20 траўня 2024, панядзелак, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка паклапаціўся пра пенсію для Ярмошынай

51

Пенсійная дапамога абвінавачванай у фальсіфікацыях кіраўнічкі ЦВК будзе складаць 65 адсоткаў ад яе зарплаты.

Напярэдадні выбараў Лідзія Ярмошына часта выступае ў прэсе. Нядаўна, адказваючы на пытанні газеты «Аргументы і факты» ў Беларусі», яна заўважыла: «Хто яго ведае, можа, на пенсіі вазьму і пайду ў дэпутаты».

Калі хтосьці не ведае, кіраўнічка беларускай Цэнтральнай выбарчай камісіі яшчэ два гады таму перасягнула пенсійны ўзрост, усталяваны ў Беларусі для жанчынаў. 29 студзеня 2010-га Лідзіі Ярмошынай споўнілася 57 гадоў. Таму, напэўна, няма нічога дзіўнага ў яе словах — можна і на пенсію. Тым больш, што пажыць на такую пенсію напэўна хацеў бы любы з нас. Як атрымалася высветліць ў «Народнай волі», пенсійная дапамога Ярмошынай будзе складаць 65 адсоткаў ад яе заработнай платы. А зарабляе Ярмошына, з яе словаў, чыстымі 3 мільёны 600 тысячаў рублёў. Такім чынам, пенсія Ярмошынай, па разліках аднаго са спецыялістаў сацзабеспячэння, складзе не менш за 2,7 мільёна рублёў. Плюс да гэтага яшчэ і пэўныя ільготы.

Прычым, каб забяспечыць Лідзіі Ярмошынай такую пенсію, Аляксандру Лукашэнку два гады таму прыйшлося выдаць спецыяльны ўказ, якім былі ўнесеныя дадаткі ў прэзідэнцкі ўказ ад 30 лістапада 2006 года «Аб штомесячным грашовым ўтрыманні асобных катэгорыяў дзяржаўных службоўцаў». Як вядома, гэты дакумент вызначаў штомесячнае грашовае ўтрыманне шмат якім чыноўнікам пры выхадзе на пенсію, а таксама дэпутатам, амбасадарам і іншым дзяржаўным дзеячам, якія выйшлі на заслужаны адпачынак. У гэты пералік пасадаў кіраўнічка Цэнтральнай выбарчай камісіі не ўваходзіла, што, увогуле, лагічна. Ну нельга ўраўноўваць адказнасць міністра, у якога ў падначаленні сотні людзей, дзясяткі прадпрыемстваў, і кіраўніка ЦВК, у штаце якой на пастаяннай аснове і дзясятка чалавек, відаць, не набярэцца. Аднак у Лукашэнкі іншая логіка, і 4 снежня 2008 года ён «промах» выправіў. Супадзенне гэта ці не, але «праца над памылкамі» адбылася ў год 55-гадовага юбілею Ярмошынай (другі ўказ кіраўніка дзяржавы з'явіўся 4 снежня 2008 года).

Радок пра «штомесячнае грашовае ўтрыманне» кіраўніка ЦВК унесены ў абзац, дзе пералічаныя «асобныя катэгорыі дзяржслужачых», якім пенсійная дапамога вызначаная ў памеры 65 адсоткаў ад зарабатнай платы. Заўважце, не ад акладу, а ад заработнай платы, якая ўключае і прэміі, і даплаты за выслугу гадоў, і надбаўкі за класнасць і г.д.

Праўда, Ярмошына, мяркуючы па ўсім, на пенсію не спяшаецца. Інакш навошта «прыстрашыла» — «вось вазьму і пайду ў дэпутаты». Хаця зразумець яе, вядома, можна. Праца ў цяперашніх дэпутатаў не пыльная, пад дыктоўку адміністрацыі Лукашэнкі, а зарплата прыстойная. Сёння, ва ўсякім выпадку, яна складае амаль 4 мільёны рублёў.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках