Лявон Баршчэўскі: Расея адрэпетуе акупацыю Беларусі
5- 8.06.2009, 10:07
Старшыня Партыі БНФ пракаментаваў увод Расеяй сваіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ў межах ваенных вучэнняў.
«Гэта ёсць не што іншае, як акупацыя, якая можа ператварыцца ў сапраўдную акупацыю», -- заявіў Лявон Баршчэўскі. Па словах апазіцыйнага палітыка, Аляксандр Лукашэнка «пайшоў на здраду нашых нацыянальных інтэрасаў», паведамляе выданне «Мы».
«За гэта ён (Аляксандр Лукашэнка) павінен несці адказнасць нашмат большую, чым проста адстаўка», -- заявіў лідэр Партыі БНФ.
«Перуны і маланкі, якія грымелі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі падчас і пасля прыезду Пуціна ў Менск, аказаліся тэатральнымі і пастановачнымі. Псэўданезалежніцкая рыторыка кіраўніка Беларусі на самой справе служыць інструмантам таргоў з гаспадарамі Крамля за выгодны продаж эканамічнай, палітычнай і вайсковай незалежнасці нашай краіны», - сказаў Лявон Баршчэўскі.
Ён дадаў, што «у адрозненне ад некаторых «палітыкаў новай хвалі», Партыя БНФ бачыць галоўнай пагрозай незалежнасці нашай краіне захаванне ўлады Аляксандра Лукашэнкі».
Нагадаем, што шырокамаштабныя вучэнні «Захад-2009» прызначаныя на 8-29 верасня.
Асаблівасцю вучэнняў, якія маюць адбыцца, будзе не толькі іх маштабнасць, але і тое, што падчас беларуска-расейскага вучэння «Захад-2009» будзе ўдакладненая сістэма кіравання рэгіянальнай групоўкі войскаў.
Адзначым, што ў лютым 2009 года меркавалася, што з расейскага боку ў вучэннях «Захад» прымуць удзел толькі пяць тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Аднак паводле апошніх дадзеных Расея ўвядзе ў Беларусь дзве арміі ў поўным складзе.