17 траўня 2024, Пятніца, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цяжкаатлета Арамнава звольнілі з унутраных войскаў

23

Алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў быў прапаршчыкам вайсковай часці 5448.

Пакуль пакаранне за трэці выпадак кіравання аўтамабіля ў стане алкагольнага ап'янення ўраджэнцу Барысава, алімпійскаму чэмпіёну Андрэю Арамнаву выглядае досыць мяккім. Барысаўскі вайсковы міжгарнізонны суд прысудзіў 22 верасня яго да пазбаўлення правоў на пяць гадоў і да выплаты штрафу ў памеры 300 базавых велічынь - 10 мільёнаў 500 тысяч.

Калі б суддзя вырашыў скарыстацца верхняй мяжой пакарання, прадстаўленай адпаведным артыкулам Крымінальнага Кодэкса, то цяжкаатлет мог атрымаць паўгода турмы ці два гады выпраўленчых работ. Але падняць руку на «нацыянальны набытак», мабыць, не рашыліся.

Калі, не дай Бог, Арамнаву прыйдзецца яшчэ раз уступіць у канфлікт з законам, то судзіць яго будзе ўжо не вайсковы суд. Як паведаміла газета «Камсамольская праўда ў Беларусі», у пачатку жніўня яго звольнілі з унутраных войскаў: алімпійскі чэмпіён быў прапаршчыкам вайсковай часці 5448.

«Ён быў звольнены за сістэматычнае невыкананне ўмоваў кантракту больш за два разы. Натуральна, што такое рашэнне было прынята пасля таго, як чэмпіёна 2 жніўня спынілі супрацоўнікі ДАІ ў стане алкагольнага ап'янення. Як можа такі чалавек служыць ва ўнутраных войсках?», - пракаментавалі ў прэс-службе ўнутраных войскаў МУС.

Служыў жа Андрэй Арамнаў, так бы мовіць, намінальна, але, трэба меркаваць, грашовае забеспячэнне ў адпаведнасці з кантрактам атрымліваў рэальнае. Цяпер не будзе. Дробязь, вядома, але непрыемна. Асабліва, калі яшчэ раз маладога чалавека пазбавяць прэзідэнцкай стыпендыі. Тады ўжо сапраўды прыйдзецца чэмпіёну хадзіць пешшу няголеным і нястрыжаным.

Самая вялікая непрыемнасць для знакамітага ўраджэнца Барысава ў тым, што пастаўлены пад сумненне яго ўдзел у Лонданскай алімпіядзе 2012 года. Праўда, не за п'янку, а за ўжыванне нейкай курыльнай сумесі, якая змяшчае сінтэтычны канабіноід.

Як паведамлялася раней, допінг-тэст, узяты ў Андрэя ў красавіку на менскім чэмпіянаце Еўропы, даў станоўчы вынік. Паводле папярэдняй інфармацыі, дысцыплінарная камісія міжнароднай федэрацыі дыскваліфікавала Андрэя Арамнава на шэсць месяцаў. Аднак яшчэ ў 2008-м МАК прыняў рашэнне забараніць атлетам, дыскваліфікаваным на тэрмін ад шасці месяцаў, удзельнічаць у Алімпіядзе, нагадвае «Электронны Барысаў».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках