17 траўня 2024, Пятніца, 2:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Стонаў: «Беларускія чыноўнікі вылучаюцца нянавісцю да габрэяў»

80

У Менск прыбыў дырэктар Бюро па правах чалавека і захаванні законнасці ў краінах былога СССР Аб'яднання камітэтаў у абарону габрэяў у былым СССР.

Леанід Стонаў знаходзіўся Беларусі з 3 па 6 жніўня. Асноўнай мэтай візіту было вырашэнне пытанняў рэгістрацыі прадстаўніцтва аб'яднання.

У інтэрв'ю агенцтву БелаПАН па выніках візіту Стонаў назваў «вельмі адчувальнай» праблему дапамогі дзяржавы этнасам, якія пражываюць у Беларусі, у захаванні іх мовы, культуры і традыцыяў. Паводле яго словаў, у краіне з цэнтралізаванай уладай, дзе размеркаванне сацыяльных выгодаў адбываецца пераважна «зверху», адсутнічае сапраўдная рынкавая эканоміка і звязаная з ёй дабрачыннасць, няма паўнавартасных умоваў для свабоднага развіцця нацыянальнай самабытнасці грамадзянаў.

«У Беларусі дагэтуль адсутнічае дзяржаўная канцэпцыя па развіцці і ўзаемадзеянні этнасаў, па падтрымцы нацыянальных і рэлігійных меншасцяў, што стварае небяспеку іх поўнай асіміляцыі, — лічыць праваабаронца. — Напрыклад, у Беларусі няма ніводнай фінансаванай дзяржавай габрэйскай агульнаадукацыйнай школы, газеты, культурнай установы (тэатра, клуба, музея), радыё- і тэлепраграмы. Адзіная ў краіне кафедра юдаікі БДУ не можа забяспечыць краіну неабходнай колькасцю спецыялістаў».

Акрамя таго, адзначыў Стонаў, «у шэрагу гарадоў (Менску, Барысаве, Берасці, Магілёве) востра стаіць пытанне пра вяртанне габрэйскім рэлігійным і свецкім арганізацыям грамадскіх будынкаў, якія належылі габрэям да кастрычніка 1917 года».

«У лепшым выпадку габрэйскія арганізацыі арандуюць гэтыя памяшканні ў дзяржструктураў», — заўважыў праваабаронца.

Стонаў заявіў, што некаторыя беларускія чыноўнікі «савецкага ўзору», працягваючы заставацца на важных пасадах, «вылучаюцца нянавісцю да габрэяў» і аддаюць перавагу не заўважаць фактаў праявы антысемітызму.

«Праваабаронцамі зарэгістравана мноства злачынстваў, якія носяць характар вандалізму (нацысцкія графіці на габрэйскіх помніках і памятных знаках, разбурэнне могілак, будаўніцтва «на костках»), адзначаецца разгул антысемітызму і іншых відаў ксенафобіі ў інтэрнэце, імпарт неанацысцкай літаратуры з Расеі, «гастролі» расейскіх скінхэдаў (асабліва ў Віцебску і Магілёве). Належнай рэакцыі ўладаў на гэтыя факты пакуль не было, канстатаваў праваабаронца.

Не выкананае і рашэнне ўрада аб вылучэнні памяшкання для музея Халакоста, нагадаў Леанід Стонаў. «Інфармацыя пра маштаб гэтай трагедыі ў Беларусі па-ранейшаму адсутнічае ў энцыклапедыях, даведачных і вучэбных выданнях. У Менску дагэтуль няма мемарыяльнай дошкі на месцы гібелі ў студзені 1948 года вялікага артыста і грамадскага дзеяча Саламона Міхоэлса. Я шчыра здзіўлены надзвычай малой колькасці школаў з выкладаннем на беларускай мове, а таксама адсутнасці дзяржаўнай сістэмы дапамогі тым, хто хоча асвоіць родную мову», — сказаў Стонаў.

На яго думку, дзяржаве сумесна з грамадскасцю варта распрацаваць праект закона аб грамадскіх аб'яднаннях, асацыяцыях і культурна-нацыянальных аўтаноміях, арыентуючыся на дакументы міжнародных арганізацыяў. Да гэтай працы мэтазгодна прыцягнуць міжнародных экспертаў, лічыць Леанід Стонаў.

Аб'яднанне камітэтаў у абарону габрэяў у былым СССР – няўрадавая арганізацыя, якая займаецца маніторынгам антысемітызму і іншых відаў ксенафобіі. Мэты арганізацыі - абарона ахвяраў дыскрымінацыі і рэлігійных пераследаў, дапамога ў прывядзенні заканадаўства ў гэтай сферы ў адпаведнасць з міжнароднымі дакументамі і абавязальніцтвамі, садзейнічанне інстытутам грамадзянскай супольнасці, а таксама падтрымка ў выхаванні талерантнасці.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках