўтаматычна адчыняюцца. У мяне нават не запыталіся «Хто там?». Заходжу ў двор. Не ведаючы дакладна куды ісці, інтуітыўна па цаглянай дарожцы крочу ў левы бок. Апынаюся за домам — тут драўляныя альтанкі, напэўна, для прыёму гасцей і адпачынку на свежым паветры. Не паспеўшы як след зарыентавацца на мясцовасці, у спіну чую ветлівае: «Добры дзень, а вы хто?» Прадстаўляюся, адказваю, адкуль і навошта прыйшоў. У дыялог са мной, як высветлілася пазней, уступіла хатняя работніца Уладзіміра Канаплёва — жанчына сярэдніх гадоў у фартуху і тапачках.

«Вы ведаеце, Уладзіміра Мікалаевіча няма дома, — сказала яна. — Увогуле, наколькі я ведаю, яго зараз няма нават ў горадзе. Калі вернецца — я не ведаю, бо такіх пытанняў яму не задаю...»

На гэтым мы і развіталіся. Крочу да выхаду і разумею, што дзверы, праз якія я ўваходзіў літаральна пяць хвілін таму, не адчыняюцца.

«Вось так і застанецеся ў закладніках», — жартуе мая нядаўняя суразмоўца.

Не разгубіўшыся, я імгненна даю згоду на тое, каб застацца ў закладніках дома ў экс-старшыні «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу». Але дачакацца Уладзіміра Мікалаевіча на ягонай канапе мне не давялося — хатняя работніца прынесла ключ, якім уваходныя дзверы адчыняюцца знутры...

Між тым людзі, якія адсочваюць падзеі ў каляпрэзідэнцкім атачэнні, кажуць, што Уладзімір Канаплёў, як і тады, калі быў пры пасадзе, па-ранейшаму з'яўляецца на некаторых мерапрыемствах з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Аднак, калі верыць нашым крыніцам інфармацыі, ніякай афіцыйнай пасады Канаплёў не мае. Да пенсіі былому кіраўніку ППНС яшчэ далёка — у студзені гэтага года яму споўнілася толькі 55 гадоў.

За якія грошы жыве былы «дэпутат» і паплечнік першай асобы дзяржавы?

Якія ў яго планы на будучыню?

Ці праўда, што яму прапаноўвалі вярнуцца ва ўладу, але ён адмовіўся ад чарговай высокай пасады? (Зразумела, што нейкія сталыя крыніцы даходаў у яго ёсць, інакш адкуль грошы на аплату працы хатняй гаспадыні?)

Карацей кажучы, пытанняў да Канаплёва шмат. Спадзяёмся атрымаць на іх адказы з першых вуснаў падчас наступнага візіту ў госці да Уладзіміра Мікалаевіча…

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках