13 снежня 2025, Субота, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За «суд Лінча» строга не пакаралі: забойцам «падпальшчыка» далі ад 2 да 5 гадоў (Фота)

46
За «суд Лінча» строга не пакаралі: забойцам «падпальшчыка» далі ад 2 да 5 гадоў (Фота)

Верагодна, гэта звязана з тым, што за злачынцаў заступіўся сам Лукашэнка.

14 красавіка Гомельскі абласны суд вынес прысуд чатыром жыхарам вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна па справе аб забойстве імі аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, якога яны падазравалі ў здзяйсненні падпалаў у вёсцы.

Сяргей Аліфяровіч прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ігар Макарэвіч — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Аляксандр Пятручэня і Таццяна Юхневіч — да двух гадоў абмежавання волі.

Суд прызнаў іх вінаватымі ў забойстве (артыкул 139. частка 2). Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад васьмі да 25 гадоў, ці пажыццёвае зняволенне, ці смяротнае пакаранне.

Пры вынясенні рашэння судом быў ужыты артыкул 70 КК (прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за гэтае злачынства).

У студзені 2009 года Аляксандр Лукашэнка публічна заступіўся за абвінавачаных. Яны былі вызваленыя з СІЗА і знаходзіліся да суду пад хатнім арыштам.

На нарадзе па ўдасканаленні крымінальнага заканадаўства ён звярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы:

«Калі ласка, заўтра вы іх адвязіце ў вёску, я вас прашу, хай яны жывуць у вёсцы, а вы вядзіце сваю крымінальную справу. Адвязіце людзей у вёску, і хай гэтыя старыя (на самой справе абвінавачваным 29, 35 і 37 гадоў – заўв. прэс-цэнтра Хартыі’97) працуюць там, знаходзяцца ў сваіх сем'ях, а вы іх запрашайце і дапытвайце, гэта для іх будзе лепш, чым сядзець у следчым ізалятары. Я б папрасіў, каб вы лаяльна вялі гэтую крымінальную справу і вельмі вас прашу, пастаўцеся як да сваіх родных людзей. Ну нягоднік, ён людзей тэрарызаваў, цэлую вёску, калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, мусіць, яны сапраўды абураныя былі, і ўсе ж простыя людзі на іх баку….. Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў? Па турмах бадзяўся, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску».

Пасля выступу Лукашэнкі да прапагандысцкай кампаніі, якая апраўдвае «суд Лінча», падключыліся праўладная газета «Советская Белоруссия» і дзяржаўнае тэлебачанне.

Аднак, як высветлілася падчас судовых разбіральніцтваў, на рахунку забітага Мікалая Макарэвіча было ўсяго два падпалы – і за іх ён адбыў турэмны тэрмін. Таксама апытаныя міліцыянты заявілі, што на Макарэвіча не паступала ніякіх скаргаў. Акрамя таго, забойства гэтага чалавека рэзка асудзілі аднавяскоўцы. Яшчэ да пачатку суду яны адправілі ліст Лукашэнку з просьбай пакараць забойцаў па ўсёй строгасці закона.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках