Пад Гомелем даішнікі адкрылі стральбу па п'янаму «зуху»
7- 1.10.2012, 10:43
Чарговы пераслед аўтамабіля, кіроўца якога не падпарадкаваўся патрабаванням аб прыпыненні, вёўся на трасе Менск - Гомель у мінулую пятніцу.
Сёння сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці: апынулася, што кіроўца ВАЗа быў п'яны, у гэтай машыне знаходзіліся трое пасажыраў. Каб спыніць машыну, давялося страляць па колах, паведамляе прэс-служба ДАІ Гомельскай вобласці, піша onliner.by.
- У 13:00 ад участковага паступіла інфармацыя аб тым, што ў вёсцы Паболава (Рагачоўскі раён) 24-гадовы мясцовы жыхар ў стане алкагольнага ап'янення кіруе аўтамабілем ВАЗ, - удакладнілі ў ДАІ. - Атрымаўшы інфармацыю, экіпаж ДАІ на службовым аўтамабілі выехаў туды. Праз некаторы час машына была заўважаная каля крамы ў вёсцы Востраў таго ж раёна. Інспектары ўключылі пробліскавыя маячкі і паспрабавалі спыніць ВАЗ, але кіроўца рэзка павялічыў хуткасць і пачаў хавацца.
Пачаўся пераслед. Паводле інфармацыі ДАІ, на службовай машыне былі ўключаныя пробліскавыя маячкі і гукавая сігналізацыя, перыядычна праз гучнагаварыцель кіроўцы прасілі спыніцца, але той ігнараваў усе заклікі і на вялікай хуткасці выехаў на трасу Менск - Гомель. Аўтамабіль рухаўся ў бок Бабруйска.
- Заехаўшы ў вёску Туркі, ВАЗ праехаў на ферму, дзе развярнуўся і зноў выехаў на дарогу Менск - Гомель, - дапоўнілі ў прэс-службе. - Там ён пачаў рух у бок Гомеля, сваімі дзеяннямі ствараючы рэальную пагрозу іншым удзельнікам руху. Супрацоўнікамі ДАІ было прынята рашэнне аб выкарыстанні табельнай зброі ў раёне 182-га км дарогі. Праз гучнагаварыцель папярэдзіўшы кіроўцу аб выкарыстанні зброі, інспектар ДПС з табельнага пісталета вырабіў адзін папераджальны стрэл у паветра, пасля чаго двойчы стрэліў у задняе левае кола ВАЗа. Пасля гэтага кіроўца на закругленні дарогі направа не справіўся з кіраваннем і з'ехаў у правы па ходу руху кювет.
Як пазней высветлілася, акрамя кіроўцы, у аўтамабілі знаходзіліся яшчэ тры пасажыры. Яны не пацярпелі і нават аказалі супраціўленне супрацоўнікам міліцыі. Іх даставілі ў РАУС для разгляду. У дачыненні да вадзіцеля былі складзеныя адміністрацыйныя матэрыялы за невыкананне патрабаванняў аб прыпыненні і п'янае кіраванне. За аказанне супраціўлення супрацоўнікамі органаў унутраных спраў распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».