Беларускія вёскі вырашылі «русіфікаваць»
32- 21.09.2009, 15:34
Нацыянальнае кадастравае агенцтва накіравала ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці дакладную запіску, у якой заявіла пра адмову ад транскрыбавання геаграфічных назваў з беларускай мовы.
Агенцтва лічыць неабходным перакладаць назвы населеных пунктаў не з беларускай, а з рускай мовы і адпаведна транслітараваць на ангельскую, паведамляе «Еўрарадыё».
Так, цяпер населены пункт Гай можа называцца Рошчы (Roshchi), а «Заходні» – «Западным».
Днямі Таварыства беларускай мовы накіравала кіраўніку прэзідэнцкай Адміністрацыі Уладзіміру Макею ліст, ў якім заявіла, што «кадастравае агенцтва спрабуе перакрэсліць зробленае ў галіне нармалізацыі напісання назваў геаграфічных аб’ектаў».
Таварыства беларускай мовы выступае за тое, каб выконваць пастановы, прынятыя Дзяржаўным камітэтам па маёмасці, і даваць назвы населеным пунктам і прыпынкам, зыходзячы з беларускай мовы, напрыклад, «Чырвоны Араты» і «Чирвоный Аратый» (а не «Красный пахарь»).
Распрацоўка напісання геаграфічных назваў вядзецца спецыялістамі з 2001 года. За гэты час пабачылі свет «Даведнікі назваў населеных пунктаў Беларусі» з 4 абласцей, і 2 апошнія вобласці рыхтаваліся да выдання.
Даведнікі атрымалі станоўчыя водгукі спецыялістаў з ААН, некалькі гадоў выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы геаграфічных мапаў і турыстычных шыльдаў.