10 чэрвеня 2026, Серада, 15:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзеля выйгрышу ў «Суперлато» беларус стане маскоўскім гастарбайтэрам

43

Жыхар вёскі Хатынічы ўжо прайграў машыну ў «Суперлато», але спыняцца не збіраецца.

Малады чалавек з вёскі Хатынічы стаў вядомы на ўсю краіну амаль імгненна. Ён прадаў сваю машыну і на 3,6 мільёна рублёў купіў 705 латарэйных білетаў. Аднак выйграў толькі 2,5 мільёна рублёў, нагадвае «Еўрарадыё».

Сам 21-гадовы Анатоль Ваўчок катэгарычна адмаўляецца ад інтэрв’ю. Затое пра яго ўчынак распавяла маці маладога чалавека Зоя Ваўчок.

Паводле словаў Зоі Ваўчок, на сына яна не сварылася, калі даведалася, што ён накупляў латарэйных білетаў. Але, кажа, папярэджвала, каб на выйгрыш асабліва не разлічваў.

«Ды не, не сварыліся. Гэта яго грошы, ён сам зарабляў -- дык што я буду сварыцца на яго? Толькі казала, што гэта рызыка. І што прайграе і грошы, і машыну», -- кажа Зоя Ваўчок.

Дарэчы, сама маці адчайнага гульца таксама час ад часу набывае латарэйныя білеты, але пакуль нічога не выйгравала.

«І я, як пачаліся гэтыя латарэі, купляю. Не часта, па адной, па дзве. Але толку няма — нічога не выйграю», -- заяўляе жанчына.

Паводле словаў Зоі Ваўчок, ёй самой стала цікава, дзе сын купіў столькі латарэй. У іх вёску столькі не прывозяць. Высветлілася — спецыяльна ездзіў у Менск.

«Купляў у банках, у зберкасах. Кажа, пытаюцца: «Колькі табе латарэй — «троечку», дзве?» Кажа, як ні скажу, каб давалі ўсе, што ёсць, то смяяліся адразу. Яму ж 21 год, выглядае, як пацан. Вось і пыталіся, ці ёсць у яго столькі грошай, каб на ўсе латарэі. Вядома, кажа, ёсць. То прасілі паказаць. Дасць грошы, а там паглядзяць, ці сапраўдныя, не фальшывыя», -- кажа маці гульца.

Калі Анатоль Ваўчок прыехаў дахаты з цэлым пачкам латарэй, распавядае яго маці, шмат хто з аднавяскоўцаў паглядаў на яго з зайздрасцю. Нават сусед сабраўся ехаць па латарэйныя білеты ў Менск.

«Сусед адразу сабраўся, як сын вярнуўся. Кажа, паеду хоць на мільён куплю латарэй. А потым нешта перадумаў і купіў толькі тры «троечкі». І нічога на тыя «троечкі» не выйграў. Таму цяпер кажа: «Добра, што не накупляў на мільён!», -- распавядае Зоя Ваўчок.

А вось Анатоль Ваўчок не толькі не шкадуе ні пра грошы, ні пра машыну, але плануе і надалей выпрабоўваць шчасце, кажа маці.

«Казаў, што як зараблю, будуць грошы, то накупляю яшчэ латарэй», -- гаворыць маці маладога чалавека.

І, каб мець дастаткова грошай на чарговы пачак «Суперлато», Анатоль Ваўчок збіраецца, як пацяплее, ехаць на заробкі ў Маскву.

Адзначым, што беларусы штогод купляюць больш за 26 мільёнаў латарэйных білетаў. Кожны каштуе 4 тысячы рублёў. Атрымліваецца, што за год жыхары нашай краіны толькі на адну латарэю «Суперлато», трацяць 104 мільярды рублёў. А гэта каля 36 мільёнаў далярў.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках