Амбасадар Кубы: Беларусь пад пільнай увагай спецслужбаў ЗША
19- 19.10.2011, 10:36
Амбасадар Кубы ў Беларусі Альфрэда Ньевес Партуонда падчас прэс-канферэнцыі ў Менску 18 кастрычніка паведаміў, што Беларусь, як і Куба, знаходзяцца пад пільнай увагай спецслужбаў ЗША.
З 31 кастрычніка па 5 лістапада ў кубінскай Гаване пройдзе міжнародны кірмаш, у якім сярод іншых прымуць удзел і прадстаўнікі Беларусі.
«Кожны раз, калі нейкая лацінаамерыканская дэлегацыя наведвае Беларусь, гэта прыцягвае ўвагу. І тыя службы, якія мае імперыя янкі ў Беларусі і іншых краінах Еўропы, пачынаюць цікавіцца і задаваць пытанні аб тым, да якіх межаў можа развівацца супрацоўніцтва, напрыклад, Беларусі і Кубы, Беларусі і Венесуэлы», - цытуе дыпламата БелаПАН.
На будучым кірмашы ў Гаване плануюць прыняць удзел каля 100 дзеячаў у галіне прамысловасці, прадстаўнікоў фірмаў з 100 краін свету. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі змогуць абмеркаваць планы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на прафесійным узроўні.
«Большасць удзельнікаў кірмашу - дзеячы з Канады, Брытаніі, Іспаніі, Германіі, Кітая, Расеі. Для нас вялікі гонар, што ў ім будзе ўдзельнічаць і Беларусь», - падкрэсліў кубінскі амбасадар.
Тым часам, 16 красавіка 2012 года Беларусь і Куба адзначаць дваццатую гадавіну ўсталявання дыпламатычных адносінаў. У абедзвюх краінах да гэтай даты будуць прымеркаваныя святочныя мерапрыемствы.