20 траўня 2024, панядзелак, 23:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар: «Хвароба Зміцера Бандарэнкі - справа сур'ёзная»

18
Лекар: «Хвароба Зміцера Бандарэнкі - справа сур'ёзная»

Жонка палітвязня «амерыканкі» Зміцера Бандарэнкі Вольга занепакоеная станам здароўя мужа.

Аб неўралагічным захворванні Зміцера Бандарэнкі (дыскагенная радыкулапатыя з частковым парэзам нагі) і ягоных наступствах яна ведае не толькі як блізкі чалавек, але і як прафесійны спартовы трэнер, спецыяліст, які валодае ведамі пра фізіялогію чалавека.

Цяпер Вольга Бандарэнка дамагаецца, каб 5-я бальніца Менска, у якой год таму праходзіў лячэнне Зміцер, афіцыйна накіравала ў СІЗА КДБ ягоны клінічны дыягназ, вынікі аналізу МРТ і іншых даследаванняў.

У гутарцы з «Радыё Свабода» Вольга Бандарэнка назвала галоўныя, на ейны погляд, прычыны пагаршэння здароўя мужа:

«Прычыны: холад, стрэсавая сітуацыя і, зразумела, усе гэтыя рэчы, пра якія распавядаў Міхалевіч. Гэта расцяжкі, гэтае знаходжанне голымі ў халодным сырам памяшканні. Я не ведаю, для чаго іх прымушалі прысядаць. Можа, для таго, каб ім голым сагрэцца? Можа, гэта быў у іх такі гуманны акт?»

Год таму, у такі ж вясновы час, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка адчуў абвастрэнне сваіх старых праблем, звязаных з былой траўмай пазваночніка.

Моцныя болевыя прыступы ён пераносіў на нагах, купіруючы іх анальгетыкамі. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль ён аднойчы не ўпаў на падлогу. Вольга Бандарэнка ўзгадвае:

«На маіх вачах развіваліся ўсе гэтыя праявы. У мінулым годзе вясной ён хадзіў з жудаснымі болямі. І скончылася тым, што ён проста ўпаў у пакоі. Проста ўпаў на падлогу. Спачатку ад болю. Мы тады выклікалі хуткую. Потым ён проста не змог хадзіць. Падаў, таму што не рухалася ступня. Нага не слухалася, былі заціснуты нервовыя канчаткі».

«Ідзе зрушэнне ў бок хрыбетнага канала, а таму болі невыносныя»

Зміцера Бандарэнку тады шпіталявалі ў 5-ю клінічную бальніцу Менска, там ён і прайшоў курс адпаведнага лячэння. Выпісваючы, лекары настойліва рэкамендавалі і далей назірацца ў неўролага, а пры болевых сіндромах, узмацненні кульгавасці і праблемах з органамі малога таза звяртацца да спецыялістаў-нейрахірургіаў. Варыянт хірургічнага лячэння ў сувязі са зрушэннем дыска не выключаўся.

Менскі клініцыст, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр на падставе знаёмства з выпіскай з гісторыі хваробы Зміцера Бандарэнкі зрабіў наступную выснову:

«Так. Уся гэтая карціна звязаная з грыжай, якая перамяшчаецца далей у пазваночны канал, пераціскае там зусім карэньчыкі, і тады сапраўды парушаецца функцыя органаў малога таза, маю на ўвазе мачавыпусканне, дэфекацыю. І тут могуць адняцца ногі, можа быць парушаная іхняя адчувальнасць. Тое, што ў яго парэз, парушэнне адчувальнасці, гэта сведчыць пра нешта сур'ёзнае. Тут трэба глядзець МРТ, наколькі зрушыўся там гэты дыск. Хутчэй за ўсё, там зрушэнне ў бок хрыбетнага канала, канал у выніку можа быць перакрыты, а ўсе гэтыя карэньчыкі ў спіна-мазгавой вадкасці могуць звісаць. Вядома, болі невыносныя. Тут самае галоўнае - трэба некалькі дзён ляжаць. Прычым у цяпле. Калі ўставаць, то толькі ў прыбіральню або паесці. А так трэба нейрахірургічна ўсё вырашаць».

«У выпадку інваліднасці ні хворы, ні ягоныя сваякі ніколі не дакажуць, што гэта звязана з затрымкай аказання яму належнай медыцынскай дапамогі»

Як кажа Вольга Бандарэнка, працяглыя і моцныя болі, аб якіх паведамляе ў сваіх лістах з СІЗА ейны муж, звязаныя таксама і з абвастрэннем іншых хвароб - падагры, язвы страўніка. Напрыклад, пры падагры пальцы ног пачынаюць распухаць і балець настолькі, што чалавек не можа не толькі хадзіць, але і спаць. Без болесуцяшальных прэпаратаў пачынаеш літаральна лезці на сцяну:

«Тыя таблеткі, якія я яму перадаю, ён атрымлівае, таксама ўколы болесуцяшальныя. Але яго асноўнае захворванне палохае мяне больш. Бо тут яшчэ ёсць і праблемы з органамі малога таза. Зразумела, у ізалятары не змогуць яго лячыць. Тут два варыянты. Ці аперацыя, або, калі ёсць шанец на кансерватыўную тэрапію - гэта блакады. У любым выпадку тут магчымае толькі стацыянарнае лячэнне. Заключэнні, якія яны патрабавалі, я перадала разам з адвакаткай ў медсанчастку. Адвакатка пры мне спытала адносна часу адказу. На што ёй сказалі: на працягу месяца. Хаця такія тэрміны дзейнічаюць у дачыненні да прыватных персон, сваякоў, а з адвакатам павінна быць усё значна хутчэй. Аднак ёй сказалі - усё роўна месяц. Прычым ёй не далі ніякіх тэлефонаў. Ні з медсанчасткай адвакатка не можа звязацца, ні з канцылярыяй».

Па словах лекара Аляксандра, самае сумнае і трагічнае ў гэтай сітуацыі, што ў выпадку інваліднасці ні хворы, ні ягоныя сваякі ніколі не дакажуць, што гэта звязана з затрымкай аказання яму належнай медыцынскай дапамогі:

«Гэта не апендыцыт, не перытаніт, не пнеўматаракс, якія патрабуюць неадкладнага хірургічнага ўмяшання па жыццёвых паказаннях. А што такое неўралагічныя хваробы з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў? Нічога. Колькі людзей, асабліва на вёсцы, якія кульгаюць, маюць праблемы з хрыбетнікам і г.д.?»

Медык са шкадаваннем сведчыць аб тым, што заявы Міхалевіча аб катаваннях зняволеных праз тую ж расцяжку, якая ў адзін сеанс можа вывесці з ладу суставы і хрыбетнік чалавека, засталіся для многіх медыкаў або не пачутымі, ці не ўспрынятымі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках