20 траўня 2024, панядзелак, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патрабаванне альтэрнатыўнай службы караецца законам

1

Каардынатару па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўгену Якавенку прад'явілі абвінавачванне ва ўхіленні ад прызыву.

Апазіцыянера абвінавацілі па ч. 1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Як паведаміў БелаПАН актывіст, 22 сакавіка ў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля яго дапыталі і прад'явілі абвінавачванне. Мерай стрымання абраная падпіска аб нявыездзе.

Допыт праводзіўся з дапамогай перакладчыка на беларускую мову. «Мне не далі напісаць і прыкласці да справы свае тлумачэнні. Гэтыя мае тлумачэнні, як я ўбачыў, нікому не патрэбныя. Не стаў мяне выслухоўваць і пракурор, а тлумачэнні па справе прапанаваў даслаць па пошце», - паведаміў Яўген Якавенка.

Аб узбуджэнні крымінальнай справы Якавенку паведамілі 19 сакавіка ў АУС Цэнтральнага раёна, куды грамадскага актывіста выклікалі па позве. Раней Якавенка прыцягваўся судом Савецкага раёна да адміністрацыйнай адказнасці за няяўку ў ваенкамат па позве - 11 лютага ён быў аштрафаваны на пяць базавых велічынь. Але 13 сакавіка Гомельскі абласны суд скасаваў дадзенае рашэнне райсуда.

Актывіст патрабуе размаўляць з ім і весці дзелавую перапіску на беларускай мове. Якавенка таксама патрабуе рэалізацыі яго канстытуцыйнага права на альтэрнатыўную службу. На судзе ён тлумачыў, што патрабаваў позву на беларускай мове, але не атрымаў яе нават на рускай. На разглядзе касацыйнай скаргі Якавенка патлумачыў, што ў адпаведнасці з законам аб мове ён як грамадзянін не абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі, а вось дзяржслужачыя - абавязаныя.

«Тым не менш фактычна мяне, простага грамадзяніна, абвінавачваюць у тым, што я не валодаю рускай мовай. І ў той жа час ніхто не прыцягвае да адказнасці суддзю Савецкага суда, якая адмовілася весці працэс на беларускай мове і запрасіла для гэтага перакладчыка. Хоць яна абавязана ведаць дзве дзяржаўныя мовы», - падкрэсліў прызыўнік. Паводле слоў Якавенкі, абласны суд звярнуў увагу, што яго судзілі па адміністрацыйным артыкуле «няяўка па позве», хоць позвы не было.

Адміністрацыйная справа накіравана на новы разгляд у суд Савецкага раёна, але ў іншым складзе суда.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках