13 траўня 2024, панядзелак, 6:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы жывуць горш, чым суседзі па СНД

12

Беларусь даўно аўтсайдар сярод краінаў СНД па шматлікіх параметрах, звязаных з узроўнем жыцця.

Улады абяцаюць, што праз пяць гадоў па ўзроўні жыцця Беларусь павінна зраўняцца з сярэдняй еўрапейскай краінай. Але спачатку нядрэнна б дагнаць суседзяў па постсавецкай прасторы, піша «Заўтра тваёй краіны».

Так, напрыклад, беларусы даўно страцілі лідарства па тэмпах росту зарплаты. Па гэтым паказніку за дзевяць апошніх гадоў Беларусь, дзе зарлата вырасла з 2000 па 2009 год на 188%, абыйшлі Таджыкістан (рост на 419%), Азербайджан (на 248%), Украіна (на 216%), Арменія (на 198%) і Малдова (на 192%). (Тут і далей прыводзяцца дадзеныя, апублікаваныя ў складанцы Белстата «Беларусь і краіны СНД» -- аўт.)

Самыя нізкія тэмпы росту зарплаты былі ў Казахстана (на 121%), а вось Расея амаль дагнала Беларусь (рост на 175%).

Аднак адставанне ў тэмпах росту не замінае партнёрам па Мытным саюзе апярэджваць Беларусь па велічыні налічанай зарплаты ў даляравым выразе. Сярэднямесячная зарплата ў 2009 годзе па сярэднямесячным курсе даляра ЗША склала ў Расеі 622 даляры, у Казахстане - 452,8, у Беларусі - 350 даляраў. І гэта толькі чацвёрты вынік з дзевяці краінаў СНД -- па ўзроўні даляравай зарплаты Беларусь абыходзіць таксама Азербайджан (371 даляр).

Па ўзроўні пенсій у даляравым выразе мы другія (150 даляраў), а лідыруе зноў жа Расея з пенсіяй у 204 даляры за 2009 год.

Што можа з'есці на 100 даляраў мянчук, масквіч і жыхар Астаны

Пры гэтым дадзеныя пра пакупную здольнасць даляравай зарплаты ў сталіцах Казахстана і Расеі разбіваюць ушчэнт міф пра тое, што там жыццё даражэйшае, а таму і зарплата вышэйшая. Як стала вядома, на 100 даляраў можна набыць прыблізна такую ж колькасць тых ці іншых прадуктаў і ў Маскве, і ў Астане, і ў Менску. А па некаторых пазіцыях у Маскве і Астане нават больш - напрыклад, прыкметныя разыходжанні адзначаюцца па яйках і цукру. Праўда, у Менску на 100 даляраў можна набыць больш малака, чым у Маскве, але пры гэтым менш, чым у Астане.

Зрэшты, Беларусь з года ў год трымае «ганаровае» першае месца сярод краінаў СНД па долі выдаткаў хатніх гаспадарак на алкаголь -- 2,2%. У Расеі гэты паказнік знаходзіцца на ўзроўні 1,7%. Прычым, гэтае ж першае месца захоўваецца ў Беларусі і сярод малазабяспечанага насельніцтва. 10% самых малазабяспечаных беларусаў выдаткоўваюць на алкаголь - 2,1% сваіх выдаткаў.

Столькі ж выдаткоўваюць і 10% самых забяспечаных жыхароў краіны. І па гэтым паказніку мы саступілі першынства Украіне - там самыя багатыя дазваляюць сабе выдаткаваць на алкаголь 2,3% ад усіх сваіх выдаткаў.

Што да забяспечанасці таварамі працяглага карыстання, то хоць у Беларусі і вырабляецца больш за ўсё тэлевізараў, халадзільнікаў і пральных машынаў на душу насельніцтва сярод краінаў СНД, мы саступаем першынства па забяспечанасці насельніцтва гэтымі таварамі Казахстану і Расеі.

Затое ў нас першае месца па тых таварах, якія ў краіне не вырабляюцца - легкавых аўтамабілях («Саманд» не ў разлік). На тысячу жыхароў у Беларусі на канец 2009 года даводзілася 242 аўтамабіля, у Расеі – 221, ва Украіне – 136. Відавочная і прычына – нізкія пошліны на іншамаркі і блізкасць еўрапейскага рынка карыстаных аўтамабіляў. Але пасля ўводзінаў новых пошлін для фізічных асобаў (што можа адбыцца ў ліпені 2011 года), і ў сувязі з масавым вывазам аўтамабіляў з беларускіх аўтарынкаў у Расею ў апошні час гэтае лідарства мы можам страціць ужо ў найбліжэйшыя два гады.

Ну, і, мабыць, самым крыўдным для Беларусі з'яўляецца тое, што яна не лепшая па паказніку занятасці. І тут ёсць мегачэмпіёны. Гэта Казахстан з узроўнем зарэгістраванага беспрацоўя 0,6%, (да эканамічна актыўнага насельніцтва на канец 2009 года), тады як у нас толькі 0,9%. Ды і на другім месцы Беларусь «падседжвае» Азербайджан з узроўнем беспрацоўя ў 1%.

Вось так незаўважна праходзіць мірская слава ўнікальнай беларускай эканамічнай мадэлі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках