Польшча пратэстуе супраць публікацыі фота катастрофы пад Смаленскам
7- 18.10.2012, 16:22
Пасля публікацыі ў інтэрнэце падрабязных фатаграфій авіякатастрофы пад Смаленскам расейскага амбасадара выклікалі ў МЗС Польшчы.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сераду заявіў, што ніхто не мае права абражаць пачуцці родных і блізкіх загінулых, а міністр юстыцыі Яраслаў Говін заявіў, што збіраецца як мага хутчэй абмеркаваць выпадак са сваім расейскім калегам.
Па дадзеных прадстаўніка Cледчага камітэта РФ Уладзіміра Маркіна, фатаграфіі ўзятыя не з матэрыялаў СК. Яны з'явіліся на расейскіх сайтах яшчэ ў верасні. Цяпер сайты заблакаваныя.
Палякі прасачылі за інтэрнэт-актыўнасцю блогера, які справакаваў міжнародны скандал, выклаўшы ў інтэрнэт фатаграфіі, і высветлілі, што шакавальныя здымкі апублікаваў нейкі Антон Сізых з Алтайскага краю РФ. Кадры для сваёй нашумелай публікацыі блогер узяў у галоўнага рэдактара выдання, якое выпускаецца для расейскай палітычнай эліты, паведамілі журналісты.
Супрацоўнікам Рolskie radio атрымалася ўдакладніць, што блогер - жыхар Барнаула. Гэтую падрабязнасць інтэрнэт-карыстальнік паведаміў пра сябе сам - ён не хаваецца і ўступае ў анлайн дыскусіі, адзначаюць палякі, якія называюць такія паводзіны «здзекамі».