У Ірана і Беларусі будзе сваё разуменне правоў чалавека
14- 29.04.2009, 16:42
Кіраўнік судовай улады Ірана заклікаў Беларусь перагледзець такія тэрміны як правы чалавека, свабода слова, дыскрымінацыя, тэрарызм.
На сустрэчы са старшынём «савета рэспублікі» «нацыянальнага сходу» Беларусі Барысам Батурай Махмуд Хашэмі Шахрудзі заявіў:
«Гегеманістычныя краіны і краіны-каланізатары марнатравяць гэтымі тэрмінамі і зрабілі іх прыладай у сваіх руках, каб дыктаваць іншым народам сваю волю і інтэрасы. Мы і вы, якія вызваліліся, павінныя прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы ўсім свабодалюбівым народам свету жыць, як яны хочуць!», - адзначыў ён.
У сваю чаргу, Батура адзначыў, што Беларусь разглядае Іран як найважнага і аўтарытэтнага партнёра на Блізкім Усходзе і ў ісламскім свеце. «Я думаю, што сённяшні візіт пацвярджае тое, што мы будзем сур'ёзна працаваць над прававой асновай нашага супрацоўніцтва», - сказаў спікер ніжняй «палаты».
Нагадаем, што раніцай 29 красавіка старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала прымаў афіцыйную дэлегацыю ісламскай рэспублікі Іран на чале з кіраўніком судовай улады Махмудам Хашэмі Шахрудзі, піша «Салідарнасць».
«Наш госць распавёў аб асаблівасцях здзяйснення правасуддзя ў Іране, выказаў пажаданні аб актывізацыі супрацоўніцтва паміж двума ведамствамі, — распавяла прэс-сакратар Вярхоўнага суду Злата Гурыновіч. — Падчас сустрэч бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ў прававой сферы, азначылі задачы на перспектыву».
Пасля заканчэння перамоваў у Вярхоўным судзе картэж з шасці чорных мэрсэдэсаў накіраваўся ў бок адміністрацыі Лукашэнкі. Вядома, што ў планах іранскай дэлегацыі — сустрэча з кіраўніцтвам Міністэрста юстыцыі і беларускім кіраўніком.
Па дадзеных расейскага Інстытута вывучэння Ізраілю і Блізкага Ўсходу, у «старой гвардыі» іранскай палітычнай верхавіны аятола Махмуд Хашэмі Шахрудзі займае ганаровае месца. Ён носіць тытул «сейед», гэта значыць адносіцца да прамых нашчадкаў прарока Махамеда. З 1999 года Шахрудзі актыўна ўдзельнічае ў публічнай палітыцы — менавіта ў гэты час ён узначаліў Судовую ўладу Ісламскай рэспублікі Іран (адну з трох галін улады).
Шахрудзі прыналежыць да так званага іракскага клану кіруючай шыіцкай верхавіны Ірана.
Адзначым, што Іран займае другое месца ў свеце пасля Кітая па колькасці смяротных прысудаў: у 2008 годзе на пакаранне смерцю было адпраўлена 226 чалавек. У краіне распаўсюджанае публічнае пакаранне смерцю, якая раней даволі часта ажыццяўлялася забіваннем людзей камянямі. У студзені 2008 года Махмуд Хашэмі Шахрудзі увёў забарону на публічныя пакаранні смерцю, за выключэннем тых, якія атрымаюць ягонае асабістае ўхваленне «ў выпадку сацыяльнай неабходнасці».
Шахрудзі займае жорсткую пазіцыю па пытанні аб іранскай ядзернай праграме. Ён — цвёрды прыхільнік неабходнасці дасягнення поўнага ядзернага цыклу любым коштам. Па меркаванні кіраўніка судовай улады, кіраўніцтва ісламскай рэспублікі Іран у сваім імкненні забяспечыць доступ да мірнай атамнай энергіі павіннае максімальна выкарыстаць усе магчымыя палітычныя і эканамічныя сродкі для дасягнення пастаўленай мэты.