19 траўня 2024, Нядзеля, 20:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідэры прадпрымальнікаў ужо 2 месяцы знаходзяцца за кратамі

2
Лідэры прадпрымальнікаў ужо 2 месяцы знаходзяцца за кратамі

Мінула ўжо два месяцы, як прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімер Асіпенка былі змешчаныя ў СІЗА.

Ваўкавыскіх прадпрымальнікаў арыштавалі 8 лютага. Цэлыя машыны спэцназу зь Менску «зачышчалі» Ваўкавыск так, што аб гэтым дагэтуль распавядаюць толькі шэптам у невялічкім гарадку.

Усім тром прад'яўленыя абвінавачваньні паводле артыкула 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці). Мінула два месяцы, а сьледзтва так і ня скончана. А ў мінулы панядзелак у Ваўкавыску быў арыштаваны яшчэ і галоўны мэханік кампаніі «Сьціф-Транс», Віктар Макуць, які доўгі час працаваў разам з арыштаванымі, нагадвае «Радыё Свабода».

Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, старшыня арганізацыйнага камітэту па стварэньні рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў баявых дзеяньняў «Абаронцы Айчыны» Аляксандар Камароўскі і старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак напісалі адкрыты ліст да Генэральнага пракурора з патрабаваньнем вызваліць палітзьняволеных.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць: яны не спрабуюць ўмешвацца ў сьледчы працэс, але іх хвалюе тое, што затрыманых вінавацяць у падпале маёмасьці службовых асобаў, а за гэтыя злачынствы ўжо былі асуджаныя людзі і нават панесьлі пакараньне.

Аўтуховіча спрабуюць абвінаваціць у стварэньні злачыннай групы ў ліпені 2007 году, але, як гаворыцца ў лісьце, у той час ён адбываў пакараньне ў вязьніцы.

Праваабаронцы таксама канстатуюць, што і зброі, і выбуховых рэчываў падчас ператрусу ў арыштаваных знойдзена не было.

Алег Воўчак лічыць, што сьледзтва насамрэч не займаецца выкрываньнем тых злачынстваў, па якіх была ўзбуджаная крымінальная справа, а шукаюць зброю, якая нібыта магла быць недзе ў Ваўкавыску. Праўда, зь яго слоў, гэта справа можа стаць і поўнай нечаканасьцю.

«Мы вырашылі напісаць Генэральнаму пракурору, каб ён сур’ёзна вывучыў матэрыялы справы і паглядзеў, хто падстаўляе яго й Лукашэнку. Тут яўна праглядваецца барацьба пэўных кланаў. Вось нядаўна адхілілі Навумава, а хутка можа здарыцца, што гэта самае адбудзецца з Васілевічам», -- заявіў праваабаронца ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Што датычыць палітзьняволеных, праваабаронцы патрабуць іх адпусьціць і гатовыя ўзяць іх на парукі.

«Калі б яны былі вінаватыя, яны б даўно ўжо мелі б канкрэтныя абвінавачваньні й сядзелі б напоўніцу. Я перакананы на 1000%, што людзі сядзяць ні за што. Гэта ваеннапалонныя, палітычныя ваеннапалонныя...», - упэўнены ён.

Дачкі Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенкі паведамілі, што таксама зьбіраюцца пісаць скаргі Генэральнаму пракурору, паколькі ніякага сьледзтва ў дачыненьні іх бацькоў не праводзіцца і на волю іх не адпускаюць.

Людміла Асіпенка яшчэ распавядала, што яе маці адмовіліся выдаваць вайсковую пэнсію бацькі, хаця раней гэта рабілі без праблемаў. Зь яе слоў, адпаведную паперу ў ваенкамат напісаў сьледчы.

Пасьля кансультацый з юрыстамі яна ўжо напісала скаргі ў розныя інстанцыі, але адказаў пакуль няма.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках