12 траўня 2024, Нядзеля, 4:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыхтуецца ўказ, які прымусіць ІП прадаваць беларускія тавары

39

Заклік Лукашэнкі да прадпрымальнікаў «дапамагчы разгрузіць склады» увасобяць у заканадаўчую форму.

Урад рыхтуе праект указу па стварэнні ўмоваў для экспарту беларускай прадукцыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Збянтэжаныя ростам складскіх запасаў, чыноўнікі ў Савеце міністраў ухапіліся за прапанову прадпрымальніцкай супольнасці дапамагчы з продажамі беларускіх тавараў за мяжой. Аднак айчынныя іпэшнікі возьмуцца за экспарт толькі пры стварэнні прывабных і ільготных дзеля гэтага ўмоваў, пішуць «Беларускія навіны».

Як распавёў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін, ва ўрадзе ёсць разуменне таго, што для прадпрымальнікаў трэба стварыць ільготную сістэму экспарту беларускай прадукцыі. «Бізнэсу павінна быць выгадна займацца экспартам, — адзначыў кіраўнік БСП. — Мы ўнеслі ва ўрад свае прапановы, і зараз яны разглядаюцца».

У прыватнасці, А.Калінін лічыць неабходным стварыць для прадпрымальнікаў-экспарцёраў ільготныя ўмовы падаткаабкладання. «У гэтай сувязі мы прапаноўваем цалкам вызваліць ад выплаты падаткаў месячны прыбытак у 1000-1200 даляраў. Таксама саюз прадпрымальнікаў прапанаваў усталяваць фіксаваны сімвалічны збор у памеры адной базавай велічыні за магчымасць займацца экспартнай дзейнасцю».

У межах пытання па стымуляванні прадпрымальнікаў да экспартнай дзейнасці А.Калінін прапаноўвае «вярнуцца да пытання аб адміністрацыйных правапарушэннях. Грузы трэба вывозіць свабодна, між тым нярэдка перавозка тавараў суправаджаецца шматлікімі абмежаваннямі» ці, што яшчэ горш, «арыштам маёмасці. Трэба прыбраць шэраг пытанняў, звязаных з накладаннем штрафных санкцыяў, і вывозіць тавары па спрошчанай схеме».

Пакуль гэтыя пытанні знаходзяцца ў стадыі абмеркавання і разгляду. Па словах прадстаўніцы Савета па развіцці прадпрымальніцтва і галоўнага ініцыятара ідэі прадпрымальніцы Кацярыны Чыжык, дакумен, які рыхтуецца, павінен стаць эфектыўнай антыкрызіснай мерай па прасоўванні беларускай прадукцыі за мяжу.

«Але прадпрымальнікаў ні ў якім выпадку нельга прымушаць займацца экспартам. У шмат каго ўжо быў непрыемны досвед навязвання прадаваць беларускае, што выклікала рэзкі пратэст. І я патлумачыла чыноўнікам, што зараз не павінна так атрымацца. Прадпрымальнікі павінны самі вызначыць, выгадна ім будзе гэтым займацца ці не».

Між тым К.Чыжык перакананая, што прадпрымальнікам, у выпадку стварэння для іх прывабных умоваў, трэба «разглядаць пытанне экспарту, падшукваць асартымент, вывучаць прапановы айчынных вытворцаў. Гэта будзе рэнтабельны бізнэс».

«За мяжой цікавяцца прадукцыяй лёгкай прамысловасці, будматэрыяламі, касметыкай», — адзначыла прадпрымальніца. Паводле яе словаў, прывабнымі рынкамі збыту могуць стаць Прыбалтыка, Украіна, Расея.

«Суседняя Расея добрая з прычыны сваёй адкрытасці. Толькі за кошт Масквы прадпрымальнікі змогуць рэалізаваць вялікія аб'ёмы нашай прадукцыі, якая карыстаецца попытам і аўтарытэтам. Памятаю, убачыла, як на адным з маскоўскіх рынкаў турэцкі прадпрымальнік прадаваў турэцкія ручнікі (ведаю гэта, бо сама займаюся турэцкай прадукцыяй), на якіх было напісана «Беларускія». У Маскве добра прадаецца трыкатаж, прычым, са штучных валокнаў і не самы модны. Актыўна прадаецца звычайная ніжняя жаночая бялізна, якая пасля аднаго-двух пранняў расцягваецца. Нашая прадукцыя не разлічаная на эліту Масквы, а на сярэдні сегмент — асноўнага жыхара расейскай сталіцы».

Акрамя Масквы для прадпрымальнікаў могуць стацца прывабнымі Санкт-Пецярбург, Сургут, Ніжні Ноўгарад.

Зрэшты, як лічыць К.Чыжык, пры стварэнні прывабных умоваў для экспарту беларускіх тавараў прадпрымальнікі самі знойдуць рынкі збыту і адпрацуюць схемы продажаў: «Прадаваць можна па-рознаму. Напрыклад, удзельнічаць у тыднёвым кірмашы-продажы. Але прадпрымальнік сам пралічыць усе магчымыя варыянты».

Пакуль экспартам займаецца толькі невялікая частка прадпрымальнікаў. Паводле звестак беларускай мытні, на працягу першага паўгоддзя ІП экспартавалі, у прыватнасці ў Расею, тавараў на суму 3,3 млн. даляраў. У структуры аб'ёмаў знешняга гандлю і ўжо тым больш для зніжэння адмоўнага сальда — гэта мізер. Да таго ж і склады даўно трашчаць па швах, асабліва ў прадпрыемстваў Беллегпрама. Толькі за 6 месяцаў запасы гатовай прадукцыі да сярэднемесячнага аб'ёму вытворчасці выраслі да 648 млрд. рублёў і склалі 219,4%.

Сітуацыя са складскімі запасамі апынулася настолькі засмучальнай, што Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Давайце актывізуем нашых бізнэсмэнаў, папросім іх дапамагчы рэалізаваць запасы прадукцыі. Прадпрымальнікі маглі б істотна дапамагчы. Але мы дагэтуль гэтага не зрабілі — урад не чуе тое, пра што я кажу».

Урад Лукашэнку пачуў. Хутка стане вядома, наколькі добра ён паслухае прадпрымальнікаў.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках