7 траўня 2024, aўторак, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да візіту патрыярха Кірыла ў Менску перайменавалі храм

37
Да візіту патрыярха Кірыла ў Менску перайменавалі храм

Раптоўнасць візіту ў Менск патрыярха Кірыла, мабыць, стала прычынай таго, што мала хто заўважыў, што да гэтага візіту быў перайменаваны храм.

Раней ён называўся «Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай». Па крайняй меры, калі патрыярх Кірыл тры гады назад прыязджаў у Менск, храм называўся менавіта так. Тады прэс-служба Беларускага экзархата нават распаўсюдзіла спецыяльную гістарычную даведку аб царкве, якая будуецца, піша «Народная воля».

«Усіхсвяцкі прыход Беларускай сталіцы ажыццяўляе будаўніцтва Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай па вуліцы Каліноўскага ў Менску - асноўнага прыхадскога храма. Храм стане галоўным духоўным агульнанацыянальным мемарыялам у памяць аб 10 мільёнах грамадзян Беларусі і каля 4 мільёнаў беларусаў і выхадцаў з Беларусі, якія былі раскіданыя па ўсім свеце рэвалюцыямі, войнамі, прымусовым перасяленнем і рэпрэсіямі, якія пакінулі родныя мясціны ў пошуках лепшай долі. У храме-помніку будуць кожны дзень здзяйсняцца паніхіды па бязвінна забітых суграмадзянах, якія гучаць як заклік да прымірэння ў нашай Айчыне і па ўсім абліччы зямлі...

У крыпце (ніжняй алтарнай частцы храма) будзе сабрана зямля з палёў усіх вялікіх гістарычных бітваў у абарону Айчыны, а таксама з месцаў пахаванняў мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі ваенных кампаній і рэпрэсій.

У храме-помніку будзе архіў, дзе будуць назапашвацца звесткі аб усіх месцах, дзе лілася кроў беларусаў; аб усіх бітвах, пагромах, расстрэлах... Спісамі забітых будзе падпяразаны ўвесь храм. І калі пералік імёнаў не змесціцца на адной таблічцы - то на ёй будзе пазначаны час і месца гэтага здарэння, а ў храмавай бібліятэцы будзе захоўвацца папка з усёй інфармацыяй, якую ўдалося сабраць у сувязі з гэтай падзеяй... Храм-помнік з'яўляецца кнігай народнай памяці, і паўната запісаў будзе залежаць ад людзей».

І вось прайшло тры гады. У саборы, настаяцелем якога з'яўляецца блізкі да Аляксандра Лукашэнкі святар Фёдар Поўны, не толькі не служаць малебны аб беларусах, расстраляных у Курапатах і Катыні, але і назва храма, як высвятляецца стала іншай. Тая жа прэс-служба, тое ж паведамленне пра візіт патрыярха па ранейшым адрасе: «У 12 гадзін 10 хвілін Яго Святасць прыбыў у прыход храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі...»

Хто і калі пераназваў храм, які будавалі ўсім светам, невядома. Зразумела, што цяперашнія беларускія ўлады «нявінна забітых» і ведаць не хочуць, і шанаваць не жадаюць. Але царква?!

У спешным перайменаванні яго аўтары нават не ўбачылі абсурду новай назвы. Толькі ўдумайцеся ў цынізм фразы: «У памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі...»

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках