16 траўня 2024, Чацвер, 5:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт "Вызваленьне" зьвярнуўся да кіраўнікоў Расеі, Эўразьвязу і ЗША

63
Камітэт "Вызваленьне" зьвярнуўся да кіраўнікоў Расеі, Эўразьвязу і ЗША

Сваякі арыштаваных па крымінальнай справе за падзеі 19 сьнежня ў Менску стварылі грамадзкі камітэт "Вызваленьне".

Яны зьвярнуліся да кіраўніцтва Расеі, краін Эўразьвязу і ЗША з заклікам паспрыяць вызваленьню палітвязьняў.

З ініцыятывай аб'яднацца ў камітэт пад назвай "Вызваленьне" выступіла Вольга Бандарэнка, жонка зьняволенага Зьмітра Бандарэнкі, паведамляе Радыё Свабода. Галоўная мэта камітэту– паспрыяць найхутчэйшаму вызваленьню ўсіх тых, хто знаходзіцца ў СІЗА КДБ, і каго падазраюць у датычнасьці да масавых беспарадкаў у Менску, кажа спадарыня Вольга:

"Мы лічым, што мы павінны трымацца разам – сваякі ўсіх дваццаці чалавек, якія арыштаваныя. Мы лічым, што была відавочная правакацыя, калі штурмавалі будынак, і ўсе выстаўленыя абвінавачаньні – абсурдныя. Таму мы зьбіраемся змагацца за вызваленьне нашых родных".

У камітэт "Вызваленьне" ўвайшлі жонкі, бацькі і дзеці зьняволеных кандыдатаў на прэзыдэнта ды іх паплечнікаў. Яны ўжо накіравалі ліст кіраўніцтву Расеі, Эўразьвязу і ЗША з заклікам зрабіць усё магчымае для вызваленьня новых беларускіх палітвязьняў. Гаворыць Ала Ўладзімераўна, маці Андрэя Саньнікава:

"У мяне няма слоў, каб выказаць абурэньне: калі чалавек ідзе кандыдатам на прэзыдэнта, калі адчувае, што можа зрабіць зьмены, каб краіна квітнела, дык за гэта шлях у турму? За што? Гэта была мірная дэманстрацыя, і зрабіць такую правакацыю, а пасьля гэтак зьбіць – гэта ня вытрымаць. І самае галоўнае для нашай сям'і зараз, што мама і тата маленькага дзіцяці зараз у турме. Як можна было? Хоць бы маму выпусьцілі – гэта такая жорсткасьць! Калі ўлада жадае дабра людзям сваёй краіны, яна павінна паводзіцца прыстойна".

Злева направа: жонка Алеся Міхалевіча Мілана, жонка Зміцера Бандарэнкі Вольга, дачка Зміцера Бандарэнкі Юлія, жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар’я, маці Андрэя Саннікава Ала Ўладзіміраўна, бацька Ірыны Халіп Уладзімір Трафімавіч

Грамадзкі камітэт мае намер зьвярнуцца да Папы Рымскага, а таксама рыхтуе зварот у міжнародны Чырвоны крыж, каб гэтая арганізацыя паспрыяла мэдычнай дапамозе палітвязьням. Бо, як паведамляюць сваякі арыштаваных, праз адвакатаў яны ведаюць, што многія зьняволеныя маюць патрэбу ў мэдычнай дапамозе. Гаворыць Вольга, жонка Ўладзімера Някляева:

"Самае страшнае, што мірныя дэманстранты былі зьбітыя і кінутыя за краты КДБ. Уявіце: зьбітых людзей зьмясьцілі ў нечалавечыя ўмовы. Учора ў майго мужа здарыўся гіпэртанічны крыз. Ён сказаў адвакату, што яго там проста дабіваюць".

Заснавальнікі камітэту "Вызваленьне" зьвярнуліся таксама з заклікам да грамадзкасьці выступіць супраць гвалту, які адбываецца адносна ўсіх зьняволеных удзельнікаў акцыі пратэсту. Гаворыць Уладзімер Халіп, бацька зьняволенай Ірыны Халіп:

"Нашымі рукамі: нашай маўклівасьцю, нашай абыякавасьцю ўсё гэта зроблена. Сёньня яны ўваліліся да нас, а заўтра яны ўваляцца да вас. 19 сьнежня адбыліся ня выбары – 19 сьнежня здарыўся пераварот і абрынулася заканадаўства. На гэтых выбарах не перамог ніхто з кандыдатаў, а перамог спэцназ. Зразумейце – гэта не праблема нашых сем'яў, а праблема нашай краіны. І калі мы нічога ня зробім, будзем на ўсё глядзець моўчкі, то нас чакае такі змрок, які ня сьніўся нават у 30-я гады".

Пра падтрымку камітэту "Вызваленьне" заявілі прадстаўнікі грамадзкіх, палітычных і праваабарончых арганізацыі.

Мілана Міхалевіч (зправа) і Вольга Някляева (зьлева)

Жонка Віталя Рымашэўскага Наста з дачкой (зьлева) і жонка Алеся Міхалевіча Мілана з дачкой (зправа)

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках