19 траўня 2024, Нядзеля, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі 80-90% зарплаты выплачваюць за кошт крэдытаў

23

На паседжанні Саўміна памочнік Лукашэнкі Сяргей Ткачоў уступіў у жорсткую палеміку з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам.

"У першым паўгоддзі аб'ем прамвытворчасці скараціўся на 3,6%, па выніках года мы чакаем прамвытворчасць на ўзроўні 99-100% да ўзроўня мінулага года", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Пры гэтым ён адзначыў, што да канца года чакаецца зніжэнне складскіх запасаў да 75% да сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці з 94,6% на 1 ліпеня 2009 года, перадае АФН са спасылкай на «Інтэрфакс».

"Так на чым жа будуецца ваш аптымізм, бо зараз прадпрыемствы 80- 90% зарплаты выплачваюць за кошт крэдытаў?", - пацікавіўся Ткачоў.

Аднак усьвядомленага адказу на сваё пытанне памочнік Лукашэнкі не атрымаў.

"Так, сёння прадпрыемствы звяртаюцца да крэдытаў на выплату зарплаты, але гэта рэвальверныя крэдыты, і за рэдкім выключэннем гэты механізм вытрымліваецца, у цэлым крэдытная запазычанасць на выплату зарплаты не назапашваецца", - патлумачыў Сямашка, адзначыўшы, што неабходнасць прыцягнення крэдытаў на выплату зарплаты выкліканая недахопам абаротных сродкаў.

У апошні час няпоўны працоўны тыдзень і адпачынкі за свой кошт ужо сталі звыклай практыкай. Гэта дазволіла крыху знізіць узровень складскіх запасаў.

"У першую чаргу будуецца на тым, што сёння прадпрыемствы прыйшлі ў раўнаважны стан, гэта значыць у апошнія месяцы прадаецца ўсё, што вырабляецца", - патлумачыў Сямашка свой прагноз па прамвытворчасці, адзначыўшы, што "у пачатку года 25% вытворчасці клалася на склад".

Аднак, статыстыка – рэч упартая. І каментуючы сітуацыю з прамвытворчасцю у разрэзе міністэрстваў і ведамстваў, Сямашка па сутнасці патлумачыў, што выклікала сумневы ў Ткачова.

Паводле яго словаў, асноўнай прычынай падзення аб'ёмаў прамвытворчасці ў Мінпраме ў I паўгоддзі гэтага года на 21,4% з'яўляецца няўдалая праца валаўтваральных прадпрыемстваў, выражаная ў рэзкім зніжэнні продажаў у Расеі.

МАЗ у 2008 годзе прадаў у Расею 12 тыс. грузавых аўтамабіляў, а ў I паўгоддзі толькі 786 шт. МТЗ рэалізаваў у Расею летась 25,9 тыс. трактароў, у I паўгоддзі гэтага года - толькі 6 тыс. Разам з тым, Сямашка перакананы, што МАЗ да канца года паставіць у РФ да 2,9 тыс. аўтамабіляў, МТЗ - да 11 тыс.

"Нас таксама не могуць задавальняць вынікі працы ў I паўгоддзі Дзяржкамваенпрама, які забяспечыў рост вытворчасці толькі на 1%, а экспарт тавараў і паслугаў скараціў на 6,2% пры тым, што ў 2008 годзе аб'ем вытворчасці па Дзяржкамваенпраме вырас на 23%, а ў студзені гэтага года - на 66,7%", - сказаў У.Сямашка.

Спасылаючыся на прагнозы камітэта, ён паведаміў, што па выніках года аб'ем вытворчасці ў Дзяржкамваенпраме вырасце на 14,5%. Пры гэтым Менскі завод колавых цягачоў чакае павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці па выніках года на 1% пасля зніжэння на 29,2% за I паўгоддзе.

Па словах У.Сямашкі, канцэрн "Белнафтахім" па выніках года забяспечыць рост аб'ёмаў прамвытворчасці на 9,5% пры росце на 7,9% у I паўгоддзі гэтага года. Чакаецца, што складскія запасы на прадпрыемствах канцэрна знізяцца з 37,8% да 26% сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці. І хоць "Нафтан" за I паўгоддзе павялічыў аб'ём прамвытворчасці на 17,2%, Мазырскі НПЗ - на 26,9%, у верасні-кастрычніку беларускія НПЗ скароцяць аб'ёмы перапрацоўкі ў сувязі з планавымі капрамонтамі.

У гэтай сувязі ўрад разлічвае, што да жніўня-верасня Беларуская калійная кампанія выйдзе на традыцыйны для сябе штомесячны аб'ём экспарту калійных угнаенняў на ўзроўні 400-600 тыс. т. Праўда, трэба адзначыць - калі падпіша кантракт з Кітаем.

Аднак, па словах Сямашкі, для росту прамвытворчасці неабходна прыняць шэраг сістэмных мераў: адмову ад абаротных падаткаў у самы найбліжэйшы час, новыя адміністрацыйныя меры па абароне ўнутранага спажывецкага рынка, даванне экспартаарыентаваным прадпрыемствам субсідыяў на ільгатаванне адсоткавай стаўкі па банкаўскіх крэдытах, стварэнне дзяржаўнай лізінгавай кампаніі.

Асобна чыноўнік падкрэсліў неабходнасць стварэння ільготных умоваў для прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу з мэтай іх уцягвання ў працэс экспарту беларускай прадукцыі хаця б ў краіны СНД.

"Яны павінны выканаць ролю мурашак, якія расцягнуць нашую прадукцыю", - сказаў Сямашка.

У той жа час ён заявіў, што дзяржава заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць прадпрыемствы Мінпрама. Ён прывёў у прыклад дапамогу Менскаму аўтамабільнаму заводу. Толькі за 5 месяцаў бягучага года прадпрыемства атрымала дзяржпадтрымкі на Br68,6 млрд. Таксама для ААТ "МАЗ" у траўні адкрытая крэдытная лінія ў суме Br370 млрд. з усталяваннем адсоткавай стаўкі за карыстанне крэдытам у памеры 3%. Акрамя таго, за кошт сродкаў інавацыйных фондаў адкрытая дзяржзамова па пастаўках МАЗаў на суму Br308,8 млрд.

Разам з тым, той факт, што палеміку з Сямашкам распачаў менавіта Ткачоў, які ў адміністрацыі зусім не лічыцца прыхільнікам рынкавых пераўтварэнняў, кажа пра тое, што спробы ўрада падаць сітуацыю ў беларускай эканоміцы ў ружовых танах ужо надакучылі ўсім - чара цярпення поўная ці амаль поўная.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках