18 траўня 2024, Субота, 23:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

П'яны жыхар Гародні сагнаў «хуткую дапамогу»

30

Малады чалавек катаў сяброў на сагнаным аўто па начной Гародні, уключаў сірэну і «мігцелкі», спяваў у гучнапрамоўнік песні.

Больш за дзвесце кіламетраў «наматаў» скрадзены ў ноч з суботы на нядзелю спецыялізаваны аўтамабіль бальніцы хуткай дапамогі. Згоншчык пабываў нават у Мастоўскім раёне, дзе пасадзіў у салон сваіх нецвярозых сяброў. Каб пакуражыцца, 23-гадовы жыхар абласнога цэнтра перыядычна ўключаў «мігцелку» і праз мегафон патрабаваў у кіроўцаў саступіць яму дарогу, паведамляе «Гродзенская праўда».

Як паведамілі ў прэс-службе УУС, гэты малады чалавек ужо быў судзімы за крадзяжы аўтамабіля, але запал да прыгодаў у ім, як відаць, не знік. Прыгледзеўшы на тэрыторыі бальніцы машыну, якая стаіць без нагляду з ключамі ў замку запальвання, ён не ўтрымаўся ад спакусы і сеў за руль.

Невядома, чым магла скончыцца гэтая паездка, калі б нецвярозага згоншчыка раптам не заблакаваў прапаршчык міліцыі, кіроўца аператыўна-дзяжурнай службы Кастрычніцкага АУС Валерый Лапошка. Ён толькі заступіў на дзяжурства і ўжо ведаў аб згоне. Праязджаючы па праспекце Янкі Купалы, звярнуў увагу на машыну «хуткай дапамогі», тым больш, што праз мегафон з яе кабіны даносіліся гукі гучнай музыкі і п'яныя галасы, што пераходзілі на мат. Валер, паведаміўшы па рацыі пра месцазнаходжанне сагнанай машыны, сам стаў пераследваць яе. Рабіў гэта ціха і неўзаметку, разумеючы, што, калі згоншчык заўважыць пагоню і ірване праз двары, бяды не мінуць...

Толькі скрадзены аўтамабіль прытармазіў на праспекце Кляцкова, Валерый за лічаныя секунды выскачыў з-за руля міліцэйскай машыны і рыўком адчыніў кабіну «хуткай дапамогі». Разгубіўшыся, згоншчык і яго сябры моцна не супраціўляліся. А неўзабаве прыбыла следча-аператыўная група.

Раней судзімы згоншчык аўтамабіля зараз у следчым ізалятары. Яго лёс вырашыць суд.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках