1 траўня 2024, Серада, 17:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі «чорны» рыэлтар - дзяржава

18

Некалькі сем'яў з менскай вуліцы Рэвалюцыйнай працягваюць змагацца за сваё права жыць ва ўласнай кватэры ў цэнтры горада.

Аднак, падобна, уладам у чарговы раз пляваць на правы і на прыватную ўласнасць, калі гаворка заходзіць пра вялікія грошы і зямлю ў цэнтры горада.

Як нагадвае onliner.by, адміністрацыя Цэнтральнага раёна пад падставай аварыйнага стану дамоў спрабуе выселіць людзей з гістарычнага цэнтра, каб затым адкрыць у іх кватэрах буцікі, гандлёвыя крамы, апарт-гатэль. Жыхары называюць сітуацыю перадзелам уласнасці пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу і запэўніваюць, што чыноўнікі дзейнічаюць метадамі «чорных» рыэлтараў.

Мясцовая ўлада раней устрымлівалася ад публічных каментароў, але сёння сваю пазіцыю ў інтэрв'ю газеце «Звязда» выказаў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну Алег Паскробка. Пазіцыю гэтую інакш як нахабнай і незаконнай не назавеш. Ён заяўляе, маўляў, калі людзі не могуць аплаціць са сваёй кішэні поўную рэканструкцыю дома ў гістарычным цэнтры, то павінны перасяляцца.

- Такая пазіцыя трохі ўласніцкая: маўляў, пакуль кватэра мая - я тут гаспадар і ёй распараджаюся. А калі ты кажаш, што ты заплаці мільярд рублёў, каб зрабіць рэканструкцыю дома, то адразу адказ: а я што, вінаваты, што ён разваліўся? Вы, маўляў, як-небудзь тут зрабіце рэканструкцыю, але мяне не высяляйце - я буду тут далей жыць. Гэта, я лічу, няправільна, - кажа Паскробка. - Калі я жыву ў кватэры ў цэнтры горада, але не магу ўтрымліваць гэтае жыллё (рабіць рамонт, плаціць падаткі на нерухомасць і т. д.), то трэба задумацца над пераездам у іншае месца. Таму што гэта цэнтр горада, тут павінна быць прыгожа і акуратна.

Паскробка ўдакладніў, што адміністрацыя раёна не проста высяляе людзей з кватэр, а прапануе ім годную кампенсацыю: альбо іншую кватэру, альбо грошы.

- Мы ж тут усе на ўтрыманні дзяржавы: толькі 28% плацім за жыллёва-камунальныя паслугі. І адлічэнні грамадзян на капітальны рамонт складаюць не больш за 35%. Астатняе - сродкі дзяржбюджэту. На жаль, людзі часам не ведаюць ці забываюць, што, акрамя праў, ёсць яшчэ і абавязкі, - дадаў кіраўнік раённай адміністрацыі.

Аднак жыхары дома № 24 Галіна і Аляксандр Каржанеўскія ўпэўненыя, што іх дом неабгрунтавана прызнаны аварыйным. Знешне будынак XIX стагоддзя выглядае вельмі нядрэнна, добра захаваўся ён і ўнутры.

Людзі, якія пражылі доўгія гады ў гэтых сценах, асцерагаюцца, што перадача будынка «Менскай спадчыне» прывядзе да яго знішчэння. Прыклады таму ўжо ёсць: знесены дамы № 17 і № 24а на вуліцы Рэвалюцыйнай - таксама помнікі архітэктуры XIX стагоддзя.

А тым часам сёння ў Менску пройдзе чарговы суд, на якім жыхары паспрабуюць абараніць свае правы.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках