16 траўня 2024, Чацвер, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер спамеру не таварыш

57

На гэтай вайне не бяруць палонных. Яна заканчваецца зменай улады.

У Беларусі фільм-расследаванне НТВ «Хросны бацька» (які выйшаў на канале ў мінулую нядзелю), вядома, не паказалі. У гэты час беларускім гледачам НТВ прапанавалі атрымаць асалоду ад мастацкага фільма з красамоўнай назвай «Пекла». Нічога дзіўнага ў гэтым, вядома, няма. Ужо калі з праграмы Першага канала «Пражэктарпэрысхілтан» беларускія цэнзары выразаюць жарты пра Лукашэнку, перш чым дапусціць чатырох жартаўнікоў на экраны, то бязглузда было б чакаць, што «Хроснага бацьку» беларусам пададуць на талерачцы ў прайм-тайм. Тым больш, што яшчэ ў мінулым годзе здымачную групу НТВ, якая працавала над расследаваннем, арыштавалі беларускія спецслужбы і выправадзілі ў Расею. Тым не менш, у нядзелю ўвечары фільм выйшаў у расейскі эфір.

Гэта спроба расследавання знікненняў і смерцяў палітычных апанентаў Лукашэнкі. Аўтары фільма наўпрост абвінавачваюць яго ў арганізацыі палітычных забойстваў. Зрэшты, гэта ўжо было зроблена і беларускімі журналістамі, і дакладчыкам ПАРЭ Хрыстасам Пургурыдэсам, чый даклад «Зніклыя без вестак у Беларусі» ў 2004 годзе ў Страсбургу проста «падарваў» аўдыторыю і быў ухвалены практычна аднагалосна (дарэчы, расейская дэлегацыя тады таксама прагаласавала за). Але ўвесь гэты час Масква старанна абыходзіла тэму зніклых. Таму такое расследаванне на расейскім экране - у любым выпадку сенсацыя.

Сенсацыйны дух узмацніўся дзякуючы голасу за кадрам, які ў першую ж хвіліну распавёў, што год таму беларускія спецслужбы забралі ў здымачнай групы ўсе касеты, але вось зусім нядаўна добрыя людзі змаглі дастаць іх з сейфаў КДБ і перадаць у Маскву. Усе ведаюць, што няма ў Беларусі такога «добрага чалавека», які змог бы з лёгкасцю ўвайсці ў КДБ, адкрыць сейф і забраць адтуль касеты. Гэта маглі зрабіць толькі самі кадэбэшнікі - больш няма каму. КДБ «злівае» Лукашэнку?

Чальцы дэлегацыі, якія суправаджалі Лукашэнку на саміце ў Астане, назвалі з'яўленне фільма «Хросны бацька» беспрэцэдэнтным ціскам на кіраўніка дзяржавы, чорным піярам і хлуснёй. А ў амбасадзе Беларусі ў Маскве і зусім назвалі фільм НТВ «злачынным».

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка напісаў ліст са скаргамі на Мядзведзева і Пуціна ў газету «Правда». Мабыць, гэтага кіраўніку Беларусі падалося недастаткова, і ў пятніцу ён разаслаў такія ж лісты 80 расейскім бізнесменам. Лукашэнка тлумачыць, што газавы канфлікт - «толькі частка той несяброўскай палітыкі, якая на працягу апошніх гадоў планамерна праводзіцца ў дачыненні да Беларусі. Дастаткова згадаць нядаўнія «малочныя», «мясныя», «цукровыя», «нафтавыя» і іншыя войны. Я ўжо не кажу пра тую мэтанакіраваную большасці расейскіх СМІ лінію, якая набыла характар сапраўднай інфармацыйнай агрэсіі».

На наступны дзень, у суботу (супадзенне?), Дзмітрый Мядзведзеў параіў Лукашэнку не займацца спамам. Той у адказ заявіў, што расейскаму калегу лепш не ў блогах сядзець, а кіраваць дзяржавай, і пазлараднічаў: «Яны груба фальсіфікуюць, фальшыва, непрафесійна рэжуць усе выступы і робяць з нас ідыётаў. І яны хацелі, каб я маўчаў? Але калі ён загаварыў, значыць, зачапіла. Дый слава Богу. Значыць, дайшоў мой сігнал пра тое, што адбывалася на самой справе. А значыць, рускі чалавек - ён наогул усё разумее, лішні раз пераканаўся з падачы прэзідэнта Беларусі, што адбылося ў беларуска-расейскіх адносінах».

А што да Мытнага саюза, то і тут Аляксандр Лукашэнка не шукаў лёгкіх шляхоў. Яго «парламент» афіцыйна сышоў у адпачынак увечары 30 чэрвеня, заявіўшы, што Мытны кодэкс разгледжаны не будзе. Усім сказалі «дзякуй» і разышліся, але акрэдытаваныя журналісты адчулі нядобрае: звычайна падчас закрыцця сесій гучыць гімн як сігнал да таго, што можна раз'яжджацца. А тут - без гімна, хутка развіталіся і выставілі журналістаў прэч. Аказалася, што потым дэпутаты сабраліся ўжо таемна, ноччу, і ратыфікавалі Мытны кодэкс, але нікому пра гэта не сказалі. І да суботы ўсе гадалі: дык што яны там рабілі ноччу? І толькі ў суботу Лукашэнка заявіў, што Менск ужо даўно ўсё ратыфікаваў, а Масква пра гэта нават не ведае.

Але ў Расеі, вядома, ведалі аб ратыфікацыі Мытнага кодэкса. І інфармацыйны ТБ-удар не быў звязаны са спробамі прымусіць Лукашэнку падпарадкавацца. На гэтай вайне не бяруць палонных. Яна заканчваецца зменай улады.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках