29 красавiка 2024, панядзелак, 10:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gogol Bordello і «Ляпіс Трубяцкой» выступяць на фэстывале Be2gether

2

У трэці раз на мяжы Беларусі і Літвы пройдзе фэстываль Be2gether. Сярод хэдлайнераў – амэрыканскі гурт Gogol Bordello і зоркі беларускага року – гурт «Ляпіс Трубяцкой».

Як перадае «Радыё Рацыя», амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас публічна заявіў, што зьяўляецца аматарам творчасці гурта «Ляпіс Трубяцкой»:

«Мы вельмі рады, што сёлета асноўным калектывам будзе гурт, які мне асабіста вельмі-вельмі падабаецца. Іхнія песні я слухаю ўжо з другі месяц і праслухаў усе дыскі. У Літве ў мяне нават пытаюць, што такое «зорачкі», «млечны шлях», «залатыя кашулькі».

Але ж галоўнымі хэдлайнерамі літоўскага фэсту стануць Gogol Bordello – гурт з Нью-Ёрку, які ўжо даўно скарыў усе магчымыя сусветныя чарты, рэйтынгі ды прэміі, сьпяваў з Manu Chao ды Мадоннай. Адметнасць гэтага гурта ў тым, што яны працуюць у стылі, названы крытыкамі «цыганскім панкам», а ягоны лідэр Яўген Гудзь – украінскі эмігрант.

Акрамя Gogol Bordello, у 50 метрах ад беларускай мяжы сыграе яшчэ нямала зорак першай вялічыні.

«Гэта будуць сённяшнія хітмэйкеры Polarkies 18 – яны ў топах на шмат якіх радыёстанцыях Еўропы, -- кажа арганізатар фэстывалю Гедрус Клімкавічус. -- Старыя знаёмыя, якіх шмат хто ведае – гурт Touch and Go, «цяжкі» гурт Clawfinger».

У марах арганізатараў Be2gether адкрыць мяжу з Беларуссю хоць бы на час фестывалю. Але рэалізацыя гэтай задумы даецца пакуль цяжка. Амбасадар Літвы ў Беларусі зазначае, што літоўскі бок дзеля гэтага робіць усе высілкі. Так, напрыклад, плануецца, што беларускія наведнікі фэсту атрымаюць візу ў Літву бясплатна.

«На жаль сёння ёсьць, як ёсць – без візы беларусы на фэст не трапяць. Але магчыма, візы будуць бясплатныя, -- расказвае амбасадар. -- З нашага боку мы робім усё, каб для грамадзянаў Беларусі было як мага лепей і камфортней выязджаць у прастору Еўрасаюзу. Але гэта залежыць не толькі ад нас, ад краінаў Еўрасаюзу, калі вы зразумелі, што я хацеў сказаць».

Трэці фэст музыкі і мастацтва Be2gether будзе праходзіць 12-14 чэрвеня ў літоўскім мястэчку Нарвялішкі, на самай мяжы з Беларусьсю.

Квіток на адзін дзень фэсту будзе каштаваць 80 літаў, а на ўсе тры дні – 130 літаў – гэта каля 130 тысячаў беларускіх рублёў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках