18 траўня 2024, Субота, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Марачкін: «З’езд беларусаў свету часам нагадваў партыйны сход»

18

Старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» лічыць, што на з’ездзе варта было б абмяркоўваць рэальныя праблемы беларусаў.

У інтэрв’ю сайту www.charter97.org Алесь Марачкін падзяліўся ўражаннямі ад першага дня V з’езду беларусаў свету, які праходзіць 18-19 ліпеня ў Менску.

-- Вынікі насцярожваюць. Нездарма сёння на з’ездзе беларусаў свету прысутнічаў такі «букет» афіцыйных чыноўнікаў. З аднаго боку міністр культуры Павал Латушка, з другога боку кіраўнік камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў. Пры гэтым выступы чыноўнікаў былі такімі доўгімі, што нават пасыпаліся паперкі. Людзі абураліся: мы што на партыйным сходзе, мы што сабраліся слухаць справаздачы чыноўнікаў?

Усе гэта насцярожвае. Насцярожваюць некаторыя паддывановыя гульні, якія адбываюцца. Аб гэтым не хочацца казаць, але факт застаецца фактам. Калі Павал Якубовіч дамаўляецца аб арэндзе залы, то становіцца відавочным, што ўлады хочуць зрабіць Згуртаванне беларусаў свету ручным. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Замяталін калісьці акрысціў нас апазіцыйнай грамадскай арганізацыяй і рэкамендаваў з намі не працаваць. А зараз раптам столькі клопату. Але ж, калі Лукашэнка збіраецца ісці ў цывілізаваны свет, ён мог бы павіншаваць дэлегатаў з’езду. Але гэтага не адбылося. Замест гэтага ён катаўся на матацыкле.

Безумоўна, мы вельмі рады, што людзі прыехалі на сваю радзіму. Але сёння на з’здзе выступаў прадстаўнік беларускай дыяспары з Нямеччыны. Ён прачытаў ліст ад палітімігрантаў – над ім варта задумацца. У лісце гаворыцца, што існуе шмат палітычных уцекачоў, якія не могуць прыехаць на Беларусь, яны з’яўляюцца неўязднымі. І гэты прадстаўнік дыяспары спытаўся: тады хто сабраўся на з’ездзе? Ці яны прадстаўляюць усіх беларусаў свету? Не. Шмат хто адрэзаны ад радзімы.

На самай справе хацелася б паразмаўляць больш востра аб сітуацыі ў Беларусі.

Заўтра на з’ездзе будзе абрана кіраўніцтва арганізацыі. На безальтэрнатыўнай аснове. Будзе прапанавана адна кандыдатура – старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алены Макоўскай.

Безумоўна, нашай арганізацыі неабходна абнаўленне, але нельга прадавацца «ціхай сапай», гэтае салодкае слова «рэсурсы» робіць людзей безхрыбетнымі. Але патрэбна ясна заяўляць аб сваёй пазіцыі.

Але ў першы дзень з’езду ясна аб палітычнай сітуацыі заяўлена не было. Аб палітвязнях не казаў ніхто, нават Павал Севярынец, які сам сядзеў у турмах. Спадзяюся, на другі дзень гэтае пытанне будзе ўзнята.

Заяўленая тэма з’езду – нацыянальная ідэнтыфікацыя – залежыць ад палітыкі. Усе праблемы беларусаў праз страх, а страх ідзе ад аднаго чалавека. Сілавыя структуры пры Лукашэнку – карныя, як і ў часы СССР. Вось вам наша ідэнтычнасць. Аб гэтым, канешне, трэба казаць.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках