Раман Якаўлеўскі: «Падобна, што сын Коля гэтым разам Прагу наўрад ці пабачыць»
16- 30.04.2009, 9:00
Аляксандр Лукашэнка наведаў Італію. А заадно – і Ватыкан, дзе сустрэўся – разам з сынам Колем – з Папай Рымскім. Вынікі італьянскага ваяжу беларускага кіраўніка каментуе аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Аб гэтым эксперт распавядае ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану».
- Чым растлумачыць шэраг сустрэч А.Лукашэнкі з кіраўнікамі цэркваў: спачатку - Патрыярх Кірыл, цяпер - Ватыкан, Папа Рымскі. Няўжо паверыў?
- Магутнымі энергетыкай і жаданнем выявіць сябе яшчэ на незасвоеных царкоўных палях дзейнасці. Тое, што атрымалася ў Лукашэнкі сустрэцца і з Патрыярхам, і з Папай - несумнеўны поспех для яго сёння. Але што будзе заўтра - вядома можа быць толькі Богу.
- А.Лукашэнка павёз з сабой у Ватыкан і сына Колю. Ці існуе ў сучаснай дыпламатыі падыходзячая характарыстыка для падобных дзеянняў з боку кіраўніка дзяржавы?
- У шматлікіх чамусьці прыходзяць на памяць кінакадры з царом Мікалаем II з сынам. Можа быць, такія з'яўленні прэзідэнта Беларусі з сынам, якія абыходзяць ганаровую варту, заахвоцяць кагосьці да ініцыятывы правядзення адмысловых самітаў дзяцей кіраўнікоў дзяржаў. Гэта было б цікава.
- З афіцыйнага паведамлення. "Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сустрэцца ў наступны раз з Бенедыктам XVI у Беларусі. "Калі вы знойдзеце час, мы сустрэнемся на беларускай зямлі, калі на тое будзе воля Божая", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Пасля Аляксандр Лукашэнка ў Апостальскім палацы сустрэўся з Дзяржсакратаром Ягонай Святасці Папы Бенедыкта XVI Кардыналам Тарчызіа Бертоне. Бакі выказалі ўзаемную зацікаўленасць у актывізацыі супрацоўніцтва ў такіх сферах, як навука, культура, архіўная і бібліятэчная справа, а таксама абмеркавалі падрабязнасці падпісання Беларуссю і Ватыканам дамовы аб супрацоўніцтве". Ці патрэбная Беларусі такая дамова?
- У Беларусі такая сістэма абсалютнай улады, якую характарызуюць «Бог даў - Бог узяў». А аб дамове з Ватыканам можна будзе судзіць, калі будзе вядомы яе тэкст.
Не думаю, што яна будзе поўным аналагам дамовы з Беларускай праваслаўнай царквой.
- Здаецца, ужо адпалі ўсе сумневы ў тым, што А.Лукашэнка безумоўна паедзе ў Прагу. І павязе з сабой сына Колю...
- Заявы Лукашэнкі ў Рыме аб тым, што яшчэ ёсць час вызначыцца з Прагай, як раз і не сведчаць, што ўсе сумневы развеяныя. Падобна, што сын Коля гэтым разам Прагу наўрад ці пабачыць…