6 траўня 2024, панядзелак, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў: «Беларусь гатовая да пераменаў»

104
Саннікаў: «Беларусь гатовая да пераменаў»

«У выніку мы выйдзем на моцны сцэнар, які прывядзе дэмакратычныя сілы да перамогі. Народ верне сабе права выбару», - упэўнены лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

У 2011 годзе ў Беларусі павінны адбыцца выбары прэзідэнта. З поглядамі Аляксандра Лукашэнкі, які неаднаразова заяўляў, што плануе выставіць сваю кандыдатуру, хутчэй за ўсё, можна будзе азнаёміцца не прыкладаючы да гэтага якіх-небудзь высілкаў. Пра змест перадвыбачай праграмы кіраўніка можна здагадацца. Акрамя таго, шэраговым беларусам ТБ пакажа, а радыё распавядзе.

Найбуйнейшы літоўскі партал DELFI.lt пагутарыў з адным з апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, які быў намеснікам міністра замежных справаў Беларусі, лідэрам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым.

- У 2011 годзе ў Беларусі пройдуць выбары прэзідэнта, размовы пра гэта ідуць ужо зараз. Як вы ацэньваеце цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі?

- Сістэма закасцянела, не дае ніякага выйсця ініцыятыве грамадзянаў ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльнай палітыцы, ні, безумоўна, у палітыцы. Тым больш, што крызісная сітуацыя ў свеце агаліла ўсе сур'ёзныя праблемы жорсткай сістэмы рэжыму Лукашэнкі.

Людзі знаходзяцца ў сітуацыі чакання, хаця прымешваецца досвед доўгага кіравання аднаго чалавека і кантролю над грамадствам. Тым не менш, свет змяняецца, і ў нашых суседзяў стасункі выбудоўваюцца зусім па-іншаму. Так што калі казаць коратка, дык Беларусь – на парозе пераменаў.

- Да чаго прывяла шматвектарнасць палітыкі цяперашняга беларускага прэзідэнта, і ці прывяла яна да чаго-небудзь наогул?

- Шматвектарнасць у нас была своеасаблівая. Яна ў асноўным акцэнтавалася на сяброўстве з краінамі-ізгоямі і аўтарытарнымі дыктатарскімі кіраўнікамі гэтых краінаў – гэта Паўночная Карэя, Венесуэла, Іран, Сірыя, Судан. Тут сяброўства было – не разлі вадой. Шматвектарнасць, якая дэкларавалася, проста не рэалізаваная. У Еўропе з'явіліся спробы нейкім чынам наладзіць стасункі, але нічога не атрымліваецца менавіта з-за жорсткасці гэтай сістэмы. Беларусь загразла ў незразумелых «саюзных» стасунках з Расеяй, якія насамрэч, прывялі да канфліктаў, і канфліктаў усё больш бязлітасных.

- Вы ў свой час прадстаўлялі Беларусь на міжнародных перамовах па раззбраенні. Як вы ставіцеся да таго, што час ад часу Беларусь згадваецца ў размовах пра гандаль зброяй?

- Гэта яшчэ адна шэрая зона, калі казаць ветліва, якая створаная беларускім дыктатарам. Беларусь не з'яўляецца ўдзельнікам шэрагу міжнародных дамоўных рэжымаў, якія перарываюць гэтыя непразрыстыя пагадненні, уводзяць забарону на пэўныя віды не толькі зброі, але і тавараў падвойнага прызначэння. Таму ёй карыстаюцца, і, безумоўна, будуць карыстацца і групоўкі, якія кантралююцца дзяржавай, і нават не кантралюцца дзяржавай. Для іх гэта вельмі прыбытковая справа.

Я лічу, што гэтаму павінен быць пакладзены канец, таму што за вялікімі грашыма стаяць вялікія праблемы, і, перш за ўсё, злачыннасць і пастаўкі зброі ў небяспечныя раёны, што прыводзіць да гібелі людзей.

- Якой вы бачыце ролю краінаў Балтыі, і ў першую чаргу Літвы, у знешняйпалітыцы, роўна як і эканамічнай палітыцы Беларусі?

- Літва – гэта дзяржава, з якой мы разам былі стагоддзямі. Безумоўна, роля Літвы – велізарная. Нам неабходнае вельмі добрае разуменне нашых праблемаў у Літве, і разуменне таго, што толькі дэмакратыя і эканамічныя рэформы могуць прывесці да нармальных стасункаў. Беларусь сярод краінаў еўрапейскага рэгіёна ўнікальная тым, што, на жаль, не мае выйсця да мора. Таму цеснае супрацоўніцтва і цесныя сувязі з Літвой, таксама як і з іншымі суседзямі вырашае, у тым ліку, і гэта пытанне.

Безумоўна, Літва – шмат у чым прыклад для Беларусі. Літва прайшла шлях еўрапеізацыі дастаткова хуткімі тэмпамі. Я б яшчэ згадаў бы і цікавы досвед рэформаў сельскай гаспадаркі ў Літве, што вельмі важна для Беларусі. І мы зацікаўленыя ў нармалізацыі стасункаў. Ды і з эканамічнага крызісу выходзіць лепш разам.

- Стасункі з Расеяй шмат у чым вызначаюць цяперашнюю эканамічную сітуацыю ў краіне. Якой вы бачыце будучыню гэтых стасункаў? Ваш погляд на праблему «саюзнай дзяржавы» РБ і РФ, такія рэчы як агульная СПА, Мытны саюз і ўдзел у АДКБ?

- Для нас вельмі важныя стасункі з Расеяй, і я бачу іх на вельмі трывалай, прадказальнай і празрыстай аснове. Сёння столькі напластаванняў, магу яшчэ раз паўтарыць, што дэклараванае сяброўства прыводзіць, наадварот, да канфліктаў. Што да адчувальных пытанняў, дык ў Канстытуцыі Беларусі запісаная мэта – нейтральны статус. З гэтага трэба і зыходзіць у такіх пытаннях, як удзел у ваенных блоках, гэта датычыць ў роўнай ступені і АДКБ, і НАТА.

Што такое АДКБ? Гэта арганізацыя, якая сёння разлічаная, увогуле, на працу ў Сярэдняй Азіі. Беларусь там апынулася толькі дзякуючы Лукашэнку і яго імкненню ўнесці мілітарысцкі кампанент у сваю палітыку.

Мытны саюз (МС) – гэта асобная гісторыя. А што будзе з СГА? Усе краіны, якія ўваходзяць у МС, дэкларавалі ўступленне у СГА. Нядаўна Расея зноў заявіла, што будзе ўступаць у Сусветную гандлёвую арганізацыю самастойна. Значыць, і Беларусь будзе таксама ісці ў СГА сама. Хаця рэгіянальны МС як зона свабоднага гандлю, але не толькі з Расеяй і Казахстанам, заслугоўвае ўвагі.

Што да агульнай сістэмы СПА, дык трэба зыходзіць з нейтральнага статусу. Я гляджу на ўсе ваенныя схемы з удзелам Беларусі з пункту гледжання еўрапейскай бяспекі, пра што зараз ідуць сур'ёзныя размовы. У тым ліку і пра стварэнне сумесных з Расеяй сістэмаў прадухілення ракетнага нападу. Я думаю, Беларусь магла б зрабіць вельмі важны ўнёсак менавіта ў такія перамовы. Я ўдзельнічаў у пачатку такіх перамоваў і лічу, што яны маюць перспектывы.

- Часопіс Newsweek назваў вас кандыдатам, на якога ставіць Крэмль у будучай прэзідэнцкай кампаніі. Што вы скажаце на гэта?

- Інфармацыя была для мяне нечаканай, але я лічу, што гэта сведчыць пра тое, што ў Расеі задумваюцца пра тое, куды прывяла аднабокая падтрымка Лукашэнкі.

Гэта паказчык таго, што стасункі паміж краінамі папросту сёння не задавальняюць ні Расею, ні Беларусь. Безумоўна, трэба разграбаць тое, што было наварочана пад рознага кшталту прыгожымі лозунгамі пра саюзную дзяржаву і «славянскае братэрства». Такія лозунгі выкарыстоўваліся не для карысці грамадзянаў Расеі і Беларусі, а для кароткачасовых прапагандысцкіх мэтаў.

Я ўжо казаў, што гатовы весці з Расеяй сур'ёзныя размовы па ўсіх пытаннях, якія іх цікавяць, але з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў. Расея вельмі важны для нас партнёр і не проста пастаўшчык энергіі. Гэта – цэнтр сілы, які павінен удзельнічаць у справах рэгіёна ў станоўчым сэнсе.

- Як павінны выбудоўвацца стасункі Беларусі з ЕЗ і НАТА?

- Задача новай Беларусі – у нармалізацыі стасункаў з усімі. Мы знаходзімся на скрыжаванні, але канфлікты і іх правакаванне нічога не дадуць, ні Беларусі, ні нашым суседзям. Нармалізацыя гэтых стасункаў, безумоўна, неабходная. Патэнцыял, які ўжо замацаваны ў дамовах ці пагадненнях з Расеяй, ЕЗ, АБСЕ, НАТА, іншымі еўрапейскімі арганізацыямі, велізарны. Ён не рэалізаваны з-за тупой палітыкі самаізаляцыі.

Нармалізацыя імгненна дасць выйсце на якасна новы ўзровень стасункаў з усімі вышэйзгаданымі краінамі, групамі краінаў і міжнароднымі арганізацыямі. Гэта прынясе Беларусі толькі карысць.

Маім прыярытэтам з'яўляецца ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Звяз у найкарацейшыя тэрміны. Бо сёння нашыя суседзі Польшча, Літва, Латвія, Эстонія ўжо ў Еўрапейскім Звязе, а Украіна імкнецца стаць яго часткай. Як еўрапейская краіна, Беларусь проста абавязаная быць у звязе еўрапейскіх дзяржаваў.

Уваходжанне Беларусі і Украіны ў ЕЗ стане залогам сапраўднага стратэгічнага партнёрства Еўрапейскага Звяза і Расеі.

- Гэта значыць, зараз стасункі з суседзямі цяжка ахарактарызаваць як нармальныя?

- Яны абсалютна ненармальныя ні па адным накірунку. У нас мацнее сяброўства з Венесуэлай і Іранам і, як нядаўна высветлілася, з В'етнамам. Чым менш людзі ведаюць пра нейкія краіны і сітуацыі ў гэтых краінах, тым лягчэй сябраваць дыктатарам.

- Быццам бы з Украінай наладжваюцца стасункі?

- Ва Украіне – легітымны прэзідэнт, як бы да яго не ставіліся. Ва Украіне – прэзідэнт, абраны народам, большасцю галасоў. У Беларусі – Лукашэнка, якога на Захадзе не прызнаюць легітымным прэзідэнтам. Местачковы бізнэс паміж краінамі можа ісці, але Украіне будзе складана поўнамаштабна развіваць стасункі з Беларуссю пры нелегітымным у вачах Захаду прэзідэнце.

- Як вы ацэньваеце расклад сілаў у апазіцыі? Некалькі кандыдатаў ад апазіцыі – у чым прычына адсутнасці адзінага?

- А ці патрэбны адзіны? Мы ведаем сітуацыю ў краінах, якія знаходзіліся на парозе пераменаў, як цяпер Беларусь, дзе было некалькі кандыдатаў, якія ў выніку складаліся на карысць наймацнейшага. Так было ў Сербіі, потым ва Украіне.

Схема штучнага выбару адзінага хаця і выглядае прыгожа, але паказала сваю неэфектыўнасць у Беларусі. Кампаніі «адзіных кандыдатаў» у 2001 і 2006 гг. не прывялі да вынікаў. Наадварот, пасля таго, як гэты адзіны кандыдат абвяшчаўся – дзейнасць чамусьці замірала. І замест мабілізацыі адбывалася дэмабілізацыя. Таму галоўнае – паказаць народу моцнага альтэрнатыўнага кандыдата.

- Чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта Беларусі?

- Я працаваў у кампаніях 2001 і 2006 гг., і ў нас былі шанцы, але на апошнім этапе адзіныя кандыдаты дэманстравалі слабасць і разгубленасць. Таму тыя людзі, якія працавалі са мной, мае калегі, мая каманда, я сам, не гатовыя сёння працаваць на кагосьці іншага. Велізарная праца, якая намі рабілася, не атрымлівала завяршэння з-за баязлівасці і непрафесіяналізму прызначаных лідэраў апазіцыі.

Маё рашэнне стаць кандыдатам у прэзідэнты – гэта спроба змяніць сцэнар ходу выбараў, прапанаваць іншую лінію паводзінаў і іншыя прынцыпы. Я не хачу быць добрым для ўсіх, я хачу выразна адстойваць заяўленыя прынцыпы і сам за гэта адказваць. Тым не менш, размовы пра каардынацыю дзеянняў вядуцца з усімі рэальнымі структурамі і дэмакратычнымі лідэрамі. Я ўпэўнены, што ў выніку мы выйдзем на моцны сцэнар, які прывядзе дэмакратычныя сілы да перамогі.

- Ці дасць цяперашняя дзяржаўная машына вам ці іншым апазіцыйным кандыдатам гэта зрабіць?

- Трэба разумець, што ў нас няма выбараў, галасы не лічацца. Дзяржаўная машына на гэта і працуе, каб фальсіфікаваць выбары. Сітуацыя не ўнікальная для дыктатарскіх краінаў. Але выбары даюць мабілізацыю і актывізацыю ўсяго грамадства, і ва ўмовах крызісу дзяржаўная машына нават коштам звышнапружання не зможа збіць гэту актывізацыю. Таму я разлічваю, што народ скажа сваё слова і зробіць свой выбар, не разлічваючы на тое, што хтосьці палічыць галасы, якія на нашых выбарах у людзей проста крадуць.

- Вашае стаўленне да будаўніцтва АЭС у Беларусі?

- Гэта пытанне для абмеркавання ў новай Беларусі. Пры Лукашэнку, хто б ні будаваў гэтую станцыю, гэта будзе небяспечна для нас і для навакольных краінаў. Мы ведаем, чым сканчаюцца ў Беларусі ўсе будоўлі стагоддзя. Як правіла, пасля такіх буйных будоўляў, якія абвяшчаюцца нацыянальнымі прыярытэтамі, распачынаюцца крымінальныя справы. Мы ведаем, як працуе будаўнічая прамысловасць, якая недалёка сышла ад савецкіх часоў. Умоўна кажучы, калі на будаўніцтва АЭС трэба два мяхі цэменту, дык добра, калі дойдзе адзін. Таму, пры Лукашэнку такіх пытанняў наогул нельга разглядаць.

- Як вы глядзіце на палітыку Еўропы ў дачыненні да Беларусі, яе трансфармацыю, якая ў пэўны момант адбылася?

- Нягледзячы на тое, што выніку абвешчанага пацяплення Еўропы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнка няма, я, тым не менш, аптыміст. Спадзяюся, што Еўропа цвяроза паглядзіць на тое, да чаго прывяла палітыка дыялогу і прыме меры, каб яе падкарэктаваць. Добра, што да нашай сітуацыі захоўваецца ўвага. Я чую цвярозыя галасы, што гэтую палітыку трэба змяняць, што Беларусь важная для еўрапейскага рэгіёна. Мы часам гэтага проста не адчуваем.

Я спадзяюся, што гэтая ўвага, за якую я ўдзячны, гэтыя спробы развязаць нейкія вузлы, будуць уплываць на палітыку Еўропы, і яна будзе змяняцца. Яна не будзе застылай. Без Еўропы Беларусі складана выжыць, але без Беларусі Еўропа не поўная.

- Захаванне правоў чалавека, смяротнае пакаранне - адны з галоўных прэтэнзіяў Захаду да Беларусі…

- Я з'яўляюся перакананым прыхільнікам адмены смяротнага пакарання. Ніхто, ніякі інстытут не мае права пазбаўляць чалавека жыцця. Што да правоў чалавека, дык, я, мае блізкія, сябры, калегі, увесь час церпім на сабе парушэнне правоў чалавека. І калі казаць пра павагу правоў чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, удзельнікамі якіх з'яўляецца Беларусь і нясе абавязальніцтвы, дык я скажу наступнае: проста яны будуць выконвацца. Але спачатку нам трэба вярнуць прынцып, які закладзены ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека: народ мае права выбіраць свой урад.

- Вашыя прагнозы ў сувязі з будучымі прэзідэнцкімі выбарамі?

- Гэта будзе дынамічны перыяд. Я чакаю значнай актыўнасці людзей. 16 гадоў кіравання Лукашэнкі, якія не прывялі ні да якіх адчувальных вынікаў для Беларусі, стамілі беларусаў. У людзей ёсць нявер'е, скептыцызм у дачыненні да таго, што яны самі могуць зрабіць, але падчас прэзідэнцкай кампаніі больш прывабнай будзе актыўная пазіцыя. Чакаю, што народ верне сабе права выбару.

- Ці гатовая Беларусь да пераменаў?

- Безумоўна.

Даведка:

Саннікаў Андрэй Алегавіч – лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Нарадзіўся ў 1954 г у Менску. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў (1977), Дыпламатычную акадэмію МЗС СССР у Маскве (1989). Мае дыпламатычны ранг Амбасадара. Валодае ангельскай, французскай і польскай мовамі.

Працаваў у Беларускім таварыстве сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, у Сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку.

З 1991 года – у Міністэрстве замежных справаў Беларусі.

Падчас працы ў МЗСе прадстаўляў Беларусь на перамовах па раззбраенні ў межах СНД і на міжнародных перамовах, узначальваў беларускія дэлегацыі на розных двухбаковых перамовах і міжнародных форумах. Адказваў за двухбаковыя сувязі з заходнімі краінамі, раззбраенне, палітычныя пытанні ў ААН. Узначальваў працу беларускай дэлегацыі ў камісіях па дамовах «Аб скарачэнні наземных узбраенняў», «Аб ракетах сярэдняй і меншай дальнасці», «Аб супрацьракетнай абароне».

У 1995-1996 гг. - намеснік Міністра замежных справаў РБ.

Напярэдадні рэферэндуму (лістапад 1996 г) сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць палітыкі А. Лукашэнкі.

З лістапада 1996 г – міжнародны каардынатар нефармальнай грамадскай ініцыятывы «Хартыя’97».

Сябра Нацыянальнага Выканаўчага Камітэта («ценявы» кабінет апазіцыі).

Рэктар Народнага Універсітэта пры Міжнародным грамадскім аб'яднанні «Беларуская перспектыва».

З лютага 2008 года – каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якая ставіць сваёй мэтай уступленне Беларусі ў ЕЗ.

Неаднаразова выступаў арганізатарам акцыяў пратэсту. За сваю палітычную і грамадскую дзейнасць цярпеў арышты і рэпрэсіі з боку ўладаў.

Лаўрэат міжнароднай прэміі за абарону правоў чалавека імя Бруна Крайскага.

Жанаты, мае двух сыноў.

Напісаць каментар 104

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках