20 траўня 2024, панядзелак, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Намстаршыні аблвыканкама: Лукашэнка спёкся

95
Намстаршыні аблвыканкама: Лукашэнка спёкся

СМІ прапанавалі выказаць сваё меркаванне пра цяперашнюю выбарчую кампанію прадстаўніку дзяржаўнага апарата.

Суразмоўца «Беларускага партызана» – намеснік старшыні аднаго з аблвыканкамаў, чалавек з вялікім жыццёвым досведам і ведамі эканомікі.

Па зразумелых прычынах ён аддаў перавагу выказацца на ўмовах ананімнасці.

НІ КАНКРЭТНАГА СЛОВА, НІ СВЕЖАЙ ДУМКІ

- Скажыце, калі ласка, як Вы ацэньваеце праграму Аляксандра Лукашэнкі?

- Шчыра кажучы, як пустую паперку. Ні канкрэтнага слова, ні свежай думкі. Усё гэта мы чыталі за яго подпісам яшчэ ў 2001 годзе. Але тады час быў іншы. Тады Расея аплочвала ўсе яго дзівацтвы. Цяпер ён з Расеяй пасварыўся. Не Беларусь пасварылася - Лукашэнка пасварыўся. А пакутаваць прыйдзецца Беларусі.

- Няўжо зусім нічога новага?

- Новае ёсць. Напрыклад, пра касмічную галіну як пра лакаматыў нашай эканомікі. Але гэта ж трызненне! Пасля таго, як расейская ракета з нашым спадарожнікам на зямлю грукнулася, хто паверыць, што мы самастойна можам штосьці падобнае запусціць? І навошта? Мы што - Савецкі Саюз? Швейцарыя наколькі за нас багацейшая - і тое ў космас не лезе.

А нанатэхналогіі? Хай ён даярцы з Верхнядзвінскага ці Пухавіцкага раёна пра гэта распавядзе! У нас як анекдот перадаюць, што новы губернатар, наведваючы ферму, спытаў: «А ці рабілі гэтай карове УГД (УЗИ)?» Якое УГД карове? У нас даяркі і заатэхнікі не заўсёды сабе гэта могуць дазволіць. Тут ужо не да нанатэхналогій.

- Але ж пэўныя дасягненні ёсць. Напрыклад, амаль дасягнулі сярэдняй зарплаты ў 500 даляраў па краіне…

- Слухайце, не нагадвайце пра гэта. Мы ўсе з жахам думаем, што пачнецца пасля новага года, калі гэтыя 500 даляраў стануць спачатку 400, а потым і зусім 300-стамі. Яму добра, ён адседзіцца ў рэзідэнцыі. Нам прыйдзецца ісці да народа і ўсё тлумачыць, нам! І што мы скажам? Прабачце, людзі, Расея дзюбанула коштамі - усе вашыя прыбыткі цю-цю!

ЁН СПЕЦЫЯЛЬНА РАЗ'ЮШВАЕ МЯДЗВЕДЗЕВА І ПУЦІНА

- А прычым тут Расея?

- Як прычым? Толькі сляпы не разумее, што Лукашэнка рыхтуецца ўсё спісаць на Расею. Ён жа спецыяльна раз'юшвае Мядзведзева і Пуціна, каб яны больш жорстка з ім - гэта значыць, з намі! - абыйшліся. Яму здаецца, што так яму лягчэй будзе атрымаць дапамогу на Захадзе.

- А Вы не верыце ў дапамогу Захаду?

- Астап Бэндар верыў, што Еўропа яму дапаможа. Я не веру. У нас у вобласці дзве траціны вытворчасці арыентаваныя на Расею. Які Захад усё гэта набываць будзе? Каму гэта трэба? Мы ж, замест таго, каб эканоміць грошы і набываць новыя тэхналогіі, лёдавыя палацы будавалі. Пабудавалі. А дзе новыя заводы? Дзе новае абсталяванне на старых заводах? Шклоўскую папяровую фабрыку пабудавалі? А чаму «Савецкая Беларусь» не на шклоўскай паперы друкуецца? Ці на шклоўскай?

- Можа, і на шклоўскай. Гэта значыць, Вы - прыхільнік саюза з Расеяй?

- Я - прыхільнік здаровага розуму. Нельга пляваць у руку, якая табе прапаноўвае дапамогу. Лукашэнку Расея заўсёды дапамагала, а з ім - і нам. Столькі гадоў і газ быў танным, і нафтапрадукты перапрадавалі. А цяпер робім выгляд, што без іх пражывём? Дык раней трэба было пра гэта думаць. Цяпер бы пляваць не прыйшлося.

- Затое дэманструем сваю ганарыстасць і незалежнасць.

- Ганарыстасць і незалежнасць? Гэта, калі ён просіць пра сустрэчу з прэзідэнтам Расеі, а той адмаўляецца і адлятае? Ці калі наш прылятае на саміт, а яго там не прымаюць, так што ён вымушаны ў хакей гуляць, пакуль іншыя пытанні па справах абмяркоўваюць? Гэта не ганарыстасць. Гэта сорам для ўсёй краіны.

НАВОШТА БАЯЦЦА АПАЗІЦЫІ?

- Дык што - выйсця няма?

- Выйсця няма. Ёсць надзея.

- Надзея на цуд?

- Надзея на народ. Вы зразумейце, мы, дзяржаўныя службоўцы - людзі падначаленыя. На кожнага хапае кампрамату. Няма кампрамату - яго прыдумаюць. Таму намалюем лічбы так, як ён скажа. І ўсё будзем паглядаць на гадзіннік. Праб'е час, пакажуць 20.00 - палезем у інтэрнэт глядзець, колькі там у Менску на плошчу выйшла. Чым больш выйдзе, тым менш у нас будзе страху. Тым прасцей, псіхалагічна прасцей, будзе сказаць праўду.

- Вы сапраўды не баіцеся апазіцыі?

- А навошта яе баяцца? Я быў інструктарам райкама, калі Някляеў прэмію Ленінскага камсамола атрымліваў. Саннікаў - сам былы дзяржслужачы. Яны вешаць і на кол саджаць нікога не будуць. Звычайныя людзі. У крайнім выпадку - звольняць. Дык я і без іх працу знайду.

- А турма?

- У нас сёння колькі народу ў турме сядзіць? Хай іх спачатку выпусцяць. А там высветліцца, што і нас саджаць няма за што.

- А калі сапраўды звольняць?

- І дзе знойдуць кадры, каб замяніць нас? Саннікаў што - МЗС свой на сельскую гаспадарку паставіць? Не будзе гэтага.

- Ну, ці Някляеў - пісьменнікаў…

- А тут смяяцца я б не стаў. Някляеў жа і не кажа, што пісьменнікі прамысловасцю пры ім кіраваць будуць. Ён кажа пра тое, што кіраўнікоў рэгіёнаў будуць выбіраць жыхары, а міністраў прызначаць парламент. Гэта правільна. Гэта прымушае ўсіх быць адказнымі.

СТРАХ ЦІ АДКАЗНАСЦЬ?

- Дык Вы ж і так адказваеце. Перад прэзідэнтам.

- Прэзідэнт і выбарнікі - не адно і тое ж. І страх і адказнасць - не адно і тое ж. Не лічыце нас тупымі. Мы ж самі разумеем розніцу. На выбарніка трэба працаваць, а прэзідэнту пры цяперашняй сістэме ўлады даводзіцца зад… прабачыце, дагаджаць! Чаму Віцебшчына столькі гадоў па большасці паказнікаў была горшай, а губернатар узначаліў «Палату»? Таму што даваў галоўны паказнік - галасаванне.

- Ну, і Вы б давалі…

- Давалі. А цяпер пачалі думаць пра заўтрашні дзень. Лукашэнка калі сыдзе мірам, яго ніхто пальцам не кране. А значыць, і нас. А пачне разганяць Плошчу дубінкамі ці страляць, крый божа, адказваць і нам разам з ім прыйдзецца. А ў нас сем'і. Ва ўсіх - і ў цывільных, і ў міліцыі з КДБ. Адзін стрэл - і ўсіх нас на вілы паднімуць.

- Баіцеся?

- Баюся. Адказнасці за ўласныя грахі не баюся: у мяне іх не так шмат. А за нечую дурасць, за дурны стрэл які-небудзь - вельмі баюся. Тады ж нікому прабачэння не будзе. Беларускі народ прабачыць усё, акрамя крыві.

СПЁКСЯ БАЦЬКА?

- Вы дапускаеце, што Лукашэнка чагосьці не ведае?

- Цалкам дапускаю. Калі ты столькі гуляеш у хакей, тэніс, тэлеграмы віншавальныя Бабкінай і Хазанаву складаеш, то дзе ў цябе час, каб усё самому кантраляваць? Вядома, многае яму дакладваюць. Але не ўсё.

- Напрыклад?

- Шчыра? Думаю, ён нават праграму сваю - тую, што пра нанатэхналогіі і космас - не чытаў. А калі чытаў і падпісаў такое, прачытаўшы, то я яго зусім не разумею. Значыць, усё - «спёкся бацька».

- У якім сэнсе?

- Ну, ён жа заўсёды ад практыкі ішоў. Нутром адчуваў, што чалавеку трэба. А цяпер пачуццё гэтае кудысьці рассмакталася, ці што? Хай ён у Вілейцы ці, скажам, у Слоніме пра нанатэхналогіі распавядзе - і людзей паслухае. Толькі не тых, каго да яго на сустрэчы на аўтобусах, спецыяльна адабраных, падвязуць. А сапраўдных. У каго зарплата не тое што ў 500 даляраў - а планкі ў 300 дагэтуль не дасягнула. Я на яго пагляджу. Я калі перад такімі выступаю, упараны выходжу. Яны цябе слухаюць, глядзяць спадылба. І ты ўсё разумееш, што яны думаюць.

- А што думаюць?

- «Калі ўсё гэта скончыцца?»

- Што «ўсё»? Ваш выступ?

- Усё скончыцца. Гэтая ўлада калі скончыцца. Гэты дур скончыцца. Гэтае хамства скончыцца. Я быў нядаўна ў складзе інфармацыйнай групы - мы яе называем «эскадрон смерці», таму што незразумела, што людзям казаць, каб не пабілі - асабліва на буйных заводах. Дык вось, скончылася сустрэча. Падышоў працоўны - пажылы дзядзька, старэйшы за мяне. І кажа: «Мужык, табе хлусіць не сорамна?»

- А Вы што яму адказалі?

- Адказаў сумленна: жыць так стала сорамна.

Напісаць каментар 95

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках