4 траўня 2024, Субота, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кантракты БКК з Індыяй і Кітаем адкладзеныя

3
Кантракты БКК з Індыяй і Кітаем адкладзеныя

Заключэнне кантрактаў, якое планавалася на верасень-кастрычнік, адкладзенае на некалькі месяцаў.

Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Беларускай калійнай кампаніі Філіп Грыцкоў, перадае «Інтэрфакс».

«Мы чакаем заключэння кантракту з Індыяй да канца бягучага года, актыўная фаза перамоў пачнецца ў лістападзе. Кітайскі кантракт, хутчэй за ўсё, будзе заключаны ў канцы бягучага - пачатку наступнага года», - сказаў Грыцкоў.

Як паведамлялася, раней гендырэктар расейскага ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнер паведамляў, што БКК адклала падпісанне новых кантрактаў з Кітаем да кастрычніка ў сувязі з назапашваннем значных складскіх запасаў калійных угнаенняў.

Баўмгертнер таксама разлічваў, што кантракт з Індыяй будзе падпісаны ў канцы верасня - кастрычніку.

У сакавіку гэтага года БКК падпісала з найбуйнейшымі кітайскімі імпарцёрамі Sinochem і CNAMPGC кантракт на пастаўку хлоркалію на II квартал гэтага года па $470 за тону, што адпавядае ўзроўню II паўгоддзя 2011 года. Аб'ём паставак па кантрактах - 400 тыс. тон, таксама быў прадугледжаны апцыён на 100 тыс. тон хлоркалію.

Кантракт з Індыяй быў заключаны ў жніўні мінулага года да канца сакавіка 2012 года па $490 за тону. У сакавіку БКК разлічвала, што ў I-II кварталах гэтага года гэты кантракт будзе выкананы цалкам, а новы паўгадавы кантракт з Індыяй будзе заключаны ў ліпені-жніўні. Скарачэнне спажывання хлоркалію на рынку Індыі адбываецца з-за змены палітыкі субсідавання фермераў у краіне. Індыйская кампанія IPL у канцы мінулага года прыпыніла закупкі хлорыстага калію па кантракце і аднавіла іх толькі ў сакавіку бягучага года. Агульны аб'ём паставак БКК па кантракце ў адрас IPL складае каля 1,3 млн тон.

Гендырэктар «Уралкалія» адзначаў, што, хутчэй за ўсё, кошты з Кітаем захаваюцца на ўзроўні мінулых кантрактаў. Паводле яго слоў, чакаўся рост кантрактнага кошту пры новых пастаўках у Індыю.

Між тым, як перадае Bloomberg, кітайскія імпарцёры калійных угнаенняў разлічваюць на зніжэнне коштаў на хлоркалій у рамках новых кантрактаў да $350-400 за тону ў сувязі са зніжэннем попыту і назапашваннем запасаў.

Генеральны дырэктар БКК Валерый Іваноў паведамляў, што кампанія плануе ў 2013 годзе паставіць у Кітай 3,5 млн тон калійных угнаенняў, у Індыю - каля 2,5 млн тон. В.Іваноў таксама адзначаў, што 2012 год стаў няпростым у частцы экспарту. «Я думаю, што ў наступным годзе аб'ём рэалізацыі калійных угнаенняў узрасце. Мы ставім задачу дайсці да ўзроўню 2011 года, таму што ён быў рэкордным па продажу, але і, можа быць, нават прадаць больш, чым у 2011 годзе», - сказаў ён.

У 2011 годзе сумарны аб'ём экспарту хлоркалію БКК склаў 12,9 млн тон, валютная выручка - $5,3 млрд. У параўнанні з 2010 годам экспарт вырас на 15,2%, валютная выручка - прыкладна на $1 млрд, або ў 1,6 раза .

ЗАТ «БКК» з'яўляецца эксклюзіўным экспарцёрам калійных угнаенняў вытворчасці ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Уралкалій». Кампанія была заснавана на парытэтных умовах РУП ВА «Беларуськалій» і ААТ «Уралкалій» у снежні 2005 года. У цяперашні час акцыянерамі БКК з'яўляюцца ААТ «Беларуськалій» (45%), Беларуская чыгунка (5%) і ААТ «Уралкалій» (50%).

На долю БКК прыходзіцца 43% сусветнага экспарту хлоркалію

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках