30 красавiка 2024, aўторак, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стваральнікі «Тэорыі вялікага выбуху» абвінавацілі СТВ у плагіяце (Фота)

27

У беларускага тэлеканала СТВ могуць узнікнуць праблемы, звязаныя з выхадам у эфір серыяла «Тэарэтыкі», які цалкам капіюе амерыканскі арыгінал.

На серыял «Тэарэтыкі», які здымаецца беларусамі і выходзіць на канале СТВ, звярнулі ўвагу не толькі суайчыннікі, але і амерыканскія прадзюсары. Гісторыя пачынае развівацца ў міні-скандал, але як заявіў стваральнік арыгінала «тэарэтыкаў» Чак Лорэ, абараніць аўтарскія правы ў Беларусі немагчыма, бо тэлеканал падкантрольныя ўраду, паведамляе газета «Наша Ніва».

Напрыканцы мінулага года на беларускім тэлеканале СТВ стартаваў камедыйны серыял «Тэарэтыкі». Беларусы, якія ўжо паглядзелі амерыканскі серыял «Тэорыя вялікага выбуху» («The Big Bang Theory») адразу ж заўважылі падабенства паміж серыяламі. Між тым, прадзюсары беларускага праекту ані слова не сказалі пра тое, што набывалі правы на серыял у амерыканцаў. Мала таго, рэжысёр серыяла Сяргей Талыбаў у інтэрв’ю беларускім СМІ зазначаў, што серыял не здымаўся паводле «Тэорыі вялікага выбуху» і быццам бы з'яўляецца арыгінальным.

Амерыканскі варыянт стужкі распавядае пра чатырох супрацоўнікаў Каліфарнійскага інстытута тэхналогіі і іх сяброўку-афіцыянтку, якая марыць стаць акторкай. Хлопцы — фанаты «Зорных войнаў», коміксаў пра Чалавека-павука і вінтажных відэагульняў — геніі ад навукі, але бездапаможныя ў побыце. На працягу ўсяго серыялу развіваецца лінія ўзаемаадносінаў батаніка Леанарда і вясёлай афіцыянткі Пэнні. Беларускі серыял мае тых жа герояў (толькі з нашымі імёнамі) і беларускія рэаліі. Маладыя навукоўцы жывуць у інтэрнаце ў мястэчку, дзе рыхтуюцца запусціць чарговы блок атамнай электрастанцыі.

9 лютага газета «The New York Times» паведаміла, што Чак Лорэ, прадзюсар амерыканскага серыялу, у сваім блогу напісаў пра беларускіх «Тэарэтыкаў». Ён звярнуў увагу, што серыял цалкам скапіяваны з ягонага.

«Калі мы паведамілі пра гэта юрыдычнаму аддзелу «Warner Brosers», нам адказалі, што падаць у суд за парушэнне аўтарскіх правоў у Беларусі амаль немагчыма, бо тэлевізійная кампанія, якая выпускае гэтую копію, належыць і кіруецца ўрадам Беларусі», —напісаў Чак Лорэ.

Ён таксама пажартаваў, што паколькі іншага выйсця няма, беларусы, якія здымаюць «Тэарэтыкаў», можа быць, пачытаюць яго словы, адчуюць віну і дашлюць яму пару фетравых капелюшоў.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках