Кіраўніцтва АГП ўзяў на сябе Станіслаў Багданкевіч
23- 30.12.2010, 19:08
Ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч ўзяў на сябе кіраўніцтва партыяй.
"Мірная дэманстрацыя беларускіх грамадзянаў пад кіраўніцтвам апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты супраць фальсіфікацыі выбараў была жорстка разагнаная з наступным арыштам як кандыдатаў у прэзідэнты, так і іх прыхільнікаў", - гаворыцца ў заяве Станіслава Багданкевіча. - "Сярод арыштаваных - старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама шэраг іншых сябраў вышэйшага кіраўніцтва партыі і актывістаў, у тым ліку старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў і ягоны намеснік Алег Корбан".
"Ва ўмовах, калі партыя фактычна абезгалоўлена, зыходзячы з адказнасці за партыю, за захаванне ейнага адзінства і неабходнасці неадкладнай арганізацыі барацьбы за вызваленне нашых рэпрэсаваных таварышаў, часова, па ўзгадненні з Палітрадай АГП, прымаю на сябе кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыяй", - заяўляе Станіслаў Багданкевіч.
Нагадаем, кандыдат у прэзідэнты ад АГП Яраслаў Раманчук 20 снежня перад тэлекамерамі дзяржтэлебачання заявіў, што асуджае мірную акцыю пратэсту беларусаў, вінаватымі ў пачатку беспарадкаў лічыць дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты і выказвае падтрымку дзеянням улад. Па непацверджанай інфармацыі, у цяперашні час Раманчук знаходзіцца на адным з еўрапейскіх гарналыжных курортаў.