17 траўня 2024, Пятніца, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 праколаў Лукашэнкі (Відэа)

82

Цяжкія часы для беларусаў і ў эканамічных, і ў палітычным адносінах працягваюцца. А, як вядома, смех - лепшае лекаванне.

«Салідарнасць» склала відэа-падборку недарэчных сітуацый, у якія трапляў кіраўнік Беларусі.

Магчыма, самае вядомае відэа з Аляксандрам Лукашэнкам - ягоная ігра на баяне. Меркавана, з'явілася яно з сюжэту расейскага тэлебачання, знятага перад прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. Пасля лазні, перад тым як выканаць «Усходнюю песню» з рэпертуару Валера Абадзінскага кіраўнік Беларусі прызнаўся журналісту, што рукі ў яго «драўляныя». Вакальныя дадзеныя, скажам шчыра, таксама далёкія ад дасканаласці.

На «Славянскім базары-2007» кіраўнік Беларусі ўразіў усіх тым, што станчыў з зоркай трэш-гламура Веркай Сярдзючкай. З жарцікамі «А дзе ваш баян, Аляксандр Рыгоравіч?» і «Давайце з вамі на мабільнік сфатаграфуемся?» артыст лёгка падняў з месца кіраўніка Беларусі, пісаў «Московский комсамолец». Пасля танца Аляксандр Лукашэнка пацалаваў Андрэя Данілку ў шчочку. Шоў з тэлетрансляцыі на канале «Россия» выразалі.

«Не ўсё толькі дрэннае было звязана ў Германіі з вядомым Адольфам Гітлерам»,-класічнае выказванне, якое, верагодна, належыць Аляксандру Лукашэнку і якое каштавала яму ў вачох некаторых страты аўтарытэту. Лічыцца, што гэтую заяву ён зрабіў, даючы інтэрв'ю нямецкаму журналісту ў 1995 годзе.

Эксперты лічаць, што крыштальнай марай Аляксандра Лукашэнкі ў 90-я гады было абранне прэзідэнтам Расеі. Так гэта ці не так, але праз шмат гадоў ён трапіў у няёмкую сітуацыю, калі заявіў: «Я, як першы прэзідэнт Расеі...»

Падчас паездкі ў Лацінскую Амерыку ў 2010 годзе Аляксандр Лукашэнка на пляжы ў Венесуэле даў інтэрв'ю, як ён выказаўся, «голым». Журналіст аргентынскай газеты «Diario La Nacion», напэўна, быў шакаваны, калі ўбачыў кіраўніка дзяржавы ў майтках. Многіх асабліва павесяліла, што майткі на Лукашэнку былі колераў дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга.

Словы Аляксандра Лукашэнкі, гісторыка па адукацыі, на Усебеларускім народным сходзе ў 2006 годзе пра Скарыну, які жыў у Піцеры, даўно сталі крылатымі. Не палянуемся працытаваць іх яшчэ раз: «Чаго мы саромеемся? Скарына быў не толькі беларус, ён жыў і ў Піцеры, і тварыў там, расейцы з гонарам кажуць аб ім».

Не менш крылатым стала выказванне Лукашэнкі аб тым, што ён вырас на вершах Быкава. Падчас ток-шок на НТВ кіраўніка Беларусі папракнулі: як можна было адштурхнуць ад сябе такіх пісьменнікаў як Васіль Быкаў?

- Васіль Быкаў... сапраўды, я на ягоных вершах, творах вучыўся, - пачаў тлумачыць Лукашэнка.

- Аляксандр Рыгоравіч, ён піша прозу...

- І вершы таксама... Ну вы мне раскажыце пра Васіля Быкава, якога я ў школе вучыў і нядрэнна вучыў! - абурыўся кіраўнік Беларусі.

На відэа ўзгаданы момант пачынаецца на адзнацы 04.00.

Прызнанні ў парушэннях закона ад Лукашэнкі многія чакалі яшчэ з 1996 года, але заява пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га ўсё ж была нечаканай. На прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік Беларусі ашаламіў украінскіх журналістаў словамі «апошнія выбары мы сфальсіфікавалі», пасля чаго энергічна замахаў галавой.

На тым жа Усебеларускім народным сходзе ў 2006 годзе Аляксандр Лукашэнка з высокай трыбуны параіў кіраўнікам лёгкай прамысловасці... красці. «Хто, Сяргей Сяргеевіч, перашкаджае нашым вялікім кіраўнікам канцэрнаў, прабачце мяне, скрасці гэтыя лякалы за мяжой?», - Без усялякага сораму падаў ідэю Сідорскаму кіраўнік Беларусі. Прэм'ер-міністру заставалася толькі збянтэжана ўсміхацца. Засаромелася нават газета «Советская Белоруссия»: у справаздачы з Усебеларускага народнага сходу слова «красці» яна замяніла на «купіць».

А ўжо ў гэтым годзе Аляксандр Лукашэнка заклікаў парушаць закон радавых беларусаў. Нечаканую параду ён даў на нарадзе 27 мая.

- Кажуць, час адпачынкаў, у Егіпет захацелася. Пазычце альбо купіце на чорным рынку. Навошта вы звяртаецеся да мяне за валютай, каб паехаць у Егіпет? Гэта вышэй за дах, вышэй за нахабства, - заявіў кіраўнік Беларусі. Ці будуць беларусаў вызваляць ад адказнасці за незаконныя валютна-абменныя аперацыі Аляксандр Лукашэнка удакладняць не стаў.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках