20 траўня 2024, панядзелак, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замкнёнае кола хлусні

37
Замкнёнае кола хлусні

Беларускія жанчыны патрабуюць разглядаў па сфальсіфікаваных судовых справах.

«Я змагаюся 11 гадоў. Выходзіла на акцыі пратэсту, мяне арыштоўвалі. У 2007 годзе была арганізавана «Грамадзянская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах, пракуратурах», і цяпер мы шосты год ходзім па ўсіх інстанцыях. Нас каля 50 чалавек, пастаянна прыходзяць новыя», - распавяла сайту charter97.org сябра ініцыятыўнай групы Любоў Санкевіч.

Па словах жанчыны, Уладзімір Макей падмануў іх ініцыятыўную групу. «У снежні 2010 года мы дамагліся сустрэчы з Уладзімірам Макеем, тагачасным кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі. Ён паабяцаў, што будзе створана камісія па праверцы нашых спраў на чале з яго намеснікам Міцкевічам. Але мы не бачылі гэтай камісіі і з намі ніхто не сустракаўся. Пасля гэтага мы зноў дамагліся сустрэчы з Макеем. Ён быў «абураны» тым, што яго намеснік Міцкевіч, які павінен быў узначальваць камісію па нашых справах, яго падмануў. І разабрацца з гэтай хлуснёй Макей даручыў... самому Міцкевічу. Атрымалася замкнёнае кола хлусні».

Пацярпелыя ад самавольства чыноўнікаў пісалі Лукашэнке 38 зваротаў, але на ўсе іх атрымалі адпіскі. «Мы пісалі 38 зваротаў да Лукашэнкі, але кожны раз атрымлівалі адпіскі начальніка па зваротах грамадзян Станіслава Буко. Такое адчуванне, што ў нас кіраўнік не Лукашэнка, а Буко. А потым Буко наогул спыніў з намі перапіску».

Чыноўнікі запалохваюць абураных беззаконнем грамадзян, адзначыла Любоў Санкевіч. «16 жніўня 2012 года сябры нашай ініцыятыўнай групы былі ў адміністрацыі Лукашэнкі і чакалі сустрэчы з начальнікам па зваротах грамадзян Ламаносавым. Пасля гэтай сустрэчы з адміністрацыі па месцы жыхарства нашых людзей прыйшлі пасквілі, што яны нібыта лаяліся і абражалі чыноўнікаў. Яны даслалі гэтыя пасквілі ў РУУС, каб нас запалохаць.

Цяпер нас нават не пускаюць на парог адміністрацыі Лукашэнкі. Кажуць, нам забаронена там з'яўляцца. Хоць раней мы спакойна туды заходзілі».

Барыс Батура - злодзей, які абараняе іншых злодзеяў, заявіла жанчына. «У мяне ёсць доказы, што старшыня Менскага аблвыканкама Барыс Батура, абараняючы злодзея, дырэктара завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Уладзіміра Валадковіча, атрымаў узнагароду, а злодзей атрымаў павышэнне. Дырэктар Валадковіч у сабекошт прадукцыі завода ўносіў выдаткі асабістага характару. А менавіта - кошт куплі кватэр, гаражоў, аплаты еўрарамонту і гэтак далей».

За спробу прыцягнуць чыноўнікаў да адказнасці Любоў Санкевіч звольнілі з заводу. «Я пісала ўсюды - а рэакцыі ніякай. Калі я звярнулася ў КДК, на завод прыйшла праверка. Па яе выніках мяне звольнілі. Мой стаж працы бухгалтарам быў ужо больш за 25 гадоў, на БЗТДіА 10 гадоў пры штатным раскладзе 4-ры чалавека працавала адна. Складала сабекошт усяго завода і ўсе 10 гадоў да маіх справаздач прэтэнзій не было».

Непажаданы ўладзе генпракурор дапамагаў ініцыятыўнай групе, падкрэсліла Любоў Санкевіч.

«Калі прыйшоў генпракурор Рыгор Васілевіч, нашы справы пачалі разглядаць. На маю справу вынесены два пратэсты, а ўсяго па справах сяброў нашай ініцыятывы - больш за трыццаць пратэстаў. Але, відаць, уладам не патрэбны быў такі пракурор і яго знялі з пасады».

Лукашэнка злодзеяў не чапае, перакананая жанчына. «Лукашэнка заўсёды казаў, што ўсюды чуе піск народа, а мы ўжо не пішчым, мы крычым на ўвесь свет! 11 гадоў крычу. Надакучыла».

Любоў Санкевіч агучвае патрабаванні «Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах, пракуратурах»: «Мы хочам, каб улады пачулі наш крык душы і выццё сэрцаў маці, дзеці якіх сядзяць у турмах па сфальсіфікаваных справах.

Мы хочам, каб спынілася гэта хлусня. Мы хочам атрымаць адказы на свае пытанні, а не адпіскі. Няўжо ў нас настолькі тупыя кіраўнікі, што не ведаюць, што нам адказаць?

Нашы пытанні - парушэнне праў чалавека ў Беларусі. Парушэнне нашых канстытуцыйных праў, такіх як права на справядлівы суд. Яго няма, у нас аднабокія суды, і працуе толькі «тэлефоннае» права, а не закон. Як патэлефануюць зверху - такі прысуд і дадуць.

Мы патрабуем, каб улады прынялі на разгляд нашы доказы. Каб пачаліся разгляды па нашых справах. Доказы на руках у людзей. Але чыноўнікі пракуратуры, судоў і адміністрацыі Лукашэнкі не жадаюць нічога чуць».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках