3 траўня 2024, Пятніца, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лорду Бэлу знайшлі замену?

37

На ніве стварэння спрыяльнага беларускага іміджу замаячылі новыя брытанцы.

Інстытут дзяржаўных ідэалогій INSTID (Лондан) вядзе перамовы з урадам Беларусі пра падпісанне кантракту аб фармаванні іміджу краіны, паведаміла БелаПАН старэйшы эксперт гэтага інстытута, брытанскі палітолаг Наталля Лешчанка.

Эксперт адзначыла, што гаворка не ідзе пра паўнавартасны кантракт, паколькі беларускія ўлады сталі асцярожней ставіцца да дамоў падобнага роду з замежнікамі. «Мы прапануем не піяр-паслугі, не размяшчэнне матэрыялаў у СМІ, але менавіта тое, чаго сур'ёзна не хапіла ў працы лорду Бэлу: стварыць мадэль іміджу Беларусі і доўгатэрміновую стратэгію прасоўвання краіны на Захадзе», — сказала Лешчанка.

Прадстаўнік лонданскага інстытута адзначыла, што ў адміністрацыі Лукашэнкі заяўляюць, што працаваць трэба як з мясцовымі, так і з заходнімі экспертамі, а таксама, магчыма, стварыць сталую змяшаную камісію, якая займалася б пытаннямі іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.

Па словах Лешчанка, сама яна беларуска, адна з трох вядомых на Захадзе беларускіх палітолагаў і адзіны спецыяліст у галіне беларускага нацыяналізму — гэтай тэме прысвечана яе дысертацыя.

«Эксперты ўнутры краіны таксама патрэбны, але мы будзем карысныя не толькі таму, што добра разбіраемся ў пытаннях ідэалогіі. Мы ведаем, як працуе заходняе грамадства, чаго можна дасягнуць з дапамогай рэпутацыйнага мэнэджменту. Спецыялісты падкажуць, як данесці свой пункт гледжання», — сказала палітолаг.

Нагадаем, што ў жніўні беларускія ўлады і брытанскае піяр-агенцтва Bell Pottinger Group, арганізаванае лордам Цімаці Бэлам, спынілі супрацоўніцтва.

Эксперт у палітычным брэндынгу і публічных камунікацыях, партнёр у кампаніі Stonewell London Limited (Лондан) Аляксандр Гранд сказаў, што ў дыскусіі, якая разгарэлася ў СМІ у сувязі з «адстаўкай» Bell Pottinger, актыўна ўдзельнічаў лонданскі Інстытут дзяржаўных ідэалогій (INSTID), вядомы сваімі неардынарнымі падыходамі і міжнародна прызнанымі экспертамі. Можна сказаць, ён гэтую дыскусію і ініцыяваў, выступіўшы з цвёрдай крытыкай пазіцыі Бэла і прапаноўваючы Лукашэнку падыход «зрабі сам». Пры гэтым дзіўна назіраць, як вядомы больш на захадзе даследчы цэнтр, не «засвечаны» у палітычных гульнях у СНД, відавочна цікавіцца пытаннямі іміджу Беларусі. З'явіліся чуткі, што да дзейнасці інстытута выяўляе цікавасць кіраўніцтва краіны. Вядома, што кіраўнік INSTID Аляксандр Фядулін быў у Менску незадоўга да сканчэння кантракту з Bell Pottinger, пасля чаго беларускія СМІ былі ў раптоўна наводненыя каментарамі экспертаў інстытута.

Нагадаем, што ў лістападзе сканчваецца выпрабавальны тэрмін, дадзены беларускім уладам Еўразвязам. У лістападзе, у залежнасці ад сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі, будзе вырашацца пытанне падаўжэння ці прыпынення санкцый ЕЗ супраць беларускага рэжыму. Улады Беларусі павінны вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі, даць свабоду СМІ і няўрадавым арганізацыям, унесці змены ў Выбарчы кодэкс, каб у краіне стала магчымым правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў. Ні адна з гэтых умоў дагэтуль не выканана.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках