17 траўня 2024, Пятніца, 4:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусь не ўпусьцілі студэнтку беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту

4

28 красавіка беларускія памежнікі адмовілі ва ўезьдзе ў краіну студэнтцы Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Марце Шыманьскай.

У грамадзянкі Польшчы была ануляваная шматразовая беларуская віза й пастаўленая пячатка «Ва ўезьдзе забаронена», паведамляе «Польскае радыё».

Марта Шыманьска навучалася ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце па праграме абмену паміж Варшаўскім унівэрсытэтам і БДУ. У Менск яна прыехала на запрашэньне БДУ ў сярэдзіне лютага. У беларускай сталіцы дзяўчына зьбірала матэрыялы да сваёй дыплёмнай працы, прысьвечанай надпісам на помніках на беларускіх могілках, у прыватнасьці, аб’ектам ейнай зацікаўленасьці былі Кальварыйскія могілкі.

28 красавіка на польска-беларускай мяжы памежнікі заявілі Шыманьскай, што яна нібы знаходзіцца ў нейкім сьпісе і ў сувязі з гэтым ня можа наведваць Беларусь. За тлумачэньнямі памежнікі параілі зьвярнуцца ў Беларускую амбасаду ў Варшаве. У дыпляматычнай пляцоўцы Беларусі студэнтцы адмовіліся патлумачыць прычыну забароны ўезду ў Беларусь.

Сама дзяўчына не разумее, чаму яе раптам унесьлі ў «чорны сьпіс».

«Я не займаюся палітычнай дзейнасьцю, ані ў Польшчы, ані ў Беларусі. Нават не падазраю, што я магла такога зрабіць, каб мне забаранілі ўязджаць у Беларусь. Я вельмі часта езьдзіла ў Беларусь, сустракала шмат людзей. Я ніколі не крытыкавала Беларусі. Я маю такі прынцып, калі я кудысьці еду, я ніколі не кажу дрэнна пра гэтую краіну», - тлумачыць Марта Шыманьска.

Праграма абмену павінна была завершыцца ў ліпені. Шыманьска вельмі хацела б завершыць сваё навучаньне ў Беларусі. Сваю дыплёмную працу яна пісала на падставе беларускіх матэрыялаў. Цяпер яна вымушаная зьмяніць тэму й пачынаць усё ад пачатку. Студэнтка вельмі шкадуе, што ня зможа больш наведаць Беларусь. Як прызналася дзяўчына, яна была ў захапленьні ад Менску й беларусаў.

«Мы наведвалі вельмі цікавыя заняткі. Сустракалі шмат цікавых людзей, хадзілі ў тэатар, кіно, на канцэрты. Ад Беларусі ў мяне засталіся самыя прыемныя ўражаньні», - кажа яна.

Беларусы Варшавы ведаюць Марту Шыманьску, як вялікага аматара беларускай культуры й мовы. Яна неаднаразова брала актыўны ўдзел у арганізацыі ў польскай сталіцы беларускіх фэстываляў, выступаў пісьменьнікаў, музыкаў і мастакоў зь Беларусі. Шыманьска зьяўляецца таксама сябрам навуковага кола «Albaruthenica» пры Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках