Алесь Чыгір пра маргіналаў у беларускай палітыцы
14- 9.04.2009, 15:08
Актывіст Партыі БНФ, адзін з лідэраў дэмакратычных сілаў горада Бабруйска Алесь Чыгір адказаў на апошнія заявы лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.
Артыкул Алеся Чыгіра быў размешчаны на сайце Партыі БНФ. Прыводзім яго цалкам.
Аляксандр Мілінкевіч заявіў: што беларуская апазіцыя не ўдзельнічае ў перамовах афіцыйнага Мінска і прадстаўнікоў еўрапейскіх структур з-за сваёй маргінальнасці.
“Было шмат размоваў, чаму беларуская апазіцыя не прымае ўдзелу ў перамовах беларускіх улад і Захаду. Яна не заслужыла гэтага, таму што стала маргінальнай, слабой”, - заявіў палітык.
“Мы менш сталі ўплываць на грамадства. Нам трэба вырашаць пытанне не з Еўразвязам, што нас кудысьці не паклікалі і не пасадзілі за нейкі стол, а трэба вырашаць пытанне аб сваім уплыве на беларускае грамадства”.
Услед за Аляксандрам Уладзіміравічам, спеў аб маргінальнасці беларускіх дэмакратычных сіл зацягнулі людзі без вызначанага ніка, палітычных перакананняў і з відавочнай адсутнасцю маральных каштоўнасцяў на сайце Бабруйск:рэгіянальны партал.
Вось і прыйшлося мне ўчора позна ўвечары ісці да кніжнай паліцы, каб пагартаць “Словарь иностранных слов”, выдадзены ў Маскве ў 1997 годзе. У гэтай даволі аўтарытэтнай з пункта гледжання навукі кніжцы на 181 старонцы я прачытаў наступнае:
Маргинал (от лат. marginalis - крайний) - человек, находящийся вне общества по социально-политическим, экономическим, морально-этическим или каким-либо другим мотивам.
Натуральна, калі гэтую дэфініцу ужываць да краін з дэмакратычнымі традыцыямі ў кіраванні дзяржавай, то відавочна, што быць маргіналам - дрэнна!
Як правіла, там гэта грамадзяне і палітыкі, якія маюць вельмі крайнія перакананні, альбо маюць праблемы з псіхікай. Такіх людзей і палітыкаў хапае ўсюды. І ступень маргіналізацыі таго або іншага палітыка вызначаецца колькасцю галасоў атрыманых на сумленных і справядлівых выбарах (ну ёсць такія выбары). У выніку якіх з'яўляюцца абраныя (а не прызначаныя - і гэта прынцыпова) прадстаўнікі і выразнікі грамадскай думкі.
Але гэта там у старой Еўропе. Прапанаваў усё адабраць і падзяліць - атрымай свае 5-6 адсоткаў і статус "маргінала" ў прыдачу
У нашым - “сильном и процветающем государстве для народа”. Слова "дэмакратычная" напісана толькі ў канстытуцыі, а як вядома з сівога савецкага анекдота і на хлеве таксама нешта напісана з трох літар, але там дровы ляжаць. І відавочна, што Беларусь самая сапраўдная аўтарытарная краіна! З самым сапраўдным дыктатарам на самым версе ўладнай лесвіцы!
А ў такіх дзяржавах, як правіла, свой адмысловы шлях развіцця і “маргіналамі” ў нас аўтаматычна становяцца ўсе тыя, хто выступае супраць рэжыму - "Супраць - значыць маргінал!"
Усё гэта ўжо было:
У фашыстоўскай Германіі калі не ўступіў у гітлер-югенд - маргінал! Ажаніўся з славянкай – маргінал!
У Паўночнай Карэі калі не жадаеш паміраць з голаду - маргінал!
Чырвоныя кхмеры лічылі “маргіналамі” кожнага, хто ўмеў чытаць - такім праломвалі чэрапы матыкамі і скармлівалі жывёлам.
У Руандзе ў 90-ыя гады “маргіналамі” былі больш адукаваныя прадстаўнікі племені Тутсі, толькі таму, што прадстаўнікоў племені Хуту было больш і ў іх была зброя. (Дарэчы кіраўніцтва ААН і дзяржавы - сябры мелі магчымасць прадухіліць генацыд у Руандзе, але не зрабілі гэтага па прычыне недахопу рэсурсаў і адсутнасці палітычнай волі для прыняцця адпаведных рашэнняў).
Відавочна, што ў грамадствах накшталт нашага прызначэнне ў "маргіналы" ажыццяўляецца самой уладнай групоўкай і не залежыць ад меркавання народа.
Мне не "западло" быць маргіналам, але як гаворыцца, пры ўсёй павазе да Вас Аляксандр Ўладзіміравіч, - ісціна даражэй:
Таму ступень маргіналізацыі таго або іншага палітыка можа вызначыць, толькі роўнае і канкурэнтнае змаганне. Ну для ілюстрацыі дапусцім, што ў нашай краіне з заўтрашняга дня будуць выходзіць у прамым эфіры (або нават у запісы) такія квазідэмакратычныя ток-шоў як "К барьеру" або "Честный понедельник" (канал НТВ), дзе можна будзе паслухаць дыялог ну да прыкладу: Вінцука Вячоркі і Сяргея Мартынава або дыялог Аляксандра Мілінкевіча і Ўладзіміра Макея.
Я ўжо нават не кажу аб публічным дыялогу рэгіянальных апазіцыянераў і рэгіянальных прадстаўнікоў цяперашняй ўлады.
І вось тут адразу стане зразумела, хто здольны заваяваць падтрымку народа, а хто ўяўляе "невялікую групу маргінальных палітыкаў".
Ці не гэтага вельмі баяцца тыя хто сёння знаходзіцца ва уладзе?